Каардынацыя працэсу стварэння і дзейнасці метадычных фармiраванняў, узаемадзеянне ў пытаннях арганізацыі метадычнай работы з упраўленнямі адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Мінска, удзел у стварэнні сістэмы дыферэнцыраваных сэрвісных паслуг бесперапыннай адукацыі, аказанне інфармацыйна-метадычнай падтрымкі ў сістэме бесперапыннай адукацыі, фарміраванне банка даных эфектыўнага педагагічнага вопыту і садзейнічанне ў яго распаўсюджванні — усё гэта ўваходзіць у функцыі ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы Цэнтра аналітычнага менеджменту рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, якое было створана 10 гадоў назад. Спосабамі каардынацыі адзінай метадычнай сістэмы павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў сталіцы ў перыяд паміж павышэннем кваліфікацыі сёння з намі дзеліцца намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы Валянціна Леанідаўна МАЕЎСКАЯ.
— Валянціна Леанідаўна, сёння сталічных педагогаў нічым не здзівіш. Тым не менш раскажыце, калі ласка, пра найбольш удалыя мерапрыемствы ўжо мінулага навучальнага года?
— За 2013/2014 навучальны год на базе ўстаноў адукацыі Мінска праведзена больш за тысячу метадычных мерапрыемстваў, у якіх прыняло ўдзел каля 20 тысяч педагагічных работнікаў. У кожным раёне горада арганізавана работа школ пачынаючага настаўніка “Уводзіны ў прафесію”, кіраўніцкага майстэрства (для кіраўнікоў устаноў адукацыі), маладога намесніка кіраўніка ўстановы адукацыі, а таксама створаны 72 міжраённыя аб’яднанні, у рабоце якіх задзейнічана больш за 5 тысяч педагогаў. Метадычная сетка горада пастаянна развіваецца і на сённяшні дзень уключае 247 раённых метадычных фарміраванняў настаўнікаў-прадметнікаў. Створаная метадычная сетка аптымальная і дае магчымасць задаволіць адукацыйныя запыты педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў павышэнні прафесійнага ўзроўню і эфектыўнага абмену педагагічным вопытам.
Павышэнне прафесійнага майстэрства настаўнікаў у кожным раёне горада мае сваю спецыфіку. Цікавым для педагогаў з’яўляецца эфектыўны вопыт правядзення міжраённых семінараў-практыкумаў з прымяненнем інтэрактыўных форм педагагічнага ўзаемадзеяння. Так, з дапамогай метадычных прыёмаў “Асацыяцыя”, “Відэашэраг”, “Мазгавы штурм” педагогі Партызанскага, Першамайскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёнаў абмеркавалі магчымасці асобасна арыентаванага падыходу ў дзейнасці па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця, распрацавалі сістэму мерапрыемстваў па захаванні і ўмацаванні здароўя вучняў ва ўмовах групы прадоўжанага дня з выкарыстаннем сучасных здароўезберагальных тэхналогій.
З дапамогай інтэрактыўных форм, метадаў і метадычных прыёмаў (“Ледакол”, “Сляпы тэкст”, КТД “Вобраз сучаснага настаўніка геаграфіі”) удзельнікі творчага дыялогу абмеркавалі магчымасці праектна-даследчай дзейнасці ў выкладанні геаграфіі. Для кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі Маскоўскага, Савецкага, Партызанскага і Цэнтральнага раёнаў сталіцы праведзена галерэя вопыту “Маленькія сакрэты вялікіх адкрыццяў”.
Адной з эфектыўных форм распаўсюджвання педагагічнага вопыту з’яўляецца майстар-клас. Напрыклад, на базе гімназіі № 29 сталіцы адбыўся майстар-клас “Актыўныя формы работы па рэалізацыі ўзаемасувязей геаграфічнай і эканамічнай адукацыі”, дзе педагогі праз удзел у дзелавых гульнях “Як патраціць грошы?”, “Дзе пабудаваць фабрыку?” і інш. атрымалі дадатковую інфармацыю для фарміравання эканамічнай культуры вучняў.
