На вуліцы Маладзёжнай

- 9:20Родная земля

Яго можна назваць спадарожнікам Полацка. Як і старэйшы брат, ён узнік на беразе Заходняй Дзвіны. Тут размешчаны буйны нафтахімічны комплекс, а цэнтральнай артэрыяй горада з’яўляецца вуліца з мілагучнай назвай — Маладзёжная… Прыкладна так маглі б гучаць падказкі пра Наваполацк для ўдзельнікаў інтэлектуальнай гульні. Дарэчы, наконт Маладзёжнай. Менавіта гэтая вуліца, як сцвярджаюць новапалачане, з’яўляецца самай доўгай у краіне — амаль 15 км. Прагуляемся па Маладзёжнай, палюбуемся зімовым Наваполацкам.

У кожнага горада — свой лёс, свая жыццёвая гісторыя, адметны вобраз, характар. Ёсць гарады-аптымісты — яркія, дынамічныя, якія няспынна развіваюцца, у якіх віруе жыццё. Ёсць, наадварот, гарады-песімісты — шэрыя, змрочныя, з такімі ж шэрымі і змрочнымі тварамі іх жыхароў. Ёсць гарады-працаўнікі, гарады-рамантыкі, гарады-стара­жылы. Наваполацк — горад-працаўнік. А яшчэ рамантык, летуценнік, аптыміст. Гэта горад маладосці. Невыпадкова і галоўная яго вуліца — Маладзёжная. Менавіта працавітыя маладыя рамантыкі ўзвялі ў другой палове ХХ стагоддзя на беразе Заходняй Дзвіны адзін з самых яркіх нашых гарадоў. Няважна, колькі табе гадоў — 16, 30 або 70. Калі ты жывеш у Наваполацку, значыць, ты малады — характарам, учынкамі, думкамі, неабыякавасцю да жыцця. Новапалачане гэта цудоўна ведаюць і вельмі ганарацца, што іх жыццё звязана з маладым і прыгожым Наваполацкам.

Вернемся на Маладзёжную. Знаёміцца з яе адметнай атмасферай лепш за ўсё пехатой. Прагулка бу­дзе доўгай, не адну гадзіну (усё ж такі 15 км), але яна таго вартая. Можна проста любавацца дамамі, скверамі, можна ўзяць фотаапарат і паспраба­ваць “злавіць” цікавыя імгненні гарадскога жыцця, а можна, як гэта робяць вучні гімназіі № 1 Наваполацка, прапанаваць сябрам, аднакласнікам ра­зам паўдзельнічаць у квест-гульні “Цуды Нафтаграда”. Ёсць толькі адна ўмова: патрэбны добры настрой, мабільны тэлефон і доступ у інтэрнэт.

Першапачаткова вуліца Маладзёжная насіла назву Зялёная. Аднак у Полацку (у яго межы ўваходзіў пасёлак, які пазней ператварыўся ў Наваполацк) ужо была вуліца з такой назвай. Таму Зялёную перайменавалі ў Маладзёжную. Такое рашэнне было цалкам лагічным, паколькі горад будавала моладзь, стваралася шмат маладых сем’яў.

“Гульня стваралася як праект да конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Калі мы ездзілі ў Чэхію і Польшчу па лініі маладзёжных парламентаў, то ў польскім горадзе Рыбнік сталі ўдзельнікамі цікавага квеста. Там прапаноўвалася не проста перамяшчацца па вуліцах і счытваць QR-коды, а паралельна выконваць жартаўлівыя заданні: напрыклад, сфатаграфавацца з казой і г.д. Мы падумалі, чаму б не зрабіць такое і ў Наваполацку. У мінулым годзе пачалі актыўна ўкараняць квест. Калі мы, распрацоўшчыкі (а гэта савет лідараў гімназіі), першы раз праходзілі гульню, то думалі, што 17 пунктаў будзе цяжка пераадолець: трэба прайсці практычна ўсю гістарычную частку Маладзёжнай вуліцы, да таго ж яшчэ і выконваць заданні. Але мы зразумелі, што, дзякуючы сваёй працягласці і складанасці, праект стаў папулярным і доўгатэрміновым. У квесце можна ўдзельні­чаць не толькі вучням, але і іх бацькам, дзядулям і бабулям, братам, сёстрам: дайсці, скажам, да найбліжэйшай кавярні і там адпачыць, а потым у наступную суботу працягнуць выконваць заданні. Калі да нас прыязджа­юць госці і ім трэба паказаць горад, то квест — гэта ідэальны варыянт. З асноўнымі аб’ектамі горада знаёмства адбываецца ў вясёлай форме. Напрыклад, калі спыняемся каля мазаікі на доме, то трэба ўстаць у тую самую позу, як і першабудаўнік на мазаіцы, і адгадаць словы, зашыфраваныя ў мазаіцы: “першабудаўнік”, “горад-сад”, “нафтахімія”, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Уладзіміраўна Дабравольская.

