У полі зроку — агульная эрудыцыя і прадметная кампетэнтнасць

- 13:36Актуально, Апошнія запісы

У панядзелак стартаваў конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”. 22 і 23 верасня ва ўстановах адукацыі Мінска праходзілі конкурсныя ўрокі-загатоўкі. Сёння і заўтра ўдзельнікі праводзяць майстар-класы. Пра ход конкурсу і яго адметнасці гаварылі падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА Галіна Нікалаенка, рэктар БДПУ імя Максіма Танка старшыня журы суперфіналу конкурсу “Настаўнік года” Аляксандр Жук.

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Бе­ларусь” аб’яўляецца Міністэрствам адукацыі і праводзіцца адзін раз на тры гады. Навукова-метадычнае і арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне заключнага этапу ажыццяўляе Акадэмія паслядыпломнай адукацыі.

“Сярод значных мерапрыемстваў сіс­тэмы адукацыі конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” займае асаблівае месца. Ён прыцягвае ўвагу не толькі настаўніцтва, але і з прычыны спецыфікі адукацыі — шырокіх слаёў грамадства. Кожны конкурс дае магчымасць раскрыцца новым педагагічным талентам, абагульніць і трансліраваць новую педагагічную прак­тыку. Ён накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, развіццё творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў па рэалізацыі зместу адукацыйных праграм асноўнай і спецыяльнай адукацыі, рост прафесійнага майстэрства, падтрымку эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, павышэнне прэстыжу педагагічнай працы і прызнанне ўкладу педработнікаў у развіццё сістэмы адукацыі”, — адзначыў Аляксандр Кадлубай.

Удзел у конкурсе могуць прымаць работнікі сферы адукацыі незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі і стажу працы. У конкурсе “Настаўнік года — 2020” на ўсіх яго этапах прынялі ўдзел больш за 10 тысяч чалавек. У заключным этапе конкурсу прымаюць удзел 56 педагогаў, з іх 15 мужчын (27%) і 41 жанчына (73%).

Вышэйшую адукацыю маюць 56 педагогаў (100%), сярэдні стаж педагагічнай дзейнасці — 16 гадоў. Найбольшы стаж працы (29 гадоў) у настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 168 Мінска Валянціны Драбышэўскай. Найменшы стаж працы (3 гады) мае настаўнік фізікі сярэдняй школы № 45 Мінска Максім Яўланаў.

Кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” маюць 4 канкурсанты: настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска Брэсцкай вобласці Тамара Оліхвер; намеснік дырэктара настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці Наталля Клімец; дырэктар настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскай вобласці Іна Мядзведская; настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Шчаглова.

Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 34 канкурсанты, першую — 17, другую катэгорыю — 1.

Сярэдні ўзрост удзельнікаў конкурсу складае 39 гадоў. Самы ўзроставы ўдзель­нік (52 гады) — настаўнік працоўнага навучання (тэхнічнай працы) сярэдняй школы № 3 Нясвіжа Мінскай вобласці Канстанцін Камінскі. А самы малады (25 гадоў) — настаўнік фізікі сярэдняй школы № 45 Мінска Максім Яўланаў.

Другі раз у конкурсе на рэспубліканскім этапе ўдзельнічаюць 3 педагогі:

Наталля Шчаглова (у 2017 годзе стала лаўрэатам ІІ ступені); выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Слуцка Вікторыя Гяч (у 2014 го­дзе была ўдзельніцай конкурсу); настаўнік геа­графіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэй Трэй (у 2017 го­дзе быў удзельнікам конкурсу).

Фінальныя конкурсныя мерапрыемствы складаюцца з самапрадстаўлення ўдзельнікаў, урокаў-загатовак, майстар-класаў, псіхалагічнага і педагагічнага тэсціравання, урокаў у незнаёмых класах. Урокі праходзяць ва ўстановах адукацыі Мінска, майстар-класы — у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і філіяле Індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА.

Суперфінал конкурсу адбудзецца 30 верасня. У ім будуць змагацца 8 педагогаў — пераможцаў у сваіх намінацыях: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Замежная мова”, “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”, “Пачатковыя класы”, “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, “Хімія, біялогія”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

Суперфіналістаў чакаюць 3 конкурсныя выпрабаванні: мiнi-ўрок на сцэне (яго тэма стане вядомая напярэдаднi), дзе ў ролi вучняў будуць выступаць калегi-фіналісты, публiчнае выступленне з прадстаўленнем уласнага погляду на сiстэму адукацыi i педагагiчная прэс-канферэнцыя, падчас якой канкурсанты будуць адказваць на пытаннi журы.

Пры ацэнцы фінальных і суперфінальных конкурсных заданняў улічваецца, як педагогі валодаюць сучаснымі адукацыйнымі тэндэнцыямі і інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, наколькі яны ведаюць дасягненні педагагічнай навукі і лепшыя практыкі, як выконваюць патрабаванні адукацыйных стандартаў, а таксама асобасныя якасці педагогаў — адукаванасць, агульная культура, эрудыцыя, уменне трымаць сябе перад аўдыторыяй.

Як адзначыў Аляксандр Жук, у падобных конкурсах вялікае значэнне мае работа журы, яго прафесіяналізм, кампетэнт­насць, аб’ектыўнасць і ў той жа час добразычлі­васць. “Створана два журы. Адно — у прадметных намінацыях. Тут больш за 50 чалавек: 2 дактары навук, 15 кандыдатаў навук, 16 настаўнікаў-метадыстаў і 21 настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Сярод практыкаў — былыя ўдзельнікі, фіналісты і пераможцы папярэдніх конкурсаў. Для таго каб ацэнкі былі аб’ектыўнымі, мы распрацавалі сістэму крытэрыяў па агульных патрабаваннях. Яна празрыстая, знаёмая членам журы і ўсім фіналістам. Другое журы будзе ацэньваць суперфіналістаў”, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.

Намеснік міністра нагадаў, што падобныя конкурсы ў нашай краіне праводзяцца з 1991 года. Спачатку гэта былі рэспубліканскія этапы Усесаюзнага конкурсу. Знамянальна, што першым і адзіным настаўнікам года СССР стаў у 1991 годзе настаўнік фізікі сярэдняй школы № 49 Мінска Валерый Гербутаў. З 1992 года конкурсы педагагічнага майстэрства сталі рэспубліканскімі. Да 2014 года ў іх удзельнічаў 21 педагог — па 3 прадстаўнікі ад кожнага рэгіёна незалежна ад прадмета, які выкладаюць. Ацэнку прафмайстэрству настаўнікаў давала агульнае журы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.