20 ліпеня пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У гэты дзень мы наведалі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, дзе выпускнікі педкласаў праходзілі прафесійнае субяседаванне.
Трэба сказаць, што прыём дакументаў ад выпускнікоў педкласаў, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных экзаменаў, доўжыцца ўсяго тры дні (з 20 па 22 ліпеня). Таму з самага пачатку ва ўніверсітэце даволі мнагалюдна.
— Сёння для нас сапраўды вельмі вялікае свята — пачалася ўступная кампанія, — адзначыў рэктар БДПУ прафесар Аляксандр Жук. — І ўжо традыцыйна ў апошнія гады мы бачым вялікую зацікаўленасць выпускнікоў педагагічных класаў. Яны складаюць касцяк абітурыентаў. Радуе, што гэта маладыя людзі, якія зрабілі свядомы выбар прафесіі. У іх выдатныя партфоліа, якія ўключаюць матэрыялы педагагічных проб, урокаў, розных актыўнасцей, якія яны праводзілі са школьнікамі малодшых класаў. І радуе, што хлопцы таксама ідуць на педспецыяльнасці. Па мінулых гадах мы бачым, што на некаторыя факультэты паступае больш за 40% хлопцаў. Гэта сведчыць пра тое, што прэстыж педагагічнай прафесіі расце.
У першы дзень прыёмнай кампаніі вядучы педагагічны ўніверсітэт наведаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Разам з рэктарам БДПУ Аляксандрам Жуком яны пабывалі на субяседаванні з выпускнікамі педкласаў, пагутарылі з абітурыентамі.
— Педагагічныя класы апраўдалі сябе на практыцы, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — Гэта станоўчы вопыт, на які сёння робіць стаўку сістэма адукацыі. Выпускнікі педагагічных класаў матываваныя, яны разумеюць, што іх чакае пасля навучання ва ўніверсітэце. У выніку мы атрымаем прафесіяналаў, а не выпадковых людзей. Гэта выдатная практыка.
Як паведаміў Аляксандр Жук, сёння ў краіне дзейнічаюць больш за 480 педагагічных класаў і груп, якія раўнамерна размеркаваны па ўсёй краіне. У іх вучацца звыш 4,2 тысячы дзяцей. Таму ў БДПУ чакаюць добры кантынгент.
— Яшчэ некалькі гадоў назад у нас былі недаборы на педспецыяльнасці, а сёння сітуацыя зусім іншая. Конкурс — каля двух чалавек на месца, на некаторыя спецыяльнасці яшчэ вышэйшы, — адзначыў Аляксандр Жук. — Мы набіраем сёлета каля 2,2 тысячы абітурыентаў па 31 спецыяльнасці, на 19 з іх паступаюць выпускнікі педагагічных класаў. Да нас прыходзяць абітурыенты, якія стануць педагогамі не ў першым пакаленні. Гэта значыць, выбар робіцца свядома, што вельмі важна ў педагагічнай прафесіі.
Выпускнік сталічнай школы № 32 Аляксей Баравік паступае на спецыяльнасць “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”. Хлопец расказвае, што будзе педагогам у пятым пакаленні.
— У маёй сям’і, пачынаючы з прапрадзеда, у кожным пакаленні былі педагогі. Прапрадзед працаваў у школе яшчэ за польскім часам. Педагогам была сястра прадзеда. Бабуля выкладала ў школе перадавога вопыту. Мае бацькі і цётка таксама з’яўляюцца педагогамі. Гэта вельмі блізкая і зразумелая мне прафесія, і я рады, што буду прадаўжальнікам доўгай сямейнай традыцыі, — гаворыць Аляксей Баравік.
Выпускнік сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў Дзмітрый Таган прыйшоў на субяседаванне з сур’ёзным партфоліа. Хлопец не хавае сваёй радасці ад таго, што ён тут, у педагагічным універсітэце, і ўжо без пяці хвілін студэнт.