Падчас гульні ўдзельнікі або дзеляцца на каманды, або праходзяць заданні па адзіночцы. Сам маршрут займае 3—4 гадзіны, але яго можна разбіць на некалькі дзён. Адказваеш на пытанне — пераходзіш на наступны пункт. Перамагае той, хто выконвае заданні хутчэй за ўсіх. Азнаёміцца з карткамі квеста можна на старонцы 1-й гімназіі ва “УКантакце”. Калі вы жыхар Наваполацка — можна раздрукаваць карткі і цікава правесці выхадны дзень з сябрамі. Калі вы жыхар іншага населенага пункта, то гэтыя карткі дапамогуць вам бліжэй пазнаёміцца з адметнасцямі Наваполацка.

Мемарыяльны комплекс “Першая палатка”.

У прыроды, як вядома, няма дрэннага надвор’я. І ўсё ж, калі за акном дождж, завіруха або моцныя маразы, вучні і настаўнікі першай гімназіі ўсё роўна могуць прагульвацца па Маладзёжнай з добрым настроем і ў камфортных умовах. Справа ў тым, што ў будынку гімназіі на трэцім паверсе ёсць свая вуліца Маладзёжная. Яе працяг­ласць, канечне, не 15 км, а ўсяго некалькі дзясяткаў метраў. Але і на гэтай адлегласці размясціліся ўсе знакавыя аб’екты сапраўднай Маладзёжнай, а дакладней, іх выявы. На сцяне можна ўбачыць і помнік “першай палатцы”, і будынкі 60, 70, 80-х гадоў, і сучасныя шматпавярховікі, і будаўнічыя краны, і трубы “Нафтана”.

“Паколькі наш горад дастаткова зялёны, то гімназічная вуліца пачынаецца з дрэва дынастый. Тут прадстаўлены звесткі пра цяперашніх вучняў і іх баць­коў, якія калісьці таксама вучыліся ў сённяшняй гімназіі ці ў ранейшай 6-й школе. Зялёнае дрэва — гэта сімвал гімназічных дынастый, а таксама працоўных дынастый горада. Прагульваючыся па калідоры, можна прасачыць за тым, як горад рос. Пачынаецца прагулка з выяў труб завода, таму што горад нафтахімічны, быў створаны дзякуючы “Нафтану”. Ад труб завода адыходзіць вясёлка, якая ўвасабляе моладзь горада, нашу маладосць, сведчыць, што горад развіваецца, ён дынамічны, яркі.

І.У.Дабравольская.

Мы можам бачыць, як паступова з’яўляюцца дамы, усё вышэйшыя і вышэйшыя. На месцы, адкуль пачаўся горад, цяпер мемарыяльны комплекс “Першая палатка”. Мост праз раку нагадвае, што Наваполацк цесна звязаны з ракой, а таксама з іншымі гарадамі, якія знаходзяцца на Заходняй Дзвіне, асабліва з Полацкам. Яшчэ гэта мост, які нібыта злучае пакаленні першабудаўнікоў і сучасных жыхароў. Надпіс “Я люблю мой горад!” сведчыць, што ўсе жыхары лю­бяць Наваполацк, ганарацца ім. Наваполацк — адзін з самых маладых гарадоў у Беларусі не толькі па колькасці гадоў, але і па колькасці маладых жыхароў. Нам падабаецца атмасфера горада, энергія яго пастаяннага руху”, — расказвае вучань 10 класа Мікіта Сугакоў.

