Як выклікаць у малодшага школьніка жаданне вучыцца? Як зрабіць так, каб у яго не знікаў унутраны стымул пазнаваць новае незалежна ад таго, колькі намаганняў трэба для гэтага прыкласці? Як сфарміраваць матывацыю да навучання ў дзіцяці, якое лічыць, што вучыцца ў школе сумна? Гэтымі пытаннямі, несумненна, задаецца кожны педагог. Сталічныя настаўнікі пачатковых класаў маюць у сваёй метадычнай скарбонцы эфектыўныя сродкі, з дапамогай якіх вучні атрымліваюць задавальненне ад працэсу навучання і павышаецца іх паспяховасць у школе.
Заразіць пазітывам
Паступленне дзіцяці ў першы клас — трывожная сацыяльная падзея ў яго жыцці, якая парушае звыклы ход рэчаў і прымушае ўсю сям’ю прыстасоўвацца да новых умоў, сцвярджаюць псіхолагі. Для розных сем’яў гэты перыяд праходзіць па-рознаму, і ў многім ён залежыць ад майстэрства і прафесіяналізму першага настаўніка. Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 200 Мінска Ірына Віктараўна Глытава стварае ўмовы для паспяховай сацыялізацыі маленькіх вучняў праз гульню.
— Мае першакласнікі — гэта разумныя, гарэзлівыя, таленавітыя, смелыя і сарамлівыя дзеці. Пераступіўшы парог школы, яны сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі, звязанымі з адаптацыяй да школы, — адзначае настаўніца. — Важна, каб у 1 класе дзіця захапілася школьным жыццём, а гэта значыць з радасцю мела зносіны з аднакласнікамі, натхнёна працавала на ўроках, адказна выконвала даручэнні. Гульня — вядучы від дзейнасці ў гэтым узросце. Яна прысутнічае на ўроках, на перапынках, у вольны час. У 1 класе любы від дзейнасці можна звязаць з гульнёй: “Хто хутчэй?” (вуснае лічэнне), “Вясёлы аловак” (графічная дыктоўка), “Важны госць” (знаёмства з лічбай), “Хто ў доміку жыве” (вывучэнне складу ліку). Важнае месца займаюць гульні на знаёмства: “Раскажы пра сябе”, “Важны Я”, “Я ўнікальны”, “Знаёмцеся, гэта Я”, якія дазваляюць мне ў лёгкай форме пазнаёміць навучэнцаў адзін з адным і падрыхтаваць глебу для іх далейшай сумеснай работы. Адначасова пачаткоўцы даведваюцца, чым яны адрозніваюцца і чым так падобныя. У працэсе гэтых гульняў дзеці ствараюць альбомы, дзе ёсць аўтапартрэт, малюнкі будучай прафесіі, любімай стравы. Тэматыку старонак можна прыдумляць бясконца. Гэта каштоўна і для настаўніка: такім чынам можна ўбачыць і раскрыць магчымасці кожнага навучэнца.
Эфектыўным інструментам для развіцця і падтрымання цікавасці да школы сталі тэматычныя дні: “У гасцях у восені”, “Сонечны дзень”, “Дзень чароўных слоў”, “Зімовая казка”, “Матулін дзень”, “Чамучкі”. У такія дні ўсе заняткі насычаны тэматычнымі заданнямі, а ў канцы дня праводзіцца пазакласнае мерапрыемства. Напрыклад, у тэматычны дзень “У гасцях у восені” Ірына Віктараўна праводзіць мерапрыемства “Шчодрая восень”, на якое, акрамя традыцыйных вершаў і загадак, дзеці прыносяць па два пачастункі: для сябе і аднакласніка. Правіла, якое дазваляе не пакінуць без увагі ніводнага навучэнца, — два разы нікога не частаваць. А падчас “Сонечнага дня” малодшыя школьнікі мяняюць імёны, каб яны заканчваліся на -ка: Ганначка, Ягорка і інш. У выніку атрымліваецца сонечна, весела і па-добраму.