На працягу апошніх трох гадоў у Заводскім раёне найбольш запатрабаванай стала такая форма арганізацыі метадычнай работы, як інтэграваныя метадычныя аб’яднанні настаўнікаў некалькіх навучальных прадметаў, аб’яднаных агульнымі прыкметамі. Інтэграцыя дапамагае рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі, знаходзіць агульныя пункты сутыкнення, больш глыбока і ў большым аб’ёме перадаваць змест вучэбнага матэрыялу.
Адным з запатрабаваных напрамкаў работы з педагогамі ўстаноў адукацыі Ленінскага раёна з’яўляецца выкарыстанне базы рэсурсных цэнтраў. Напрыклад, на базе рэсурснага цэнтра гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны функцыянуе раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў грамадска-гуманітарнага кірунку, а на базе рэсурснага цэнтра ліцэя № 2 — раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў прыродазнаўча-матэматычнага напрамку.
Актуальным у 2013/2014 навучальным годзе стала павышэнне метадычнага ўзроўню педагогаў з дапамогай дыстанцыйнага навучання ў сістэме Moodle. Дыстанцыйнае (віртуальнае) метадычнае аб’яднанне настаўнікаў інфарматыкі — гэта адкрытая пляцоўка для зносін педагогаў. Шырокі рэзананс атрымала не толькі ў раёне, але і ў горадзе абмеркаванне арганізацыі факультатыўных заняткаў па праграмаванні, бо ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” прадугледжвае стварэнне праграмнага прадукту, што ў сваю чаргу патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі педагогаў і вучняў. Варта адзначыць, што сярод педагогаў набірае папулярнасць дыстанцыйнае кансультаванне, якое аказваюць метадысты нашага ўпраўлення. Толькі са студзеня па май бягучага года дыстанцыйнае кансультаванне было аказана больш чым 800 педагагічным работнікам.
— Асобна хочацца спытаць пра настаўнікаў замежнай мовы. Што адбывалася ў іх метадычным жыцці?
— Шмат чаго цікавага. Напрыклад, у працэсе правядзення метадычнай дэкады настаўніца гімназіі № 12 Таццяна Сеўрукова прадставіла майстар-клас “Блог класа як эфектыўны сродак вывучэння замежнай мовы”. Сумесны блог класа быў прадстаўлены як адаптаваная форма інтэрнэт-дзённіка для выкарыстання ў вучэбнай і ў пазавучэбнай дзейнасці з мэтай павышэння матывацыі вучняў да вывучэння замежнай мовы.
Пры правядзенні майстар-класа “Навучанне ўспрыманню і разуменню мовы на слых з мэтай павышэння ўзроўню камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў” Наталля Красоўская, настаўніца замежнай мовы гімназіі № 192, прадставіла сістэму эфектыўнага навучання, цалкам заснаваную на аўтэнтычных матэрыялах, дзе ўсе аўдыя- і відэазапісы зроблены носьбітамі мовы. Цікавы таксама і той факт, што на вучэбных занятках і ў пазаўрочны час настаўніца выкарыстоўвае камп’ютарную праграму “Скайп” для прамых зносін з носьбітамі мовы, што, безумоўна, спрыяе павышэнню ўзроўню камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў.
Кірмаш ідэй па выкарыстанні розных прыёмаў і метадаў навучання розным відам маўленчай дзейнасці, эфектыўнасці і мэтазгоднасці іх ужывання стаў прадметам абмеркавання пры правядзенні метадычнага дыялогу “Выкарыстанне новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у выкладанні замежнай мовы”, які праводзіўся на базе гімназіі № 24 Цэнтральнага раёна Мінска.
— Валянціна Леанідаўна, некалькі слоў пра маладых настаўнікаў. Якая метадычная дапамога патрэбна ім і якую работу з імі праводзіць ваша ўпраўленне?