Раён, дзе знаходзіцца першая гімназія — гэта “залатая сярэдзіна” Маладзёжнай. У гэтай частцы горада найбольш часта сустракаюцца дамы з мазаікамі і аб’ёмнымі барэльефамі. Сярод іх — будынак сярэдняй школы № 4 Наваполацка. “Наваполацк — горад малады, але ў ім ёсць свае адметнасці. Ад астатніх гарадоў Беларусі адрозніваецца тым, што ў ім шмат мазаічных пано. Ні ў адным іншым горадзе няма такой колькасці мазаікі. Мазаічныя пано ёсць нават у пад’ездах жылых дамоў. Наша школа зберагла гэта. Ёсць мазаіка ў актавай зале, у сталовай, фае. Выкладваліся яны яшчэ ў момант будаўніцтва школы. А гэта 1969 год. Гэтыя мазаікі і барэльефы можна назваць адным з цудаў Наваполацка. Дарэчы, цяпер нашы настаўнікі гісторыі працуюць над праектамі “Сем цудаў Наваполацка”, “Сем цудаў вуліцы Маладзёжнай” і “Сем цудаў нашай школы”.

Адным з цудаў горада з’яў­ляюцца яго жыхары. У нас складваюцца цікавыя ўзаемаадносіны паміж пакаленнямі. Сюды прыязджалі людзі з розных куткоў Савецкага Саюза. Яны былі адважнымі, смелымі. Пагадзіцеся, не кожны пае­дзе наладжваць жыццё за тысячы кіламетраў. Прыязджалі людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, яны і цяпер не даюць “расслабіцца” моладзі. Калі нехта будзе курыць каля пад’езда або дрэнна паводзіць сябе ў грамадскім месцы, яму абавязкова зробяць заўвагу. Адзін з наваполацкіх паэтаў, які прыехаў у ліку першых будаўнікоў, напісаў такія радкі: “Те, что идут за нами, улицы называют нашими именами”. У нас у Наваполацку многія вуліцы названы ў гонар першабудаўнікоў. Гэта героі нашага горада, якія высадзіліся на беразе Дзвіны, сярод балот, і на багністай глебе будавалі спачатку завод, а потым — горад”, — дзеліцца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Святаславаўна Паўлёнак.

У будынку гімназіі № 1 Наваполацка.

На працягу сваёй 60-гадовай гісторыі вуліца Маладзёжная ўвесь час развівалася. Кожны год узводзіліся новыя дамы. Напрыклад, каля 4-й школы калісьці была мяжа горада і разваротнае кальцо гарадскіх аўтобусаў. Захавалася шмат фотаздымкаў таго часу. Азнаёміцца з імі, а таксама са старымі выявамі школы, фота былых настаўнікаў і выпускных класаў можна на выставе “Родная школа, ты ў сэрцы кожнага з нас”, арганізаванай Аксанай Святаславаўнай па выніках праекта па зборы фотаздымкаў школы розных гадоў. Так выглядала школа ў самым пачатку сваёй гісторыі. Потым першае, другое дзесяцігоддзе… Неад’емным атрыбутам, свое­асаблівай яе візітоўкай з’яўляюцца мазаічныя пано ў самім будынку і ўнікальныя барэльефы на фасадзе трох карпусоў школы.

Нягледзячы на малады ўзрост, Наваполацку ёсць чым пахваліцца, у горадзе шмат аб’ектаў, прывабных для турыстаў. Адной з візітовак з’яўляюцца мазаічныя пано і барэльефы. Грунтоўна даследавала гісторыю іх стварэння і мастацкую вартасць вучаніца 10 класа гімназіі № 1 Марыя Ржавуцкая пад кіраўніцтвам настаўніцы выяўленчага мастацтва Таццяны Барысаўны Рыбак.

