Будатрады падводзяць вынікі

- 12:16Вышэйшая школа

Студэнцкія атрады інжынерна-будаўнічага і педагагічнага факультэтаў, факультэта мастацтваў і дызайну па выніках працоўнага лета — 2020 прызнаны лепшымі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Урачыстае закрыццё працоўнага семестра, на якім прысутнічалі лепшыя буд­атрадаўцы і кіраўніцтва ўніверсітэта, прадстаўнікі прад­прыемстваў і арганізацый, дзе працавалі студэнты, адбылося на плошчы ўніверсітэцкага сцяга.

— Гэтым летам дзейнічала 30 атрадаў, іх байцамі былі 500 студэнтаў, — расказала начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ Аксана Котава. — Нашы студэн­ты традыцыйна працавалі на ўзвядзен­ні Беларускай АЭС, на будоўлі Атлант-2020 у Мінску, у дзіцячых аздараўленчых лагерах, на ўніверсітэцкіх аб’ектах — рыхтавалі да навучальнага года інтэрнаты і вучэбныя карпусы. А многія студэнты, якія працавалі на ўзвядзенні новага ўніверсітэцкага інтэрната, там і атрымалі новую прапіску.

— Я быў камандзірам атрада і працаваў на рамонце інтэрната, дзе жыву, — гаворыць студэнт 3 курса факультэта мастацтваў і дызайну Уладзіслаў Карнееў. — Тое, што мы навучыліся тынкаваць, фарбаваць, выконваць іншыя будаўнічыя работы, будзе карысным у жыцці, гэта важны жыццёвы вопыт.

Задаволена працай студэн­таў і начальнік аздараўленчага лагера “Сузор’е”, што ў Гро­дзенскім раёне, Ала Кіўляк. Летам 75 студэнтаў ГрДУ на працягу трох змен працавалі тут выхавальнікамі.

— Тры чалавекі атрымалі запіс у працоўную кніжку — гэта падзяка за іх працу, — гаворыць Ала Вікенцьеўна. — Гэта першы запіс у іх працоўным дакуменце. Шэсць студэнтаў выказалі жаданне пасля першай змены працаваць і ў другой змене. Мне вельмі спадабаліся энтузіязм і актыўнасць студэнтаў, яны добра наладжвалі адносіны з дзецьмі і прыслухоўваліся да парад старэйшых калег. Бу­дзем чакаць студэнтаў і ў наступным годзе.

Падзякі за добрасумленную працу ад рэктарата ГрДУ імя Янкі Купалы і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі атрымалі лепшыя будатрадаўцы. Падзячныя лісты ўручылі таксама прадстаўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, дзе працавала летам моладзь. Сярод адзначаных была і Ала Вікенцьеўна Кіўляк.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.