Значным для выхаванцаў настаўніцы з’яўляецца “Фестываль талентаў”. На гэтым свяце яны прэзентуюць тое, што ўмеюць і любяць рабіць. Гэта могуць быць вырабы, ігра на музычным інструменце, спевы, шыццё, спорт, кулінарыя, відэаролікі і інш. “Фестываль талентаў” стаў штогадовай традыцыяй, бо інтарэсам дзяцей уласціва мяняцца. Заявіць пра сябе малодшы школьнік можа таксама ў працэсе калектыўнай творчай дзейнасці. Удзел у ёй можа раскрыць такія якасці асобы, як адказнасць, ініцыятыўнасць, таварыскасць, арганізаванасць, аўтарытэт. Часцей за ўсё педагог плануе КТД на ўроках працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва, якія дазваляюць стварыць з асобных работ адзіную кампазіцыю: “Жар-птушка”, “Пчаліны вулей”, “Новы год стукаецца ў дзверы” і інш.
Адзін з кірункаў работы І.В.Глытавай у перыяд адаптацыі першакласнікаў — гэта работа па развіцці матывацыі да навучання: чытанне і абмеркаванне прачытанага з першакласнікамі. Педагог імкнецца падбіраць творы, якія паказваюць значнасць навучання (напрыклад, Л.М.Талстой “Филиппок”, Л.Болатава “Казка пра дзіця, якое не хацела хадзіць у школу”, М.Суржэнка “Як вожык Буль баяўся ісці ў школу” і інш.), праводзіць класныя гадзіны: “Важныя прафесіі”, “Прафесіі бацькоў”, “Я — вучань”, “Школа мары”. Напрыклад, на класнай гадзіне “Школа мары” навучэнцы выказвалі думкі аб школе сваёй мары, а затым разам з настаўніцай вырашалі, што можна ўвасобіць у іх класе. “Такім чынам хочацца заразіць вучняў пазітывам да школы, а папкі дасягненняў дзяцей, дзе збіраем усе працы, падкрэсліваюць важнасць работы вучня для яго самога, для настаўніка і для бацькоў”, — заўважае настаўніца.
Развіццё правільнай (адэкватнай) самаацэнкі ў перыяд адаптацыі — адна з прыярытэтных задач настаўніка. Гэтаму спрыяюць выставы работ навучэнцаў. Ірына Віктараўна арганізоўвае выставы не толькі па працоўным навучанні і выяўленчым мастацтве, але і па матэматыцы, пісьме: выставы графічных узораў, дыктоўкі лічбаў, элементаў літар па шаблонах, спісванне і г.д. “Выставы дапамагаюць дзіцяці ўбачыць свае моцныя і слабыя бакі, гледзячы на сваю працу збоку, робячы аналіз і параўноўваючы яе з работамі аднакласнікаў або ўзорам настаўніка, — мяркуе І.В.Глытава. — Таксама на паспяховую адаптацыю ўплывае пазітыўны стыль зносін настаўніка з класам. Значэнне мае знешні выгляд педагога, натхнёны, прыўзняты настрой. Няхай настаўнік будзе строгім, але адкрытым і добразычлівым, каб дзеці паверылі яму”.
З дапамогай Scratch
На развіццё пазнавальнага інтарэсу пачаткоўцаў накіраваны магчымасці Scratch-навучання, якія актыўна выкарыстоўвае настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 67 Мінска Вольга Канстанцінаўна Волкава.
— Ні для каго не сакрэт, што вучань лепш запомніць матэрыял, калі яго раскажа не строгі настаўнік, а аніміраваны ў асяроддзі Scratch Чалавек-павук або пінгвіны з “Мадагаскара”. Са з’яўленнем Scratch, як гаворыцца ў рэкламе, “бывайце, сумныя ўрокі”, — адзначае педагог. — А як эфектыўна правесці класную гадзіну? Як даходліва расказаць другакласніку пра шкоду курэння? Анімацыі з яркай сацыяльнай рэкламай пакінуць у душы школьніка глыбокі след. Дзіця адразу зразумее: курыць — гэта дрэнна.
Настаўніца паспяхова выкарыстоўвае Scratch для стварэння ўрокаў. Так, на занятках па беларускай мове падчас вывучэння напісання слоўнікавых слоў мышаняты на экране паказваюць дзецям словы, вывучаныя ў І чвэрці. Навучэнец націскае на мышку: калі слова напісана правільна, то гучаць апладысменты, калі ў слове ёсць памылка — мышка афарбоўваецца ў чорны колер і моцна пішчыць. Або на экране вучні бачаць розных птушак і іх назвы. Настаўніца прапаноўвае дзецям знайсці тых, у назвах якіх ёсць літара “ў”. Калі вучань правільна паказвае на слова з “ў”, то птушка прыгожа спявае і ляціць далей, калі вучань выбірае слова без гэтай літары, то птушка падае і знікае.