А.С.Паўлёнак у актавай зале сярэдняй школы № 4 на фоне мазаічнага пано.

“У 70-я гады XX стагоддзя ў прыярытэце было ўзвядзенне як мага большай колькасці квадратных метраў у максімальна сціснутыя тэрміны. Праўда, у Наваполацку ў тыя гады прытрымліваліся іншага меркавання. Верагодна, таму першы сакратар гаркама партыі Артур Бязлюдаў запрасіў працаваць у Нафтаград маладога таленавітага мастака Віктара Лук’янава. У 1975 годзе мастак зрабіў эскізы для першых двух дамоў, потым пайшлі іншыя заказы. У той час у Наваполацку дзейнічала сістэма, калі мастакі і архітэктары працавалі разам. У выніку любы праект з’яўляўся сінтэзам манументальнага мастацтва і архітэктуры. Таму тыпавы праект ператвараўся ў індывідуальны, арыгінальны. Галоўнай задачай мастакоў і архітэктараў было наданне шэрым новабудоўлям індывідуальнасці. Над мазаікамі працавалі 26 мастакоў з вышэйшай адукацыяй. У асноўным гэта былі выпускнікі Беларускага тэатральна-мастацкага і Віцебскага педагагічнага інстытутаў. Сярод самых вядомых — Канавалаў і Лук’янаў”, — паведаміла вучаніца.

На кожным доме змяшчаўся свой сюжэт, нават у кожнага пад’езда быў свой колер. Мазаічныя пано ўяўлялі сабой геаметрычныя арнаменты, знакі задыяка, стылізаваныя прыродныя матывы, абстракцыі, адлюстроўвалі спартыўную тэматыку, тэму космасу. Калі ўзга­даць знакаміты фільм Эльдара Разанава пра аднатыпную забудову савецкіх гарадоў, то работу наваполацкіх мастакоў і архітэктараў можна назваць унікальнай. Ды што гаварыць пра той час, калі і цяпер такі індывідуальны падыход да планавання фасадаў шматпавярховікаў з’яўляецца хутчэй выключэннем, чым правілам. Мазаіку рабілі таксама і для прыпынкаў грамадскага транспарту. У нядаўнім мінулым такія мазаікі лічыліся несучаснымі, таму нядзіўна, што да нашага часу дайшлі не ўсе. Дзесьці керамічныя пліткі і камень, з якіх рабілі мазаіку, збіваліся, дзесьці манументальныя работы затынкоўваліся. Выдатна, што па гэтым шляху “асучаснівання” не пайшлі, скажам, у той жа 4-й школе. Напрыклад, пры рамонце актавай залы мазаічныя пано былі захаваны.

“Унікальнае афармленне дамоў, пад’ездаў і прыпынкаў, на наш погляд, вырашае найважнейшую праблему сучаснага грамадства — зрабіць кожны горад дарагім адначасова для ўсіх, але пры гэтым і для кожнага жыхара па-свойму. Мазаічнае пано — асаблівасць горада, помнік часу і мастацкі скарб, які ў свой час атрымаў Наваполацк і які важна максімальна захаваць цяпер”, — адзначыла аўтар работы.

У кожнай эпохі — свае героі. У час ударных камсамольскіх будоўляў гэта былі простыя хлопцы і дзяўчаты, якія ехалі па закліку сэрца за тысячы кіламетраў у невядомыя мясціны працаваць на карысць Радзімы. 7 чэрвеня 1958 года ў 6 гадзін раніцы прыкладна ў тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца помнік “першай палатцы”, выса­дзіўся дэсант у скла­дзе 15 чалавек, які прыплыў на двух катарах з боку Полацка па Заходняй Дзвіне. Гэтыя людзі і заснавалі Наваполацк. Менавіта так, нібыта ў старадаўнім летапісе, і пачынаецца гісторыя горада. Дарэчы, некаторыя сённяшнія новапалачане памылкова думаюць, што першабудаўнікі жылі ў палатках. На самай справе, першыя палаткі выконвалі ролю адміністрацыйных будынкаў. Там размяшчаўся аддзел кадраў, друкавалася газета “Знамя новостройки”. А кватаравалі першабудаўнікі або ў вясковых дамах, або ў Полацку ў інтэрнаце.

