World Skills: дэманстрацыя найноўшых тэхналогій

- 15:36Рознае, Сацыяльны ракурс

З 20 па 22 мая ў Футбольным манежы ў Мінску ўпершыню будзе праходзіць Нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства сярод рабочых (служачых), спецыялістаў і навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Пра тое, як будзе арганізавана гэтае мерапрыемства і якія мэты стаяць перад ім, расказалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, арганізаванай напрыканцы красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Нацыянальны чэмпіянат праводзіцца пад эгідай Міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі World Skills International (WSI), у якую нядаўна ўступіла Рэспубліка Беларусь. Па яго выніках будзе сфарміравана зборная каманда, якая летам 2014 года прадставіць нашу краіну на сусветных спаборніцтвах у Сан-Паўлу (Бразілія).
Як паведаміў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь Ханонавіч Шкляр, прайшлі адборачныя спаборніцтвы ў рэгіёнах, а таксама ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У выніку для ўдзелу ў чэмпіянаце адабралі 180 чалавек ва ўзросце — да 22 гадоў (па некаторых прафесіях дапускаюцца ўдзельнікі да 25 гадоў).

На рэспубліканскім узроўні спаборніцтвы будуць праходзіць па 21 дысцыпліне. Гэта і такія масавыя прафесіі, як фрэзерныя, такарныя, зварачныя работы, рэстаранны сэрвіс, кулінарнае мастацтва, мулярныя работы, абліцовачныя работы, сталярныя работы, дызайн адзення. Што да такіх кваліфікацый, як аўтамабільныя тэхналогіі, меха-троніка, мабільная робататэхніка, электроніка, кабельныя і інфармацыйныя сеткі, адміністраванне інфармацыйных сетак, то іх будуць дэманстраваць зборныя каманды ўніверсітэтаў.
Заданні ствараліся пры ўдзеле супрацоўнікаў РІПА і работадаўцаў з улікам тых, якія былі на леташнім чэмпіянаце свету ў нямецкім Лейпцыгу.

Прэзідэнт Міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі World Skills International (WSI) Сайман Бартлі расказаў, што рух World Skills зарадзіўся напрыканцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя ў Іспаніі, дзе ўрад быў занепакоены вялікім беспрацоўем сярод моладзі і нізкай вытворчасцю працы. Тады і з’явілася ідэя праводзіць спаборніцтвы сярод моладзі, каб параўнаць, як у розных краінах вучаць тым ці іншым навыкам, а таксама пераканаць бацькоў і выкладчыкаў школ, што прафесійная адукацыя і тэхнічная праца вартыя большай увагі. Першыя спаборніцтвы былі праведзены паміж моладдзю Іспаніі і Партугаліі, але ўжо ў наступныя гады да іх далучылася моладзь Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі. З часам гэты рух распаўсюдзіўся на ўвесь свет і зараз прадстаўлены на ўсіх кантынентах.
Сайман Бартлі адзначыў, што Беларусь з’яўляецца 68-й краінай, якая далучылася да WSI, і сёння насельніцтва краін — удзельніц руху World Skills ахоплівае 68% усяго насельніцтва планеты.
У апошніх спаборніцтвах, якія праходзілі летам 2013 года ў Лейпцыгу, удзельнічала каля тысячы маладых людзей больш чым з 50 краін. Яны дэманстравалі свае навыкі па 46 напрамках прафесійных кампетэнцый. На працягу чатырох дзён гэтае мерапрыемства наведала больш за 200 тысяч гледачоў.
Аркадзь Шкляр адзначыў, што першы нацыянальны чэмпіянат у Мінску таксама плануецца з размахам. Дастаткова сказаць, што ён будзе праходзіць у Футбольным манежы адначасова з Беларускім прамысловым форумам, а гэта павінна прыцягнуць да яго значную ўвагу прамыслоўцаў. Акрамя таго, арганізатары разлічваюць, што цікавасць да мерапрыемства праявяць дзеці і моладзь, бо ў рамках спаборніцтваў будзе дзейнічаць горад майстроў, млын моды, шоу цырульнікаў і г.д. А самае галоўнае, тут можна на свае вочы ўбачыць, як працуе сучасная вытворчасць.

