Інтэрактыўнае інтэлектуальнае свята

- 10:39Навіны рэгіёнаў

Пяты гімназічны інтэрактыўны фестываль “Я люблю Беларусь!” адбыўся на базе гімназіі Хойнікаў. Фестываль штогод праводзіцца па ініцыятыве педагагічнага калектыву, кіраўніцтва гімназіі, пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Хойніцкага райвыканкама. На гэты раз мерапрыемства прысвячалася Году навукі.

Удзел у фестывалі прынялі каманды раённых гімназій Брагіна, Калінкавіч, Ельска, а таксама сярэдніх школ № 1, 2 Хойнікаў, Глінішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя І.П.Мележа, Казялужскай, Стралічаўскай, Судкоўскай сярэдніх школ Хойніцкага раёна.

Фестываль праводзіўся для вучняў 4—9 класаў. Каманды складаліся з шасці вучняў ад кожнай паралелі і кіраўніка. Асноўным мерапрыемствам фестывалю было выкананне і абарона экспрэс-даследаванняў па вучэбных прадметах. Арганізатары прадаставілі неабходную літаратуру, лабараторнае абсталяванне. А навучэнцы гімназіі Хойнікаў выступілі ў ролі кансультантаў.

Адкрыццё фестывалю суправаджалася самапрадстаўленнем каманд “Няхай жыве школа!”, падчас якога вучні літаральна за хвіліну змаглі найлепшым чынам прэзентаваць сябе перад журы і гледачамі. Свята інтэлекту пачалося.

Галоўным выпрабаваннем для кожнай каманды сталі экспрэс-даследаванні. Таксама каманды прынялі актыўны ўдзел у інтэлектуальным марафоне “Універсітэт Навук”, фізкультурна-аздараўленчым мерапрыемстве “Лаві момант!”. Падчас усіх заданняў хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі свае інтэлектуальныя і лідарскія якасці, праявілі імкненне да перамогі, таму журы няпроста было вызначыцца з прызёрамі.

Уважліва прааналізаваўшы ацэначныя лісты выступленняў каманд, журы назвала пераможцаў фестывалю: першае месца заваявалі Ельская раённая гімназія і Стралічаўская сярэдняя школа Хойніцкага раёна, другое — Судкоўская сярэдняя школа Хойніцкага раёна і гімназія Брагіна, трэцяе месца — у гімназіі Калінкавіч і сярэдняй школы № 2 Хойнікаў.

Святлана ДРОЗД,
выхавальнік групы Прадоўжанага дня гімназіі Хойнікаў.