З установамі адукацыі ў Музея гісторыі і культуры Наваполацка наладжаны цесныя сувязі. Праводзяцца экскурсіі, квесты, інтэлектуальныя турніры. Адной з форм работы з’яўляецца правядзенне конкурсу малюнкаў. У мінулым годзе — да 60-годдзя вуліцы Маладзёжнай, а нядаўна завяршыўся конкурс “Зіма ў горадзе”.

Адны з самых каштоўных экспанатаў — гэта першы беларускі бензін, атрыманы 9 лютага 1963 года, і першы беларускі поліэтылен, атрыманы 4 лютага 1968 года.

У Наваполацку ганарацца першабудаўнікамі і беражліва захоўваюць пра іх памяць. З фотаздымкамі адважных хлопцаў і дзяўчат, якія прыехалі на ўсесаюзную будоўлю, з прадметамі іх быту, асабістымі рэчамі можна азнаёміцца ў Музеі гісторыі і культуры Наваполацка. “Мэтай усесаюзнай будоўлі быў спачатку нафтаперапрацоўчы завод, затым ужо ўзнік невялікі пасёлак, а потым і горад, які свой статус атрымаў у 1963 го­дзе. Дарэчы, першапачаткова яго хацелі назваць Камсамольск-на-Дзвіне, але спыніліся на варыянце Наваполацк. Для будаўніцтва Наф­таграда разглядалася шмат варыянтаў. Поўнач Беларусі выбралі невыпадкова, бо тут яшчэ не было развітой прамысловасці. Да таго ж на карысць гэтага варыянта адыграла і наяўнасць буйной воднай артэрыі. Хаця мясцовасць для будаўніцтва тут спецыфічная. Па ­ўспамінах першабудаўнікоў, калі ўвечары выкопвалі катлаван, то на наступны дзень там было па пояс вады.

Гэты малады чалавек у кепцы, які ўсміхаецца на фотаздымках, — Пётр Блахін. Вось яго бюст. Ён быў камсоргам на будоўлі. У кожнага з іх, першабудаўнікоў, адметны лёс. Мікалай Сямёнавіч Кускоў цікавы тым, што вёў дзённік. Ён быў у складзе першых 15 чалавек, якія прыплылі сюды ў чэрвені 1958 года. З таго дня ён вёў запісы на працягу 9 гадоў. Быў брыгадзірам. Ён узгадваў, што выпадковыя людзі тут не затрымліваліся. Цікава чытаць гэтыя ўспаміны. Нешта расказваецца з гумарам, нешта ёсць трагічнае, усё як у сапраўдным жыцці. Тады юнакі і дзяўчаты ехалі сюды па камсамольскіх пуцёўках, гэта быў усесаюзны прызыў, новая нафтахімічная галіна, было вельмі цікава, перспектыўна. Узводзілі завод у кароткія тэрміны. Многія тут пачыналі сваю працоўную біяграфію, бо толькі скончылі школу. Ім было 17, 18 гадоў… Наш музей спецыфічны. Ён нечым нагадвае музей савецкага побыту. Прадметы перадаваліся або самімі першабудаўнікамі, або іх роднымі. Тут шмат аўтэнтычных рэчаў. Усяго экспазіцыя складаецца з чатырох раздзелаў і расказвае пра гісторыю стварэння горада, розныя аспекты яго жыцця, у тым ліку пра развіццё адукацыі, спорту, культуры, прамысловасці”, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Святлана Браніславаўна Філіпенкава.

Гарады нібы людзі, з адметным лёсам, жыццёвай гісторыяй. Наваполацк — гэта горад-працаўнік, горад-рамантык, горад-аптыміст, горад, куды хочацца вярнуцца, каб яшчэ раз адчуць яго атмасферу маладосці, жыццёвага аптымізму.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.