Рэгіянальны этап рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” адбыўся на Магілёўшчыне.

Па словах метадыста аддзела мастацкай адукацыі Абласнога цэнтра творчасці Н.С.Філімонавай, удзел у гэтым творчым спаборніцтве прынялі звыш 450 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі з розных куткоў рэгіёна. Яны прадстаўлялі на суд журы індывідуальныя і калектыўныя работы ў розных відах творчасці. Свае таленты дзеці дэманстравалі ў мастацкай апрацоўцы саломкі, мастацкім роспісе па тканіне, шкле, дрэве, скуры, у вышыўцы, кераміцы, разьбе па дрэве, ваўнянай акварэлі, выцінанцы, у вырабе тэкстыльнай цацкі, мадэляванні адзення, іншых творчых жанрах і тэхніках. Найбольш актыўна праявілі сябе прадстаўнікі навучальных устаноў Магілёва, Бабруйска, Бялыніцкага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага, Шклоўскага, Касцюковіцкага, Клімавіцкага, Кіраўскага, Мсціслаўскага, Хоцімскага і Магілёўскага раёнаў.
Усе работы адрозніваліся і тэматычнай разнастайнасцю. Удзельнікі вырабілі дзясяткі калядных зорак — сімвалаў калядоўшчыкаў, у сюжэтных кампазіцыях прадэманстравалі зімнія святы Беларусі, прыроду, зімнія віды спорту. Шмат вырабаў адлюстроўвалі творчыя ўяўленні канкурсантаў пра навагоднюю ёлку, святочныя сувеніры, ёлачныя ўпрыгажэнні, навагоднія персанажы і касцюмы. Асобныя навучэнцы вырабілі сапраўдныя арт-аб’екты для інтэр’ера, святочныя анімацыйныя фільмы. Адметна, што кожны выраб меў пэўную іскрынку, быў выкананы з арыгінальнасцю і крэатывам.
— Выстава творчых работ удзельнікаў прадэманстравала ўсю разнастайнасць дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ад беларускіх народных традыцый да сучасных тэхналогій і дызайнерскіх кірункаў. Юныя майстры на справе паказалі, што не толькі выдатна валодаюць тэхнікай выканання розных вырабаў, але і прапаноўваюць нестандартныя мастацкія рашэнні, — адзначыла Н.С.Філімонава.
Па выніках абласнога этапу выставы-конкурсу пераможцы вызначаліся ва ўзроставых катэгорыях 8—12 і 13—16 гадоў. У якасці прызёраў былі адзначаны 65 навучэнцаў. Усе яны атрымалі ганаровыя дыпломы ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.
Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” праводзіцца з мэтай патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў праз далучэнне іх да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, захавання і развіцця рэгіянальных народных традыцый, выяўлення і падтрымкі юных талентаў. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены Абласным цэнтрам творчасці.







