Як у чарадзе насычаных тэатральных будняў знайсці час на выкладчыцкую дзейнасць, на што ў першую чаргу варта звяртаць увагу пры рабоце з юнымі тэатраламі, як стварыць паспяховы тэатральны праект — пра ўсё гэта і многае іншае пагаворым з актрысай тэатра і кіно, тэлевядучай, спявачкай, дацэнтам кафедры маўлення, вакалу і пластычных дысцыплін Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, ідэйнай натхняльніцай і кіраўніком “ТрыТфармаТу” і дзіцячай студыі “Пунцовыя ветразі” Верай ПАЛЯКОВАЙ-МАКЕЙ.
— Вера Аляксандраўна, хто з педагогаў паўплываў на ваша прафесійнае станаўленне і ў каго вы пераймалі педагагічнае майстэрства?
— Да 7 класа я вучылася ў мінскай сярэдняй школе № 66 з музычна-харавым аддзяленнем. І мая першая настаўніца Марына Браніславаўна, на жаль, прозвішча не памятаю, якая была першай настаўніцай і маёй мамы, прывіла моцную любоў да ведаў. Потым мы пераехалі ў Фрунзенскі раён, дзе я вучылася ў сярэдняй школе № 136 з тэатральным ухілам. Памятаю, калі мы з татам ішлі падаваць дакументы, то ў калідоры сустрэлі яго былога класнага кіраўніка і неверагоднага матэматыка Аркадзя Львовіча Ліўшыца, які забраў і мяне да сябе ў клас. Затым былі выдатныя педагогі ў музычнай школе, дзе я вучылася іграць на фартэпіяна.
Усё жыццё мне вельмі шанцуе на педагогаў, і некага вылучыць даволі складана. Так, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў кіраўніком нашага курса была прафесар Лідзія Аляксееўна Манакова, а ў аспірантуры — сённяшні першы прарэктар акадэміі Святлана Пятроўна Вінакурава, якая выкладала ў нас філасофію. Я да гэтага часу памятаю, якія гэта былі неверагодныя заняткі, хоць мне заўсёды здавалася, што філасофія — гэта вельмі сумны прадмет, але яна настолькі цікава і з гумарам выкладала яго, што ўсё станавілася зразумелым. Зусім нядаўна я атрымлівала трэцюю вышэйшую адукацыю на эканамічным факультэце Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Карацей, 89% маіх педагогаў — адметныя людзі, якія шмат чаму мяне навучылі. Наш тэатральны выкладчык Ілья Львовіч Курган заўсёды гаварыў: “Дзетачкі мае, нельга навучыць, можна толькі навучыцца”. Напэўна, таму, што я заўсёды прыходзіла вучыцца не дзеля, як зараз модна гаварыць, “корачак”, а за пэўнымі ведамі, мне заўсёды падабалася і падабаецца вучыцца. І калі я нешта новае спасцігаю, то заўсёды з вялікім хваляваннем стаўлюся да гэтага.
— Вы і самі шмат гадоў выкладаеце ў Акадэміі мастацтваў.
— Так, ужо 20 гадоў, зараз на пасадзе дацэнта кафедры сцэнічнага маўлення, вакалу і пластычных дысцыплін на тэатральным факультэце. Выкладаю сцэнічны рух, сцэнічны бой і фехтаванне. Заўсёды імкнуся перадаць студэнтам усе свае веды і навучыць іх таму, што ўмею. І мне вельмі хочацца, каб яны навучыліся. За гады выкладчыцкай дзейнасці навучылася даходліва, з энергіяй і настроем усё тлумачыць, бо гэта таксама вельмі важна. Я нават заўважаю: калі прыходжу на заняткі стомленай і млявай, то і заняткі праходзяць вяла, а калі ў мяне добры настрой, то мы паспяваем шмат зрабіць.
— Фехтаванне — даволі незвычайны занятак, як мне падаецца. А з чаго пачалося ваша захапленне ім?
— На самай справе я не збіралася займацца фехтаваннем прафесійна. Яно з’явілася ў маім жыцці, толькі калі прыйшла ў Акадэмію мастацтваў, але ў мяне неяк адразу склаліся выдатныя адносіны з фехтаваннем. Я ўвогуле люблю зброю. Па мамінай лініі цэлая дынастыя фехтавальшчыкаў і стралкоў, нават чэмпіёны свету ёсць.