Пры арганізацыі вуснага лічэння на ўроках матэматыкі малодшы школьнік націскае на прыклад і піша адказ у радку. Калі адказ правільны, аб’ект знікае. У адваротным выпадку яму прапануецца рашыць прыклад наноў. Ці яшчэ: на ўроку матэматыкі пачаткоўцам даецца лагічная задача, якая прадстаўлена ў анімаванай форме па матывах рускай народнай казкі “Дачка-сямігодка”. Навучэнцам прапаноўваецца яе паглядзець і паслухаць, а затым рашыць. У канцы анімацыі даецца правільны адказ.
Такое навучанне прыносіць вучням задавальненне, радасць, яны знаходзяцца ў сітуацыі поспеху, адчуваюць упэўненасць у сваіх сілах і жаданне працаваць далей.
Граматычныя казкі
— Для дасягнення высокіх вынікаў навучання, якія адзначаны ў новых адукацыйных стандартах, патрэбны адпаведныя педагагічныя тэхналогіі, — пераканана настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 54 Мінска Гражына Андрэеўна Ігнатовіч. — Застаючыся толькі ў межах класна-ўрочнай сістэмы, наўрад ці можна дасягнуць гэтых вынікаў. Дарэчы прывесці словы Д.Мендзялеева, які больш за стагоддзе назад сказаў, што “многія формы жыцця сталі новымі, а формы навучання да таго ўжо струхлелі, што прыйшоў час падумаць аб іх удасканаленні”. З выкарыстаннем традыцыйных метадаў, форм і сродкаў навучання вучэбны працэс зараз з’яўляецца хутчэй накіроўваемым, чым кіруемым. Адзін з недахопаў традыцыйнай сістэмы навучання — слабое або адсутнае ўздзеянне вынікаў бягучага засваення ведаў на ход далейшага навучання і адносная пасіўнасць навучэнцаў ва ўмовах тлумачальна-ілюстрацыйнага метаду. На пачатковым этапе вывучэння замежнай мовы важны момант захавання станоўчай матывацыі ў навучэнцаў. Паколькі сістэмы дзвюх моў (роднай і замежнай) адрозніваюцца, знаёмства з новай сістэмай граматычных правіл можа выклікаць у некаторых вучняў адмоўную матывацыю да далейшага вывучэння мовы. Таму на сваіх уроках у 3 класе выкарыстоўваю аўтарскі метад “Граматычныя казкі”.
“Граматычныя казкі” — гэта новы спосаб вывучэння граматыкі праз стварэнне ўласных інтэрактыўных казак. Калі малодшыя школьнікі пачынаюць вывучаць нямецкую мову, усе яны трапляюць у краіну Граматыка. У гэтай краіне ўсе жывуць па асаблівых правілах, якія заўсёды выконваюцца яе жыхарамі. Калі хтосьці парушае адно з правіл, то ад гэтага пакутуюць усе жыхары краіны. Таму дзецям, якія хочуць вывучыць нямецкую мову, таксама неабходна выконваць усе правілы, каб не парушаць жыццё яе жыхароў. Краінай Граматыкай кіруе каралева. Як і ва ўсіх важных людзей, у каралевы ёсць памочнікі — прыдворныя. Першы прыдворны, адзін з галоўных і найстарэйшых, — der. Ён адказвае за ўсіх жыхароў мужчынскага роду. Die — адзіная прыдворная. Яе задача — адказваць за жыхароў жаночага роду. Das — малодшы прыдворны. Яго функцыя — сачыць за ўсімі астатнімі жыхарамі краіны, а таксама за дзецьмі. Як і жывыя людзі, прыдворныя сыходзяць у адпачынак. Як жа быць жыхарам без прыдворных? На замену ім выходзяць іх браты-блізняты. Так, у der ёсць брат ein, у die — eine, а ў das — брат-блізня ein.