Дзмітрый з мнагадзетнай сям’і. Старэйшы брат ужо працуе, а дома застаюцца меншыя брат і дзве сястры. Само жыццё навучыла юнака займацца з дзецьмі, разумець іх патрэбы, шукаць да іх падыходы. Здаецца, педагогіка ўжо ў яго крыві. Калі Дзмітрый даведаўся, што ў школе ёсць клас педагагічнай накіраванасці, то адразу вырашыў паспрабаваць.
— Я вельмі люблю хімію і біялогію, але раней успрымаў гэта як хобі, — расказвае Дзмітрый. — На факультатыве “Уводзіны ў педагагічную прафесію” даведаўся, што ёсць такая прафесія — вучыцца і вучыць іншых, і вельмі зацікавіўся. А калі ў дзень самакіравання паспрабаваў сябе ў ролі настаўніка, то зразумеў, што гэта маё. І чым больш было заняткаў, тым больш я хацеў стаць сапраўдным настаўнікам. Гэта высокая адказнасць, калі трэба да кожнага знайсці падыход, кожнаму патлумачыць, кожнага навучыць. Я хачу, каб гэта стала маёй прафесіяй.
Дзмітрый Таган паступае на факультэт прыродазнаўства. Сярэдні бал у яго атэстаце — 9,2. Субяседаванне пройдзена! Наперадзе ў хлопца — чатыры захапляючыя гады студэнцкага жыцця і педагагічная дзейнасць, пра якую ён марыць.
Восенню 2020 года ва ўніверсітэце быў створаны студэнцкі клуб выпускнікоў педкласаў “ПРОФіль+”. Адзін з напрамкаў дзейнасці клуба — прафарыентацыйная работа з абітурыентамі і іх бацькамі. Студэнты наведваюць школы, у якіх адкрыты педкласы, дзеляцца з дзецьмі ведамі, матывуюць іх праз свае гісторыі поспеху, натхняюць уласным прыкладам. Зараз удзельнікі клуба “ПРОФіль+” працуюць у якасці валанцёраў, дапамагаюць абітурыентам на этапе субяседавання і падачы дакументаў.
— Да нас часта падыходзяць абітурыенты, якія вельмі хвалююцца, але пасля размовы супакойваюцца і ідуць на субяседаванне ў добрым настроі, — расказваюць студэнты. — Абітурыенты цікавяцца, якія пытанні можа задаваць камісія. Калі нашы факультэты супадаюць, просяць расказаць пра спецыяльнасці, а калі не супадаюць, знаходзім, да каго можна звярнуцца з канкрэтнымі пытаннямі. Ахвотна пакідаем абітурыентам свае кантакты на той выпадак, калі ў іх з’явяцца пытанні пазней. Мы адкрыты для зносін з будучымі калегамі.
Марына Гапеева, Паліна Барташ, Ягор Бельскі вучацца на факультэце прыродазнаўства. Студэнты расказваюць, што за час вучобы толькі ўмацаваліся ў сваім прафесійным выбары. Прызнаюцца, што ў пачатку навучання ва ўніверсітэце выпускнікі педкласаў маюць пэўную фору.
— Ва ўніверсітэце мы вывучаем педагогіку і псіхалогію, але гэтыя навукі для нас не новыя, — гавораць студэнты. — У сваіх педагагічных класах на факультатыве “Уводзіны ў педагагічную прафесію” мы атрымалі веды, якія вельмі спатрэбіліся на 1 курсе. Гэта моцны фундамент, на які добра кладуцца іншыя навукі.
БДПУ ажыццяўляе набор на 31 спецыяльнасць І ступені вышэйшай адукацыі. На дзённую форму за кошт бюджэту сёлета плануецца прыняць 885 чалавек, на ўмовах аплаты — 435 (на завочную форму — адпаведна 275 і 600). У тым ліку мэтавы набор складзе 213 чалавек.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.