Валянціна Уладзіміраўна Саханькова выкладае беларускую мову і літаратуру ў гімназіі № 61 Мінска. Стаж работы настаўніцы складае больш за 30 гадоў. За свае прафесійныя заслугі ў лютым гэтага года Валянціна Уладзіміраўна атрымала нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.
Нарадзілася будучая настаўніца ў вёсцы Вялікая Зімніца Слаўгарадскага раёна. Вучылася спачатку ў Горацкім педагагічным вучылішчы на настаўніка пачатковых класаў. Потым скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”, але насуперак усяму стала настаўніцай менавіта роднай мовы. Яшчэ ў дзяцінстве ні пра што іншае не марыла, як стаць настаўніцай.
— У школе я была актывісткай, старшынёй Савета дружыны, — расказвае Валянціна Уладзіміраўна. — Набывала для сябе кнігі са сцэнарыямі, таму што мне падабалася арганізацыйная дзейнасць. Цяпер мне таксама падабаецца выхаваўчая і пазакласная работа. У нашай гімназіі працуе тэатр батлейка, скрыню для якога мы зрабілі самі. Кожны год у Дзень роднай мовы ставім розныя сцэнкі. Раней з дзецьмі хадзілі ў паходы. Акрамя гэтага, я падрыхтавала даведнік “Турысцкімі маршрутамі Міншчыны”. Зараз удзельнічаю ў раённым конкурсе навукова-метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту па арганізацыі турысцка-краязнаўчай і эколага-біялагічнай работы з дзецьмі і моладдзю, дзе прадстаўляю зборнік метадычных матэрыялаў і праектаў “Падарожжа па краіне продкаў”. Сцэнарыі ў ім — у вершаваным выглядзе.
Валянціна Уладзіміраўна ўпэўнена, што сучаснаму школьніку немагчыма быць без камп’ютара. “Карыстаемся на занятках усімі даступнымі тэхнічнымі сродкамі: глядзім дакументальныя фільмы пра пісьменнікаў, слухаем лірыку, а часам і звяртаемся да смартфонаў, каб выканаць практыкаванні рознага ўзроўню. Зараз нават у падручніках з’явіліся QR-коды, час не стаіць на месцы”, — расказвае педагог пра сваю працу.
Настаўніца выдатна спраўляецца з умовамі новага часу: і са складанай эпідэмічнай абстаноўкай, і з камп’ютарнымі тэхналогіямі, і з сучаснымі дзецьмі.
— Зараз пачынаеш лепш разумець дзяцей, — працягвае Валянціна Уладзіміраўна Саханькова. — Наша пакаленне зусім іншае. Напрыканцы 90-х гадоў я была ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, і, калі вярнулася ў школу, мне спачатку было цяжка зразумець тагачасных вучняў, бо мы былі не такімі ў свой час. Мы не так падыходзілі да настаўніка, баяліся яго штосьці спытаць. Праз два гады я зразумела, што мы павінны прымаць дзяцей такімі, якія яны ёсць. Не дзеці да нас павінны прыстасоўвацца, а мы павінны знаходзіць прыёмы, каб іх зацікавіць.
Дзеці шмат загружаны конкурсамі, творчымі заданнямі, але здараецца, што і камп’ютар перашкаджае працаваць. Навучэнцы знаходзяць гатовыя адказы і не прыкладваюць сіл да таго, каб выканаць заданне сумленна. Я тлумачу, што там, у інтэрнэце, бываюць памылкі, але, калі пішам дыктант або пераказ, усё роўна на перапынку ў вучняў ёсць спакуса заглянуць у сетку.
Настаўніца прызнаецца, што на працы праводзіць больш часу, чым дома: сшыткі, падрыхтоўка да ўрокаў. Дамашнім увагі не хапае. “Здаецца, ужо такі вопыт маю і планы ёсць, але мне ўсё роўна хочацца правесці ўрок па-іншаму, — дзеліцца В.У.Саханькова. — Яшчэ больш даступна. Кожны навучальны год не падобны на папярэднія, усе ўрокі аднолькавымі не будуць. Калі шмат працуеш, узнікае яшчэ больш адказнасці за вынікі сваёй працы і яшчэ больш паўстае пытанняў. Здаецца, столькі ўжо ў педагогіцы, а не ведаеш часам, як знайсці адказ на якое-небудзь пытанне: ці нейкі сказ незвычайны трапляецца, ці слова. Век жыві — век вучыся. І не да канца ўсё паспееш засвоіць”.
У вольны час, калі такі здараецца, Валянціне Уладзіміраўне Саханьковай падабаецца займацца рукадзеллем. Захацелася — навучылася рабіць лялек. Нават арганізавала ў гімназіі ў Дзень роднай мовы майстар-клас “Робім ляльку”. А дома — шмат вышыўкі і ручнікоў. Некаторыя дасталіся нашай гераіні ад бабулі, маці, некаторыя купляла сама. А яшчэ Валянціна Уладзіміраўна цікавіцца этнаграфіяй і можа сплесці кошык з каляровага дроту, а можа старажытную хату пабудаваць… з палачак для сушы.
— Дзеці — галоўны падарунак для мяне, — прызнаецца настаўніца. — Калі зіхацяць іх вочы, калі яны гатовы адказваць на пытанні. Не так важна атрымаць кветкі, цукеркі на свята. Узняць настрой другому чалавеку — вось гэта свята.
Юлія СПІЧАКОВА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.