На аснове казкі, навучэнцам прапануецца стварыць уласную інтэрактыўную казку ў форме “кніжкі-малышкі”, якой яны могуць скарыстацца на ўроку ў якасці падказкі, выконваючы заданні, вывучаючы новую лексіку. Акрамя таго, такія граматычныя казкі могуць прымяняцца і ў адносінах да іншых правіл нямецкай граматыкі.
У свеце доследаў
Па меркаванні настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 77 Мінска Паліны Аляксандраўны Літвіной, цяжкасці засваення інфармацыі ў сферы дакладных навук, недастатковая аснашчанасць устаноў адукацыі, нізкая матывацыя навучэнцаў, магчымая прычына якой — пубертатны перыяд і, як вынік, іншыя інтарэсы навучэнцаў, з’яўляюцца праблемай, якая перашкаджае якаснаму засваенню ведаў. “Несумненна, бацькі часам разважаюць над тым, як задаволіць цікавасць дзіцяці да ўсяго новага, нязведанага. Калі гаварыць аб дадатковай адукацыі малодшых школьнікаў, то яна часцей звязваецца з музычнай, мастацкай, харэаграфічнай накіраванасцю або спортам. Між тым дадатковая адукацыя можа быць фундаментальна-навуковай і заставацца пры гэтым цікавым і захапляючым заняткам і выдатнай дапрофільнай падрыхтоўкай да навучання ва ўстанове адукацыі. Гаворка ідзе пра гурток па інтарэсах “Доследны свет” для вучняў пачатковай школы, асноўнай мэтай якога з’яўляецца развіццё інтэлектуальна-творчага патэнцыялу асобы дзіцяці шляхам удасканалення яго даследчых здольнасцей”, — адзначае настаўніца.
Праграма гуртка інтэгруе ў сабе прапедэўтыку біялогіі, фізікі, хіміі. Яна разлічана на навучэнцаў 3 і 4 класаў. Навучанне ажыццяўляецца на працягу 2 гадоў з разліку адны заняткі на тыдзень (усяго 50 заняткаў). Характэрнай асаблівасцю дадзенага гуртка з’яўляецца яго накіраванасць на фарміраванне даследчых уменняў малодшых школьнікаў, развіццё лагічнага, абстрактнага мыслення. Падчас распрацоўкі праграмы педагогам вывучаліся ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, праводзіліся гутаркі з настаўнікамі пачатковых класаў, наведваліся бацькоўскія сходы з мэтай выяўлення зацікаўленасці бацькоў у стварэнні гуртка. Акрамя таго, аналізаваўся сучасны стан прапедэўтыкі прыродазнаўчай адукацыі ў пачатковай школе: вывучаліся праграмы пачатковай школы па курсе “Чалавек і свет”, выяўляліся найбольш эфектыўныя метады, формы і прыёмы работы, якія ўзмацняюць прапедэўтычную накіраванасць.
Кожныя заняткі ўключаюць у сябе тэарэтычны (тэарэтычнае апісанне і тлумачэнне пэўнага кола з’яў з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў) і эксперыментальны блокі (вывучэнне пэўнага віду з’яў доследным шляхам). На першых двух занятках выразна прасочваюцца міжпрадметныя сувязі, каб навучэнцы разумелі, што канкрэтна вывучае кожны прадмет і як з’явы, што вывучаюцца, могуць быць звязаны паміж сабой. Наступныя заняткі ідуць з чаргаваннем кірункаў. На другім годзе навучання першыя два заняткі адведзены на паўтарэнне раней вывучанага матэрыялу. Так, на занятках па тэме “Чароўная электрычнасць” (фізіка) вучні знаёмяцца з гэтым паняццем, вырабляюць самастойна электраскоп і вывучаюць статычную электрычнасць. Па тэме “Мікрасвет” (біялогія) яны вывучаюць будову мікраскопа і правілы работы з ім. На занятках “Пошукі крухмалу” (хімія) малодшыя школьнікі выкарыстоўваюць ёд для выяўлення крухмалу ў розных прадуктах харчавання (дарэчы, яны ўжо знаёмы з тэрмінам “індыкатары”), даведваюцца, што ў некаторых з іх наяўнасць крухмалу недапушчальная.
Практыка паказвае, што пачаткоўцы выдатна спраўляюцца з прапанаванымі заданнямі, прапедэўтыка прадметаў прыродазнаўчага цыкла эфектыўная: да канца навучання ў 84% вучняў развіты эксперыментальныя навыкі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.