Увогуле рух, танец, вакал — гэта ўсё мая гісторыя, бо я з 6 гадоў займалася танцамі і музыкай і ўвесь час развівала сябе ў гэтым напрамку. І Лідзія Аляксееўна Манакова, калі я выпускалася, параіла мне паступаць у аспірантуру. А на маё здзіўленае пытанне, што ж я там буду выкладаць, яна адказала: “Будзеш выкладаць сцэнічны рух, сцэнічны бой і фехтаванне, і я ўпэўнена, што ў цябе гэта добра атрымаецца”. Вось так яе вера і настойлівая парада маёй мамы Таццяны Дзмітрыеўны — прафесара, доктара педагагічных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры — паспрыялі таму, што я засталася ў Акадэміі. Хоць, канечне, у той час мне хацелася выключна іграць на сцэне, але яны мяне ўгаварылі. І сёння выкладчыцкая дзейнасць — гэта значная частка майго жыцця. Мне вельмі прыемна, калі сустракаюся са сваімі выпускнікамі ўжо дзесьці на здымачнай пляцоўцы і яны па-ранейшаму называюць мяне Верай Аляксандраўнай. З многімі мы іграем на адной сцэне, і калі ў іх атрымліваецца выканаць ролю лепш, чым у мяне, я шчыра радуюся гэтаму. Бо нашы студэнты, як і дзеці, вядома, павінны быць лепшымі за нас.
— А кім ганарыцеся са сваіх выпускнікоў?
— У першую чаргу тымі, хто зараз выступае са мной на сцэне як “ТрыТфармаТу”, так і Тэатра-студыі кінаакцёра, — гэта Арцём Давідовіч, Юрый Баранаў, Алена Гіранок, Яна Хадановіч, Сяргей Лапаніцын, Дзіма Клімовіч, Дзіма Ягораў, Антон Жукаў. У многіх беларускіх тэатрах служаць мае выпускнікі, а некаторыя ўжо нават у Маскве — Марына Дзянісава, Паліна Сыркіна, Павел Вішнякоў, а Эрык Абрамовіч — ва Украіне. Дарэчы, сярод студэнтаў майго самага першага курса былі Уладзімір Свірскі, Ірына Мядзведзева і Наталля Эйсмант.
— Вы пяць гадоў працуеце з тэатральным калектывам “Пунсовыя ветразі”. Чаму вырашылі стварыць свой дзіцячы тэатр і чаму далі яму такую назву?
— Калі мой малодшы сын пайшоў у першы клас 16-й гімназіі, я прапанавала былому дырэктару ўстановы Георгію Уладзіміравічу Кушнярову стварыць тэатральны калектыў, і ён падтрымаў гэтую ідэю. На працягу чатырох гадоў наш клас ставіў казкі і канцэртныя нумары, мы паспяхова выступалі на конкурсах і бралі прызавыя месцы, шмат удзельнічалі ў мерапрыемствах. Але са зменай кіраўніцтва студыя перастала працаваць, пакуль я не знайшла нам іншае памяшканне. Зараз мы базіруемся ў КЗ “Мінск”, дзе ў верасні зноў адкрылася наша тэатральная школа. Сёння тут займаюцца 22 хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Нашы выхаванцы-падлеткі літаральна мараць стаць студэнтамі Акадэміі мастацтваў, і мы іх паэтапна і планамерна рыхтуем і да паступлення таксама.
А “Пунсовыя ветразі” таму, што гэта назва азначае мару, а мне здаецца, што любы творчы чалавек ідзе да сваёй запаветнай мары, а тэатрал імкнецца стаць добрым запатрабаваным артыстам, які сыграў бы шмат роляў. А яшчэ “Пунсовыя ветразі” — гэта класіка, і для мяне гэта заўсёды пра каханне і творчасць.
— А вы набіраеце да сябе дзяцей, праводзячы адбор?
— Не, мы даём магчымасць усім дзецям праявіць сябе. Але сёлета так атрымалася, што практычна 90% нашых выхаванцаў ужо гатовы выступаць на сцэне. Хоць часам і прыходзяць да нас, каб вырашыць нейкія маўленчыя пытанні і разняволіцца, бо насамрэч вельмі важна, каб дзіця было свабодным, навучылася даносіць сваю думку, змагло пераадолець сціпласць і скаванасць. Тэатр для дзяцей — гэта ў любым выпадку добрае развіццё, але вельмі важна, хто працуе ў ім. У нашых “Пунсовых ветразях” выдатныя педагогі: Алеся Пухавая выкладае тэхніку сцэнічнага маўлення, Святлана Гусарава і заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Цімошкін — акцёрскае майстэрства, Арцём Давідовіч адказвае за музычна-рытмічнае выхаванне, бо ён чалавек-аркестр, які іграе практычна на ўсіх музычных інструментах, і я — за сцэнічны рух. Усяго 5 чалавек, якія працуюць з дзецьмі. Я лічу: чым больш добрых і розных педагогаў, тым лепш для дзяцей, тады яны змогуць атрымаць рознабаковую адукацыю.
