Ірына Драздова: “Сям’я — гарант дабрабыту краіны”

- 11:57Рознае, Суразмоўца

Усе мы родам з дзяцінства. Ад першых “урокаў жыцця” залежыць далейшы лёс чалавека і тое, што ён пакіне пасля сябе, ці будзе шчаслівы сам, ці зможа дарыць шчасце іншым. Якая роля ў станаўленні асобы дзіцяці належыць сям’і і якая школе, як наладзіць іх плённае супрацоўніцтва? Аб рэгіянальнай мадэлі ўзаемадзеяння па пытаннях сямейнага выхавання расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова.

— На чым грунтуецца мадэль сямейнага выхавання і падрыхтоўкі вучняў да будучага сямейнага жыцця, распрацаваная і ўкаранёная ва ўстановах адукацыі раёна?

— Сям’я выступае ў якасці гаранта дабрабыту краіны. Менавіта ў сям’і закладваюцца духоўна-каштоўнасныя арыенціры, зыходзячы з якіх падлетак у далейшым успрымае, перапрацоўвае, засвойвае або не прымае інфармацыю ў якасці кіраўніцтва да дзеяння. У сваю чаргу школа заклікана ствараць адпаведныя педагагічныя ўмовы для падрыхтоўкі вучняў да сямейнага жыцця, фарміравання каштоўнасных адносін да шлюбу, культуры ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай, адказных паводзін у грамадстве. Практыка паказвае, што эфектыўнасці работы ў гэтым кірунку значна спрыяе супрацоўніцтва школы і сям’і з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Узаемадзеянне ўстаноў адукацыі з сем’ямі навучэнцаў і выхаванцаў будуецца на прынцыпах адказнасці і даверу, гуманізму і павагі асобы, дыферэнцыяцыі і пераемнасці, хрысціянскіх норм маральнасці паводзін. Сярод прыярытэтных напрамкаў нашай дзейнасці — інтэграцыя пытанняў сямейнага выхавання ў змест вучэбных прадметаў і факультатыўных заняткаў, сямейна-маральнае выхаванне праз пазакласную дзейнасць.

— Як суадносяцца падрыхтоўка да сямейнага жыцця і адукацыйны працэс?

— Выхоўваючая сіла сям’і ў нас спрадвеку трымалася на любові, даверы, цярпенні і ўзаемнай дапамозе, традыцыях шанавання старэйшых і педагогіцы. Веды і асабісты прыклад бацькоў былі гарантыяй здаровага выхавання дзяцей. Сучаснае грамадства мае вялікую патрэбу ў такім вопыце. У школьнай практыцы ў яго асэнсаванні і засваенні нам дапамагаюць літаратурная спадчына і культурныя традыцыі. У рамках вучэбнай дзейнасці варта адзначыць урокі беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, грамадазнаўства, гісторыі Беларусі, курса “Чалавек і свет” у пачатковых класах. Матэрыял гэтых прадметаў фарміруе ў дзяцей уяўленні пра сям’ю, сямейныя адносіны і хрысціянскія каштоўнасці. На ўроках грамадазнаўства, біялогіі, падчас вывучэння курса “Чалавек і свет” навучэнцы разглядаюць такія пытанні, як прававыя асновы сямейна-шлюбных адносін, інфляцыя і сямейная эканоміка, шлюб і сям’я, сям’я і здаровы лад жыцця, рэпрадуктыўнае здароўе насельніцтва і нацыянальная бяспека Беларусі. На ўроках літаратуры, гісторыі праводзяцца гутаркі аб сямейным выхаванні, традыцыях, разглядаецца адвечная праблема бацькоў і дзяцей, неабходнасці паразумення і ўзаемадапамогі. Урокі працоўнага навучання дапамагаюць падрыхтавацца да самастойнага вядзення хатняй гаспадаркі. Акрамя таго, мы арганізоўваем конкурсы, інфармацыйныя і класныя гадзіны, вiдэазалы, круглыя сталы, віктарыны, сумесныя з бацькамі мерапрыемствы. Традыцыйнымі для школы з’яўляюцца спартыўныя мерапрыемствы “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Разам — лепш”, сумесныя паходы па родным краі, экскурсіі, святочныя праграмы.

— Што лічаць сямейнымі каштоўнасцямі сучасныя школьнікі?