“Няма ніводнага работадаўцы ў нашай краіне, ніводнай камерцыйнай структуры і фірмы, якая б не пайшла нам насустрач і не дала сучаснае абсталяванне, — гаворыць Аркадзь Шкляр. — Усе рабочыя месцы ўдзельнікаў чэмпіянату будуць абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Напрыклад, новыя машыны прадаставіць кампанія Volkswagen, дыягнастычнае абсталяванне — кампанія Bosch і г.д. Фрэзерныя і такарныя работы будуць выконвацца на амерыканскіх станках фірмы Haas, дзе ўстаноўлена кіраванне Siemens. На працягу тыдня перад чэмпіянатам удзельнікі спаборніцтваў будуць праходзіць стажыроўку на гэтым абсталяванні, каб налаўчыцца і потым найлепшым чынам прадэманстраваць прафесійныя навыкі”.
Плануецца, што чэмпіянат стане сапраўдным святам прафесійнай адукацыі, дзе будзе паказана прыгажосць рабочых прафесій.
“Выявіць найлепшых — не асноўная мэта, — заўважыў Аркадзь Ханонавіч. — Важней прадэманстраваць грамадству, што нельга забяспечыць інавацыйнае развіццё эканомікі без якасных змен у падрыхтоўцы спецыялістаў. І, вядома, мы імкнёмся павысіць імідж людзей вытворчай працы, якія былі і будуць вядучым звяном у развіцці любой краіны”.

“World Skills — гэта не проста спаборніцтвы, — засяродзіў увагу Сайман Бартлі. — Дакладней сказаць, што фармат спаборніцтваў выкарыстоўваецца для таго, каб дапамагчы краінам павысіць якасць і ўзровень прафесійных кампетэнцый моладзі, а ў выніку — прадукцыйнасць працы і эканамічны рост. Хаця, безумоўна, для моладзі важна ўдзельнічаць у падобных спаборніцтвах і атрымліваць медалі. Але яшчэ важней, што, вяртаючыся ў свае навучальныя ўстановы, на свае вытворчасці, у свае кампаніі, яны прывозяць туды апошнюю інфармацыю аб тым, як можна ўдасканальваць прафесійнае майстэрства”.
Сайман Бартлі паведаміў, што абсалютным лідарам у шасці чэмпіянатах World Skills (з апошніх сямі) была Рэспубліка Карэя. Сярод лідараў таксама Швейцарыя, Францыя, Аўстрыя, Германія, Вялікабрытанія. У азіяцкім рэгіёне вылучаюцца Кітайскі Тайбэй і Японія. Вельмі добрыя вынікі паказвае Аўстралія, а на амерыканскім кантыненце — Бразілія. “Што да Кітая, Індыі і Расіі, то яны не так даўно далучыліся да World Skills, — заўважыў Сайман Бартлі, — а гісторыя паказвае, што ніводнай краіне не ўдавалася рыўком увайсці ў лідары спаборніцтва. Гэта было б прыкладна так, калі б Вялікабрытанія пачала гуляць у хакей і раптам выйграла чэмпіянат свету ў Мінску”.