— А ці рыхтуеце з юнымі артыстамі новую пастаноўку?
— Так, зараз мы пачалі падрыхтоўку да навагодняга спектакля “Дзед Мароз і люстэрка чараўніцтва” разам з маскоўскім рэжысёрам Таццянай Самбук — выкладчыцай майстэрні Сяргея Салаўёва Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі імя С.А.Герасімава. Чацвёрты год запар у Палацы Рэспублікі мы ставім казкі, і кожны раз атрымліваецца святочны марафон для нас, які, спадзяюся, і сёлета атрымаецца здзейсніць. Нашы навагоднія пастаноўкі звычайна наведвае больш за 20 тысяч юных беларусаў.
— Вера Аляксандраўна, а ці адрозніваецца работа з дзецьмі ад заняткаў са студэнтамі?
— Канечне, бо на дзяцей затрачваецца куды больш часу і энергіі. Да таго ж, акрамя таго, што ты педагог, які павінен іх нечаму навучыць, ты яшчэ і псіхолаг, і мама ў пэўнай ступені, і сябар, бо ў іх таксама бывае дрэнны настрой, іх трэба пастаянна стымуляваць, прыдумваць нешта новае, прычым у гульнявой форме. Я стараюся дзецям даваць тую ж праграму, што і студэнтам, толькі аблегчаную. Лічу, што не трэба нешта выдумляць, калі ёсць тое, што праверана гадамі і заўсёды працуе. Я даю дзецям тыя ж практыкаванні, толькі ў больш лёгкай і гульнявой форме — з імі мы можам зрабіць 5 практыкаванняў за заняткі, у той час як са студэнтамі толькі адно. Праўда, з дзецьмі мы і на наступны дзень зробім іх зноў, пасля яшчэ раз, даводзячы да ідэалу.
— Што лічыце галоўным у зносінах з юнымі выхаванцамі?
— Калі бачу дзяцей з іншых тэатральных ці вакальных дзіцячых студый, то адразу відаць, дзе педагогі кампетэнтныя, бо іх выхаванцы — індывідуальнасці са сваёй харызмай і кожны розны. Аднак бывае, што на сцэну выходзяць 20 дзяцей, падобных на свайго кіраўніка, і рухаюцца яны як робаты, і дакладна ўсё выконваюць, але ў гэтым няма мастацтва. А я за тое, каб у кожным дзіцяці раскрывалі індывідуальнасць, каб кожны быў раскрыты як творчая адзінка. І самае галоўнае ў такой справе — не нашкодзіць, а ўзяць тое, што ёсць, і зрабіць гэта лепшым. Мы, педагогі, як вопытныя людзі бачым, у чым больш моцнае дзіця і што трэба падцягнуць пэўнымі практыкаваннямі. Гэта як работа са студэнтамі ў Акадэміі мастацтваў, мы ж павінны выпусціць студэнтаў, якія потым на сцэне будуць уражваць і захапляць гледачоў.
— Нядаўна адбылася гучная прэм’ера спектакля “Тры сястры”, пастаўленага вашым праектам “ТрыТфармаТ”, які стартаваў у маі 2012 года. За 8 гадоў чаго дасягнуў ваш тэатр?
— Мы паставілі ўжо 12 спектакляў, у тым ліку 4 дзіцячыя. Многія з іх мы паказалі ў розных краінах Еўропы. Толькі ў мінулым тэатральным сезоне наведалі Сербію, Грузію, Літву, Латвію і Расію. А гэты сезон пачалі ў верасні камедыяй “Тры плюс кот” і яўрэйскай музычнай камедыяй “Шлюбны дагавор”, з якой пакарылі Венецыянскую біенале. У канцы верасня прадставілі прэм’еру — “Тры сястры” рэжысёра Таццяны Самбук, на яе пастаноўку мы атрымалі грант па падтрымцы маладой таленавітай рэжысуры ад Міністэрства культуры, што дапамагло нам, нягледзячы на эпідэмічныя ўмовы, зрабіць вельмі годны спектакль. Да таго ж на сцэне гучыць жывая музыка ў выкананні малога складу Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова, што ўзбагачае наш спектакль.
