Першы ў гэтым годзе абласны навукова-метадычны савет прайшоў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў новым фармаце, з прыцягненнем больш шырокай аўдыторыі метадыстаў з усяго рэгіёна, і быў прысвечаны пытанням выхавання.
Невыпадкова на разгляд навукова-метадычнага савета былі вынесены праблемы грамадзянска-патрыятычнага, духоўна-маральнага выхавання моладзі. Менавіта пытанні выхавання маладога пакалення былі разгорнута і змястоўна абмеркаваны на VI Усебеларускім народным сходзе. На гэтым засяродзіў увагу, выступаючы перад удзельнікамі савета, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама дэлегат УНС Руслан Абрамчык.
Ахарактарызаваўшы атмасферу на VI Усебеларускім народным сходзе як максімальна канструктыўную, ён адзначыў, што дыялог тычыўся далейшага развіцця ўсіх сфер жыцця краіны, у тым ліку і сацыяльнай.
— Што характэрна, выхаваўчая работа з дзецьмі і моладдзю прайшла чырвонай ніткай праз увесь форум, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Хто б ні выступаў — кіраўнік дзяржавы або дэлегаты ад працоўных калектываў, металургі, ткачы, палітолагі — усе адзначалі важнасць таго, што ў наступную пяцігодку сістэма работы з навучэнцамі, моладдзю павінна атрымаць новы імпульс з яшчэ большай канцэнтрацыяй увагі на гэтым вектары. Асаблівая ўвага звярталася на захаванне памяці аб Вялікай Перамозе, фарміраванне інфармацыйнай дасведчанасці моладзі, аказанне метадычнай падтрымкі педагагічным калектывам у арганізацыі выхаваўчай работы.
Як расказаў Руслан Абрамчык, многія дэлегаты адзначалі, што прафарыентацыя павінна пачынацца ў максімальна ранні перыяд вучобы ў школе. У сярэдніх класах дзеці павінны ўяўляць, што такое грамадства, як працуюць прадпрыемствы, чым занятыя дарослыя. Гэта дазволіць вучням на этапе дапрофільнай падрыхтоўкі ў 8—9 класах вырашыць, якія прадметы ім патрэбныя для таго, каб прыйсці ў тую ці іншую прафесію. І ўжо ў 10—11 класах яны змогуць дакладна вызначыцца з профілем. Вельмі шмат увагі было ўдзелена трансфармацыі ўсёй сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі ў краіне.
Працягнуўшы тэму выхавання, начальнік Цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Акімава падкрэсліла, што ўвесь мінулы год педагогі ГрАІРА працавалі ў новым фармаце па суправаджэнні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ў вобласці, быў рэалізаваны шэраг напрацовак, прадстаўлены інавацыйныя формы работы.
— Без аказання моладзі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай падтрымкі мы не зможам рушыць далёка наперад у пытаннях выхавання. Таму на разгляд савета вынесена гэтае пытанне. Вядома ж, важна ўзаемадзеянне ў трыядзе “педагог-бацькі-навучэнец”. На Гродзеншчыне ўжо шмат зроблена ў гэтым кірунку, на працягу ўсяго мінулага года праходзіў метадычны марафон “Сацыяльна-педагагічная падтрымка навучэнцаў”, штомесячна праводзіліся розныя практыка-арыентаваныя мерапрыемствы для сацыяльных педагогаў і псіхолагаў. Да 75-годдзя Вялікай Перамогі рэалізаваны маштабны праект. Гэтыя і іншыя напрацоўкі мы хочам прадэманстраваць педагагічнай грамадскасці для далейшага шырокага ўкаранення іх у практыку, — адзначыла Алена Акімава.
У сучасных умовах прынцыпова важным з’яўляецца пошук новых падыходаў у рабоце з моладдзю, якія дазваляюць супрацьстаяць скажэнню фактаў аб Вялікай Айчыннай вайне, захоўваць гістарычную праўду як процідзеянне распаўсюджванню нацыянальнага і палітычнага экстрэмізму.
Гаворачы пра сучасныя формы грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, метадыст Цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы ГрАІРА Лілія Курылёнак засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў савета на інтэрактыўным праекце “#ГІСТОРЫЯ#ПАМЯЦЬ#БУДУЧЫНЯ.BY”, які рэалізаваны з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў і сучасных тэхналогій.
Вопытам работы Ленінскага раёна Гродна па арганізацыі метадычнага суправаджэння спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы падзялілася загадчык вучэбна-метадычнага кабінета раёна Іна Сяльцова. А метадыст Скідзельскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Іна Шлык расказала аб метадычным суправаджэнні праекта “Апрабацыя мадэлі фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцей у навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў пазавучэбнай дзейнасці” як сродку павышэння прафесійных кампетэнцый педагогаў у выхаваўчай рабоце.
Удзельнікі навукова-метадычнага савета пазнаёміліся з выставай, прысвечанай Году малой радзімы, якая разгарнулася ў фае інстытута развіцця адукацыі. На працягу трох гадоў установы адукацыі Гродзеншчыны рэалізоўвалі розныя праекты па вывучэнні малой радзімы, выхаванні ў навучэнцаў любові да свайго куточка зямлі. Прадстаўленае на выставе — толькі маленькая частка таго, што было зроблена за гэты час.
Экскурсійна-турыстычны маршрут “Пагранічны Гродна” працягласцю 9,5 км распрацавала сярэдняя школа № 3 імя В.М.Усава Гродна. Правесці па гэтым маршруце турыстаў або вучняў іншых устаноў адукацыі могуць школьныя экскурсаводы. А для дашкольнікаў, якім такі шлях адолець складана, зрабілі электрыфікаваную карту-маршрут — яна выклікае ў малых непадробленую цікавасць.
У сярэдняй школе № 5 Навагрудка задаліся мэтай падлічыць, колькі фільмаў знята ў іх краі. Даследаванне лягло ў аснову распрацаванага турыстычнага маршруту “Навагрудчына на кінастужцы”.
Свой праект “Гістарычна-культурная спадчына Гродна” прадставіў вучань 10 класа сярэдняй школы № 32 Мікіта Нікулін. Камп’ютарная адукацыйная гульня дазваляе акунуцца ў гісторыю горада, праверыць сваё веданне гістарычных помнікаў. Навучэнка ліцэя № 1 Гродна Соф’я Адамовіч расказала пра мабільны адукацыйны дадатак “Лёсам звязаныя з Гродна”, аснову якога складаюць карты з пракладзенымі на іх маршрутамі. Дадатак можа быць карысным турыстам, навучэнцам і выкладчыкам. Як і яшчэ адзін — “Рыцар краязнаўства”, таксама створаны навучэнцамі ліцэя № 1 у дапамогу настаўнікам для арганізацыі дыстанцыйнай работы. Распрацоўка дазваляе вучням правесці час з карысцю.
На выставе былі таксама прадстаўлены аб’ёмныя макеты замкаў, касцёлаў, цэркваў, якія выкарыстоўваюцца для вывучэння помнікаў гісторыі і культуры малодшымі школьнікамі, Лега-праект і наглядныя дыдактычныя матэрыялы па вывучэнні роднага краю.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.