Інтэлектуальны бой

- 16:37Нам пішуць

У слонімскай школе № 8 прайшла гульня «Інтэлектуальны бой» для вучняў 5-6 класаў. Яе падрыхтавалі ўдзельнікі гуртка «Юны журналіст» пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Хрысціны Валер’еўны Грыко. Гульня з’яўляецца аналагам папулярнага метаду навучання студэнтаў «Brainstorming» («мазгавы штурм»). У займальнай віктарыне прынялі ўдзел больш за 40 чалавек. Вучні хутка адказвалі на ўсе пытанні, вырашалі складаныя галаваломкі.

Пераможцаў вызначалі па найбольшай колькасці набраных балаў. Вынікі падводзіла журы, у склад якога ўваходзілі навучэнцы 10 «Б» (педагагічнага класа). Першае месца па выніках гульні заняла каманда 6 «Б» класа. «Пытанні былі складаныя, гэта перамога не далася нам лёгка. Было вельмі цікава спаборнічаць з іншымі камандамі», – падзяліўся сваімі ўражаннямі адзін з пераможцаў Дзяніс Падрэцкі.

У школе падобныя мерапрыемствы праводзяцца часта. Яны дапамагаюць навучэнцам пашырыць свой кругагляд, папоўніць слоўнікавы запас і навучыцца працаваць у камандзе.

Ангеліна БУРЦЭВІЧ,
член гуртка «Юны журналіст» сярэдняй школы № 8 Слоніма.