— Ваша пастаноўка “Трох сясцёр” — гэта новае слова пра бессмяротны твор?
— Гэта нетрадыцыйная пастаноўка Чэхава, бо ў нас нават адсутнічае 6 персанажаў і іх на сцэне толькі 9: тры сястры, Андрэй, Наташа, Тузенбах, Салёны, Вяршынін і Кулыгін, а яшчэ ў нас з’явіўся Бобік, пра якога ўвесь час гаворыць сын Наташы. Гэтую ролю выканаў мой сын Арцём. У спектаклі мы паказваем сямейныя ўзаемаадносіны, адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі, любоўны трохвугольнік і тое, як вясковая жанчына выйшла замуж за бязвольнага мужчыну і выжыла разумных і інтэлігентных Празоравых, якія ведаюць тры мовы і мараць пра нейкую міфічную Маскву. Лічу, што гэты спектакль вельмі актуальны сёння, таму што трэба будаваць дом там, дзе ты жывеш. Людзі, калі глядзяць нашу пастаноўку, плачуць, а значыць, мы кранаем пэўныя струны іх душы. Вельмі спадзяюся, што адбудзецца чарговы паказ “Трох сясцёр” у дзень майго нараджэння — 22 кастрычніка.
А наогул мая мара — атрымаць тэатральную “Залатую маску” з гэтым спектаклем! Вось такая ў мяне высокая мэта. Мой добры сябар і аўтар многіх маіх песень Сяргей Сухамлін часта паўтараў адзін і той жа выраз: “Хочаш зарабіць мільён, думай аб мільярдзе”. Таму і я лічу, што трэба ставіць вельмі высокія і далёкія мэты, каб на шляху да іх дасягаць малых.
Кожны год я выпускаю новы спектакль з праектам “ТрыТфармаТ” і думаю, ну чым жа далей буду здзіўляць свайго гледача. Але пакуль, дзякуй богу, атрымліваецца.
— Вера Аляксандраўна, вы — актрыса, тэлевядучая, тэатральны кіраўнік і прадзюсар, педагог і выкладчык, любая жонка і матуля, і ўсе гэтыя ролі вы цудоўна выконваеце. Як вам гэта ўдаецца?
— Проста я ўмею планаваць свой час і моцна люблю ўсё тое, чым займаюся, таму з задавальненнем трачу на ўсё гэта шмат сіл і энергіі. А калі выходзіш на сцэну ці ў эфір, здымаешся ў кіно або выкладаеш і траціш энергію, то яна абавязкова вернецца назад. Мне здаецца, абмен энергіяй і дае мне сілы з усім спраўляцца, бо я сапраўды падзараджаюся ад людзей, якім аддаю сваю энергію. Я пераканана, што чым больш ты аддаеш, тым больш атрымаеш, таму нельга сябе берагчы, ты павінен аддаваць сябе кожную хвіліну, калі выбраў такую прафесію.
— Калі не сакрэт, пра што вы марыце? Раней вы гаварылі, што пра ўласны тэатр, а зараз?
— Па-ранейшаму мару пра асобны дом для свайго тэатра — невялікі, але каб у ім была душа. Людзі ходзяць не толькі на артыста, але хутчэй у месца, дзе ім хораша, цёпла, утульна, а калі да таго ж на сцэне любімыя артысты — увогуле выдатна. Таму мару, каб у майго калектыву быў свой дом, дзе мы змаглі б зрабіць так, як нам падабаецца. І хутчэй за ўсё, гэта быў бы не проста тэатр, а цэнтр беларускай культуры, дзе б не толькі ставілі спектаклі, а і працавала дзіцячая студыя, і праводзіліся канцэрты і фестывалі, каб тэатр мог трансфармавацца ў кіназалу, дзе можна было б паказваць цікавыя фільмы і абмяркоўваць іх, каб было сапраўднае тэатральнае кафэ. Я стараюся зрабіць усё, каб мая мара ажыццявілася!
— Вялікі дзякуй за цікавую размову! Жадаю, каб і далей кожны ваш дзень быў напоўнены творчасцю і натхненнем, новымі праектамі і ролямі, энергіяй, добрым настроем і любоўю да жыцця, а запаветная мара абавязкова здзейснілася!
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Веры ПАЛЯКОВАЙ-МАКЕЙ.