— Маладыя педагогі маюць патрэбу ў адмысловых маральна-псіхалагічных і маральна-этычных адносінах, дынамічным і якасным уключэнні ў прафесійную дзейнасць, таму работа з імі ва ўстановах адукацыі раёнаў сталіцы вядзецца па трох напрамках: удасканаленне прафесійна-значных якасцей, фарміраванне індывідуальнага стылю ў педагагічнай дзейнасці, развіццё педагагічнай творчасці.
Якім гэты настаўнік будзе праз год-два? Як ён замацуецца ў калектыве? Адказы на гэтыя пытанні шмат у чым залежаць ад арганізацыі метадычнай работы і аказання індывідуальнай дапамогі педагогу-пачаткоўцу. З гэтай мэтай ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вядзецца бесперапынная работа з маладымі педагогамі праз настаўніцтва і Школу маладога настаўніка. Старэйшы калега з’яўляецца не толькі правадніком у новы для маладога настаўніка свет, але і тым дарадцам, які можа падказаць важныя рэчы, адказаць на пытанні, зарадзіць пазітывам. Вынікам такой дзейнасці з’яўляецца прафесійнае станаўленне маладога педагога, а таксама фарміраванне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі кадравага ядра.
У Фрунзенскім раёне створаны клуб настаўнікаў, якія дапамагаюць маладым адаптавацца да прафесіі і набыць асноўныя прафесійныя якасці. Ён закліканы спрыяць развіццю творчай ініцыятывы, прафесійнаму росту і паспяховай адаптацыі маладых педагогаў праз абагульненне і трансляцыю перадавога педагагічнага вопыту, арганізацыю кансультацыйнага псіхолага-педагагічнага і метадычнага суправаджэння.
Своеасаблівым вынікам работы з маладымі спецыялістамі з’яўляецца ўжо традыцыйны раённы педагагічны марафон “Залатыя крупінкі педагагічнага вопыту”, які штогод праходзіць у красавіку-маі. На працягу 5 гадоў маладыя педагогі ўстаноў адукацыі Фрунзенскага раёна з творчым натхненнем, з уласцівым маладосці энтузіязмам і запалам прымаюць удзел у гэтым мерапрыемстве.
На працягу навучальнага года ўпершыню на ўзроўні горада была арганізавана работа Школы пачаткоўца намесніка кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Маладыя кіраўнікі пазнаёміліся з сучаснымі падыходамі да правядзення самааналізу і аналізу вучэбных заняткаў на базе гімназіі № 25 Мінска, выпрацавалі прыкладную структуру аналізу работы ўстановы адукацыі за год, выкарыстоўваючы пляцоўку пачатковай школы № 103, а таксама пазнаёміліся з вопытам работы гімназіі № 22 сталіцы па развіцці пазнавальнай самастойнасці і творчай актыўнасці вучняў, сістэмай арганізацыі і правядзення педагагічных кансіліумаў. Зацікаўлена абмяркоўвалі пачынаючыя намеснікі магчымасці і перспектывы “Электроннай школы” на прыкладзе сярэдняй школы № 51 Мінска.
— А якая работа ў раёнах вядзецца з дырэктарскім корпусам сталічных школ, гімназій і ліцэяў, якім таксама патрабуюцца кваліфікаваныя парады?
— Аб павышэнні педагагічнага майстэрства кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў перыяд паміж павышэннем кваліфікацыі я паспрабую расказаць на прыкладзе работы ў асобных раёнах сталіцы.
Больш за 10 гадоў у Першамайскім раёне працуе імідж-клуб кіраўнікоў устаноў адукацыі. Узначальваюць яго вопытныя дырэктары. Імідж-клуб “ТРЫ-Д” (тры дамінанты дырэктара: творчасць, развіццё, ініцыятыва) з’яўляецца нефармальнай грамадскай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае на добраахвотнай аснове членаў клуба — кіраўнікоў устаноў адукацыі Партызанскага раёна. На базе сярэдняй школы № 133 Мінска створана і эфектыўна выкарыстоўваецца камунікатыўная пляцоўка для адкрытага абмеркавання актуальных праблем і прапанаваных рашэнняў.
