Моцныя парасткі будучай навукі

- 10:00Вышэйшая школа

Падведзены вынікі XXVII Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце ўрачыста ўзнагародзілі ўсіх лаўрэатаў.

Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэй Касоўскі ўзнагароджвае прадстаўніцу БДПУ Яну Васільеву.

Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 3767 студэнтаў і магістрантаў з 54 устаноў вышэйшай адукацыі. Яны прадставілі амаль 3,5 тысячы работ. Найбольш актыўна на конкурс падаваліся прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (278 работ), Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсі­тэта (192), Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (187), Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (177).

Па выніках конкурсу званне лаўрэата прысвоена аўтарам 70 навуковых работ (60 з іх пад­рыхтаваны індывідуальна, 10 — у суаўтарстве). 839 работ аднесены да першай катэгорыі, 1356 — да другой, 701 — да трэцяй.

Вітаючы лаўрэатаў конкурсу, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава заўважыла: “Гэта вельмі значная падзея ў вашым жыцці — вынік плённай навукова-даследчай працы і першае прызнанне дасягненняў у навуцы. Навукова-даследчая работа студэнтаў — важны складнік дзейнасці кожнага ўніверсітэта. Яна накіравана на дасягненне дзвюх асноўных мэт: з аднаго боку, зрабіць максімальны ўклад у прафесійны рост будучага спецыяліста, а з другога — забяспечыць пераемнасць у падрыхтоўцы навуковых кадраў шляхам фарміравання даследчыцкіх кампетэнцый і зацікаўленасці студэнтаў у навучанні ў аспірантуры”.

Ірына Старавойтава адзначыла, што ў нашай краіне створаны неабходныя ўмовы для фарміравання ў студэнтаў даследчыцкіх навыкаў, аказваецца ўсебаковая дапамога адоранай моладзі ў творчым і кар’ерным росце. Як паказвае практыка, вынікі больш за 90% конкурсных работ ужо апублікаваны, дакладваліся на канферэнцыях, укаранёны ў адукацыйны працэс і вытворчасць. Усяго ўдзельнікамі конкурсу апублікаваны 8622 артыкулы і 6157 тэзісаў дакладаў, укаранёны ў вытворчасць і вучэбны працэс 5422 распрацоўкі, атрымана 14 дакументаў па ахове інтэлектуальнай уласнасці.

“Якасць конкурсных работ студэнтаў у значнай ступені вызначаецца прафесіяналізмам іх навуковых кіраўнікоў”, — падкрэсліла Ірына Старавойтава.

Сёлета работы падрыхтаваны пад кіраўніцтвам 2570 выкладчыкаў, сярод якіх — 246 дактароў навук і 1526 кандыдатаў навук. Варта адзначыць студэнтаў і навуковых кіраўнікоў БДУ, якія падрыхтавалі 11 работ, узнагароджаных дыпломамі лаўрэатаў конкурсу, а таксама Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта — 6 лаўрэацкіх дыпломаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.