Аркадзь Шкляр, аднак, не пагадзіўся з такім меркаваннем. “Хоць спадар Бартлі і гаворыць, што мы не можам адразу прэтэндаваць на перамогу, але мы пастараемся, — заявіў ён. — Вядома, нельга марнаваць грошы на падрыхтоўку каманды, калі гэта бесперспектыўна. Ужо ў лістападзе мы атрымаем заданні, якія будуць на чэмпіянаце ў Сан-Паўлу, і будзем глядзець. Я лічу, што гэта, як Домрачава на алімпіядзе, якая адна зрабіла больш, чым для некаторых краін не змаглі зрабіць вялікія каманды. Вось і нам трэба знайсці такога чалавека, які мог бы паехаць і выйграць”.
На прэс-канферэнцыі завязалася дыскусія аб тым, як розныя краіны вырашаюць праблему прэстыжу рабочых прафесій і прыцягнення моладзі ў прамысловасць. Напрыклад, Сайман Бартлі перакананы, што гэтая праблема вырашаецца шляхам банальных эканамічных разлікаў.
“У Еўропе ўсё больш бацькоў заахвочваюць дзяцей на тое, каб яны ішлі ў сістэму прафесійнай адукацыі, — заўважыў ён. — Калі вы хочаце пайсці ва ўніверсітэт, трэба будзе аплаціць сваё навучанне, пражыванне, здачу экзаменаў, харчаванне і г.д. Сярэдні выпускнік універсітэта са ступенню бакалаўра мае доўг у памеры 50 тысяч еўра, і, акрамя таго, існуе 20-працэнтная верагоднасць таго, што ён не знойдзе работу, якая адпавядае ўніверсітэцкаму ўзроўню.

Калі ж малады чалавек пасля школы паступіць на прафесійнае навучанне, то да таго часу, як яму споўніцца 21 год, ён будзе ўжо некалькі гадоў зарабляць грошы, хутчэй за ўсё мець бясплатнае пражыванне, а ўсе выдаткі на навучанне ў каледжы, здачу экзаменаў, харчаванне і г.д. будуць аплачаны дзяржавай. Такім чынам, нават (у самым горшым выпадку) калі ў маладога чалавека не будзе зберажэнняў, у яго не будзе і даўгоў. Акрамя таго, з вялікай верагоднасцю ён зможа знайсці работадаўца, які пагодзіцца аплаціць яго навучанне ва ўніверсітэце.
Так, прааналізаваўшы ўсе плюсы і мінусы, усё больш людзей пасля школы выбіраюць не ўніверсітэцкае, а прафесійнае навучанне”.
Сайман Бартлі сказаў, што ў Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, на працягу вельмі вялікага прамежку часу грамадства пераконвалі ў тым, што ўніверсітэт — гэта добра, а прафесійны каледж — дрэнна. І сёння патрэбна вялікая работа з бацькамі і настаўнікамі школ, каб пераканаць іх у адваротным.
“Калі ў вас ёсць дзеці, то самае лепшае, што вы можаце для іх зрабіць, — зразумець, наколькі здольны яны для работы ў той ці іншай галіне і што іх цікавіць. Дайце вашым дзецям як мага больш інфармацыі аб розных прафесіях. І лічыце грошы!” — сказаў Сайман Бартлі.

Гэтую думку падтрымаў і Аркадзь Ханонавіч: “Сёння кожны малады чалавек, выбіраючы, куды паступаць пасля школы, павінен падумаць, які прафесійны шлях для яго найбольш аптымальны. Тут трэба прызнаць, што не ўсім па ведах і здольнасцях дадзена вучыцца ва ўніверсітэце і потым працаваць па спецыяльнасці. Напрыклад, 60% фінскіх выпускнікоў школ ідуць атрымліваць прафесійную адукацыю. І гэта нармальна. У нашай краіне ў адрозненне ад многіх іншых прафесійная адукацыя не тупіковая. Скончыўшы прафесійна-тэхнічную ці сярэднюю спецыяльную ўстанову, атрымаўшы прафесію і кваліфікацыю, кожны, хто адчувае такую неабходнасць, можа паступаць ва ўніверсітэт і працягваць адукацыю”.
“Сёння рабочым прафесіям не хапае прэстыжу, і над гэтым трэба працаваць, — сказаў рэктар РІПА. — І трэба ўжо адыходзіць ад класавых паняццяў: рабочы — тэхнік — інжынер. У свеце няма такога дзялення: там ёсць спецыялісты з нізкай кваліфікацыяй, сярэдняй ці высокай. А ў якой установе яны атрымалі гэтую кваліфікацыю — справа другасная. Сучасныя тэхналогіі патрабуюць спецыялістаў з высокімі прафесійнымі якасцямі, і менавіта гэта павінна быць прэстыжным”.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.