Арганізацыю адукацыйнага працэсу на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі абмеркавалі педагогі на двухдзённым семінары (вучэбных курсах) у Віцебску.
Семінар быў арганізаваны абласным інстытутам развіцця адукацыі для настаўнікаў пачатковых класаў і настаўнікаў-дэфектолагаў. У рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі Бешанковіцкага, Віцебскага, Глыбоцкага, Расонскага, Талачынскага, Шумілінскага раёнаў, Віцебска і Наваполацка.
— Уявіце сабе: мы з вамі трапілі ў краіну, дзе ніхто не размаўляе на вашай мове і вы не разумееце ні слова з пачутага. Вы хочаце есці або ў вас нешта баліць, але вы не ведаеце, як пра гэта сказаць. Так адчувае сябе дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — метадыст цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і аналізу яе якасці ВАІРА Ала Пашкевіч вобразна патлумачыла актуальнасць вынесеных на парадак дня пытанняў. — Іншая сітуацыя: у вас цудоўная памяць, вы ўмееце гаварыць, пісаць, лічыць, аднак баіцеся выйсці на вуліцу, да людзей. Таму што вам, каб супакоіцца, трэба проста патрэсці рукамі перад тварам. А ўсіх, хто знаходзіцца побач, гэтае дзеянне раздражняе: на вас адразу пачынаюць крычаць, нібыта вы не ўмееце сябе паводзіць. Так адчувае сябе чалавек з псіхафізічнымі парушэннямі. Мы можам дапамагчы гэтым людзям, калі будзем больш цярплівымі, уважлівымі, добрымі, спагадлівымі да іх лёсу. Тады і яны захочуць і навучацца кантактаваць з намі. Інтэграцыя як форма арганізацыі адукацыйнага працэсу, пры якой навучанне і выхаванне дзяцей з АПФР і не маючых такіх парушэнняў ажыццяўляецца сумесна ў адукацыйнай установе, — вельмі запатрабаваны напрамак. Гэта дазваляе дзіцяці жыць у сям’і, а бацькам — разам з педагогамі актыўна ўдзельнічаць у выхаванні і развіцці свайго сына ці дачкі. Важным складнікам тут з’яўляецца прафесійны ўзровень педагога, яго здольнасць працаваць з такімі навучэнцамі, эфектыўна арганізаваць адукацыйны працэс, каб пры гэтым было камфортна і дзецям, якія вучацца па агульнаадукацыйных праграмах, і дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Размова ў тым ліку пра такія прафесійныя і сацыяльна-асобасныя кампетэнцыі, як веданне спецыфічных заканамернасцей развіцця дзяцей з АПФР для ўсіх катэгорый, уменне адаптаваць вучэбны матэрыял да адукацыйных патрэб кожнага навучэнца, адэкватна ацэньваць вучэбную дзейнасць дзіцяці з АПФР, заўважаць і падкрэсліваць магчымасці такіх навучэнцаў на розных этапах дзейнасці, ствараць сітуацыю поспеху, фарміраваць талерантныя адносіны да дзяцей з АПФР і аказваць дапамогу бацькам па пытаннях навучання і выхавання.
Значную падтрымку ў правядзенні семінара аказаў абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Яго дырэктар Марынэ Фёдарава азнаёміла слухачоў з нарматыўна-прававой дакументацыяй, што рэгламентуе дзейнасць настаўнікаў пачатковай школы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры арганізацыі работы з дзецьмі з АПФР, праінфармавала аб адметнасцях адукацыйнага працэсу ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Педагог-псіхолаг цэнтра Наталля Князева расказала аб арганізацыі адукацыйнага асяроддзя для асоб з парушэннямі аўтыстычнага спектра ва ўмовах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Наталля Бабуськіна засяродзіла ўвагу на метадычным забеспячэнні як фактары павышэння якасці інтэграванага навучання і выхавання.
Семінар быў нацэлены на практыка-арыентаваную падрыхтоўку слухачоў. З вопытам па апрабацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР выступілі прадстаўнікі Кастрычніцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна, якая з 2018/2019 навучальнага года з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай рэспубліканскага праекта. Настаўніца пачатковых класаў Алена Вінакурава і настаўнік-дэфектолаг Вольга Лобань расказалі аб кампетэнтасным падыходзе да адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, далучэнні іх да тэатральнай дзейнасці, пазакласнай і пазаўрочнай работы, а таксама прапанавалі для прагляду з наступным аналізам фрагменты відэаўрокаў. У завяршэнне са слухачамі былі праведзены практычныя заняткі “Выкарыстанне інтэрактыўных групавых форм работы з дзецьмі з АПФР”. Напрацоўкамі па выкарыстанні адаптаваных практыкаванняў (гекса) у карэкцыйнай рабоце па развіцці маўлення дзяцей малодшага школьнага ўзросту падзялілася настаўнік-дэфектолаг гімназіі № 2 Наваполацка Аксана Наўроцкая. Акцэнт на ролі бацькоўскай кампетэнтнасці, неабходнасці яе павышэння зрабіла педагог-псіхолаг гімназіі № 2 Віцебска Вольга Іванова, якая прадставіла шэраг інтэрактыўных групавых форм работы з сем’ямі, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— Вынікі семінара паказваюць запатрабаванасць падобных мерапрыемстваў з практычнай накіраванасцю, — адзначыла Ала Пашкевіч. — З дапамогай атрыманых ведаў педагогі змогуць удасканаліць сваю работу, трансліраваць гэтыя веды ва ўстановах адукацыі і сярод бацькоўскай грамадскасці.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.