Напрыклад, у мінулым годзе клубам быў праведзены майстар-клас “Фарміраванне пазітыўнага іміджу школы” Ірынай Антонаўнай Шая-Зубровай, дырэктарам сярэдняй школы № 133; прайшла прэзентацыя паспяховай кіраўніцкай дзейнасці на тэму “Матывацыйны інструментарый кіраўніка школы” Галіны Паўлаўны Гурбо, дырэктара спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху; вялося абмеркаванне эфектыўных методык мэтапалягання на трэнінгу “Як ставіць і ажыццяўляць дакладныя і дасягальныя мэты” ў рамках сустрэчы з прарэктарам па вучэбнай рабоце МГІРА, прафесарам кафедры кіравання і эканомікі, кандыдатам педагагічных навук Анатолем Аляксандравічам Глінскім.
Адкрытай пляцоўкай для правядзення раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў кіраўніка ўстановы адукацыі стала сталічная сярэдняя школа № 53. Адметнай асаблівасцю дзейнасці ў бягучым навучальным годзе з’явілася цеснае ўзаемадзеянне з гарадской школай для пачынаючых намеснікаў дырэктара. Актуальнасць тэматыкі заняткаў (атэстацыя, настаўніцтва, арганізаваны пачатак і заканчэнне навучальнага года), а таксама каардынацыя і ўзаемадзеянне раёна і горада аказалі эфектыўную дапамогу намеснікам дырэктара ў развіцці іх кіраўніцкіх кампетэнцый.
— Валянціна Леанідаўна, і апошняе пытанне. Сёння ў агульнай сярэдняй адукацыі ідзе адкрыты перакос у бок інфармацыйных тэхналогій. Па-вашаму, ён апраўданы або неабходна прытрымлівацца балансу паміж традыцыяй і інавацыяй?
— Я лічу, што ўсё павінна выкарыстоўвацца ў разумных межах. Нішто не зможа замяніць жывое слова настаўніка. У той жа час створаны ў студзені 2014 года ў Партызанскім раёне Мінска метадычны рэсурс “Раённы метадычны партал” (http:// mp- parue. minsk. еdu.by) выкарыстоўваецца для сістэматызацыі і ўдасканалення дзейнасці раённых і школьных метадычных фарміраванняў, а таксама для трансляцыі эфектыўнай педагагічнай практыкі з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Гэты метадычны партал закліканы забяспечыць метадычную падтрымку адукацыйнага працэсу.
Педагогам прапануюцца распрацоўкі асобных вучэбных заняткаў, прэзентацыі па асобных тэмах у адпаведнасці з вучэбнай праграмай, віртуальныя вучэбныя кабінеты, рэестр відэаўрокаў і інш. На партале размешчаны асабістыя сайты настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Партызанскага раёна. Навучэнцам прапануюцца дамашнія заданні для дыстанцыйнага навучання, заданні павышанай складанасці, накіраваныя на развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей.
Неабходна адзначыць, што распрацоўка асабістых сайтаў (блогаў) ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы спрыяе бесперапыннай прафесійнай адукацыі, дапамагае настаўніку пазбавіцца ад састарэлых поглядаў, робіць яго больш успрымальным да знешніх змен, што ў канчатковым выніку павышае яго канкурэнтаздольнасць.
Колькасць асабістых сайтаў (блогаў) устаноў адукацыі пастаянна павялічваецца, што сведчыць аб павышэнні ўзроўню інфармацыйнай культуры настаўнікаў, іх зацікаўленасці ў дэманстрацыі свайго станоўчага педагагічнага вопыту, у неабходнасці прафесійных зносін, у тым ліку і з метадыстамі нашага ўпраўлення.
— Вялікі дзякуй за змястоўную размову.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.