У панядзелак стартаваў конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”. 22 і 23 верасня ва ўстановах адукацыі Мінска праходзілі конкурсныя ўрокі-загатоўкі. Сёння і заўтра ўдзельнікі праводзяць майстар-класы. Пра ход конкурсу і яго адметнасці гаварылі падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА Галіна Нікалаенка, рэктар БДПУ імя Максіма Танка старшыня журы суперфіналу конкурсу “Настаўнік года” Аляксандр Жук.
Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” аб’яўляецца Міністэрствам адукацыі і праводзіцца адзін раз на тры гады. Навукова-метадычнае і арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне заключнага этапу ажыццяўляе Акадэмія паслядыпломнай адукацыі.
“Сярод значных мерапрыемстваў сістэмы адукацыі конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” займае асаблівае месца. Ён прыцягвае ўвагу не толькі настаўніцтва, але і з прычыны спецыфікі адукацыі — шырокіх слаёў грамадства. Кожны конкурс дае магчымасць раскрыцца новым педагагічным талентам, абагульніць і трансліраваць новую педагагічную практыку. Ён накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, развіццё творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў па рэалізацыі зместу адукацыйных праграм асноўнай і спецыяльнай адукацыі, рост прафесійнага майстэрства, падтрымку эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, павышэнне прэстыжу педагагічнай працы і прызнанне ўкладу педработнікаў у развіццё сістэмы адукацыі”, — адзначыў Аляксандр Кадлубай.
Удзел у конкурсе могуць прымаць работнікі сферы адукацыі незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі і стажу працы. У конкурсе “Настаўнік года — 2020” на ўсіх яго этапах прынялі ўдзел больш за 10 тысяч чалавек. У заключным этапе конкурсу прымаюць удзел 56 педагогаў, з іх 15 мужчын (27%) і 41 жанчына (73%).
Вышэйшую адукацыю маюць 56 педагогаў (100%), сярэдні стаж педагагічнай дзейнасці — 16 гадоў. Найбольшы стаж працы (29 гадоў) у настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 168 Мінска Валянціны Драбышэўскай. Найменшы стаж працы (3 гады) мае настаўнік фізікі сярэдняй школы № 45 Мінска Максім Яўланаў.
Кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” маюць 4 канкурсанты: настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска Брэсцкай вобласці Тамара Оліхвер; намеснік дырэктара настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці Наталля Клімец; дырэктар настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскай вобласці Іна Мядзведская; настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Шчаглова.
Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 34 канкурсанты, першую — 17, другую катэгорыю — 1.
Сярэдні ўзрост удзельнікаў конкурсу складае 39 гадоў. Самы ўзроставы ўдзельнік (52 гады) — настаўнік працоўнага навучання (тэхнічнай працы) сярэдняй школы № 3 Нясвіжа Мінскай вобласці Канстанцін Камінскі. А самы малады (25 гадоў) — настаўнік фізікі сярэдняй школы № 45 Мінска Максім Яўланаў.
Другі раз у конкурсе на рэспубліканскім этапе ўдзельнічаюць 3 педагогі:
Наталля Шчаглова (у 2017 годзе стала лаўрэатам ІІ ступені); выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Слуцка Вікторыя Гяч (у 2014 годзе была ўдзельніцай конкурсу); настаўнік геаграфіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэй Трэй (у 2017 годзе быў удзельнікам конкурсу).
Фінальныя конкурсныя мерапрыемствы складаюцца з самапрадстаўлення ўдзельнікаў, урокаў-загатовак, майстар-класаў, псіхалагічнага і педагагічнага тэсціравання, урокаў у незнаёмых класах. Урокі праходзяць ва ўстановах адукацыі Мінска, майстар-класы — у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і філіяле Індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА.
Суперфінал конкурсу адбудзецца 30 верасня. У ім будуць змагацца 8 педагогаў — пераможцаў у сваіх намінацыях: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Замежная мова”, “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”, “Пачатковыя класы”, “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, “Хімія, біялогія”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.
Суперфіналістаў чакаюць 3 конкурсныя выпрабаванні: мiнi-ўрок на сцэне (яго тэма стане вядомая напярэдаднi), дзе ў ролi вучняў будуць выступаць калегi-фіналісты, публiчнае выступленне з прадстаўленнем уласнага погляду на сiстэму адукацыi i педагагiчная прэс-канферэнцыя, падчас якой канкурсанты будуць адказваць на пытаннi журы.
Пры ацэнцы фінальных і суперфінальных конкурсных заданняў улічваецца, як педагогі валодаюць сучаснымі адукацыйнымі тэндэнцыямі і інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, наколькі яны ведаюць дасягненні педагагічнай навукі і лепшыя практыкі, як выконваюць патрабаванні адукацыйных стандартаў, а таксама асобасныя якасці педагогаў — адукаванасць, агульная культура, эрудыцыя, уменне трымаць сябе перад аўдыторыяй.
Як адзначыў Аляксандр Жук, у падобных конкурсах вялікае значэнне мае работа журы, яго прафесіяналізм, кампетэнтнасць, аб’ектыўнасць і ў той жа час добразычлівасць. “Створана два журы. Адно — у прадметных намінацыях. Тут больш за 50 чалавек: 2 дактары навук, 15 кандыдатаў навук, 16 настаўнікаў-метадыстаў і 21 настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Сярод практыкаў — былыя ўдзельнікі, фіналісты і пераможцы папярэдніх конкурсаў. Для таго каб ацэнкі былі аб’ектыўнымі, мы распрацавалі сістэму крытэрыяў па агульных патрабаваннях. Яна празрыстая, знаёмая членам журы і ўсім фіналістам. Другое журы будзе ацэньваць суперфіналістаў”, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.
Намеснік міністра нагадаў, што падобныя конкурсы ў нашай краіне праводзяцца з 1991 года. Спачатку гэта былі рэспубліканскія этапы Усесаюзнага конкурсу. Знамянальна, што першым і адзіным настаўнікам года СССР стаў у 1991 годзе настаўнік фізікі сярэдняй школы № 49 Мінска Валерый Гербутаў. З 1992 года конкурсы педагагічнага майстэрства сталі рэспубліканскімі. Да 2014 года ў іх удзельнічаў 21 педагог — па 3 прадстаўнікі ад кожнага рэгіёна незалежна ад прадмета, які выкладаюць. Ацэнку прафмайстэрству настаўнікаў давала агульнае журы.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.