— Фарміраванне ў дзяцей і падлеткаў адэкватных уяўленняў аб сямейных каштоўнасцях і значэнні сямейных традыцый садзейнічае выхаванню стойкіх маральных перакананняў, стымулюе паважлівае стаўленне да свайго роду і да саміх сябе. Якраз вывучэнню ўяўленняў старшакласнікаў пра сямейныя каштоўнасці і традыцыі было прысвечана даследаванне, праведзенае ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Полацка ў 2014 годзе. Да сямейных каштоўнасцей навучэнцы аднеслі паразуменне, павагу, любоў, сумесную радасць, узаемадапамогу, любоў бацькоў адно да аднаго, гармонію, здароўе членаў сям’і, дзяцей. Але больш за 15 працэнтаў дзяцей прызналіся, што не ведаюць дакладна, што такое сямейныя каштоўнасці. Гэта сведчыла аб неабходнасці ўдасканалення выхаваўчай работы. Так, у рэкамендацыях педагогам мы асобна акцэнтавалі ўвагу на садзейнічанні бацькам у павышэнні культуры сямейнага выхавання, навучанні старшакласнікаў прынцыпам партнёрскага ўзаемадзеяння як крыніцы сямейнай самасвядомасці, інфармаванні мам і татаў аб магчымасцях сацыяльна-псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі, арганізацыі сумесна з бацькамі тэматычных мерапрыемстваў, аказанні навучэнцам і іх бацькам дапамогі ў арганізацыі сямейнага вольнага часу, выхаванні ў школьнікаў пачуцця гонару за сваю сям’ю. Інавацыйнай, але ўжо апрабаванай з’яўляецца праектная тэхналогія, якая ўяўляе сабой заснаваны на ўзаемадзеянні дарослага і дзіцяці спосаб арганізацыі педагагічнага працэсу. Важна, што выхаваўчыя мерапрыемствы ў нас арганізоўваюцца па тэмах праектнай дзейнасці ў адпаведнасці з хрысціянскім календаром.

— Якія праекты рэалізоўваюцца ўстановамі адукацыі сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой?

— У верасні — кастрычніку гэта праекты “Пад шатамі духоўнасці” і “Дню маці і святу Пакрова Прасвятой Багародзіцы прысвячаецца”. Іх кульмінацыяй штогод становіцца Тыдзень маці, у рамках якога праводзяцца такія мерапрыемствы, як пакроўская восеньская выстава, канцэртная праграма “Святое слова “мама”, выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Залатыя рукі маёй матулі”. На працягу снежня — студзеня ажыццяўляецца раённы праект “Дарога да храма”, у студзені — праекты “З верай у сэрцы” і “Калядны цуд”, прысвечаны святкаванню Нараджэння Хрыстова. Асаблівай увагі заслугоўваюць калядныя бацькоўскія сходы, якія сталі добрай традыцыяй. На люты выпадаюць асноўныя мерапрыемствы праекта “Грамадзянскі абавязак на варце Айчыны”, на сакавік — праекта “Сямейнае чытанне”, на красавік — май — праекта “У будучыню — з дабрынёй у сэрцы!”, прысвечанага святкаванню Вялікадня. Май праходзіць пад знакам праекта “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі маёй краіны”, прысвечанага Вялікай Перамозе, чэрвень — праекта “Па слядах Ефрасінні Полацкай”. У цэлым работа накіравана на выхаванне такіх паняццяў, як цнатлівасць, моцная сям’я, адказнае бацькоўства, павага да бацькоў. Пытанням сямейнага выхавання прысвячаюцца тэматычныя інфармацыйныя гадзіны, урокі маральнасці, сямейныя гасцёўні і літаратурна-музычная гасцёўня “Пад шатамі духоўнасці”, псіхалагічныя гульні, заняткі ў майстэрнях дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці, відэасалоны для школьнікаў, выставы, фотаэкспазіцыі. Пастаянна ўкараняюцца новыя формы работы. Напрыклад, сёлета ў сярэдняй школе № 3 Полацка праведзены інтэрактыўная акцыя-сюрпрыз “Падары ўсмешку маме” і дабрачынная акцыя “Берагіня”, удзельнікі якой наведалі і павіншавалі мацярэй мнагадзетных, прыёмных, апякунскіх сем’яў, а таксама мацярэй, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і адзінокіх жанчын, што засталіся без апекі дзяцей.

— Важнае месца ў духоўна-маральным выхаванні на аснове праваслаўных традыцый займае далучэнне да ўнікальных святынь Полаччыны…

— Так, у раёне распрацаваны і рэалізоўваецца даследчы праект “Дарога да святых вытокаў”. Дзеці разам з бацькамі наведваюць памятныя мясціны горада і раёна, пішуць даследчыя работы, з якімі потым удзельнічаюць у краязнаўчай канферэнцыі “Спадчына полацкай зямлі”. Святары Полацкай епархіі заўсёды жаданыя госці ў нашых установах адукацыі. Стала традыцыяй запрашаць іх на дні ведаў, выпускныя вечары, калядныя і велікодныя святы, свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, Дні памяці Прападобнай, на бацькоўскія сходы, пасяджэнні сямейных клубаў і лекторыяў. Сям’я мае велізарны выхаваўчы патэнцыял, і мы імкнёмся ўмела яго выкарыстаць у арганізацыі выхаваўчага працэсу. Ва ўстановах адукацыі арганізоўваюцца тэматычныя акцыі, круглыя сталы, гадзіны духоўнасці. Традыцыйнымі сталі набажэнствы ў храмах Полацкай епархіі напярэдадні новага навучальнага года і яго заканчэння. Радасна бачыць, калі ў храмах з запаленымі свечкамі побач стаяць педагогі, бацькі, дзеці. Тры ўстановы адукацыі горада — сярэднія школы №№ 2, 3 і 18 імя Ефрасінні Полацкай — выступаюць як пляцоўкі для рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Фарміраванне каштоўнасна-сэнсавых кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе арганізацыйна-асветніцкай работы”. Праект даў старт многім новым ініцыятывам, сярод якіх дзейнасць сямейных клубаў, правядзенне сумесных мерапрыемстваў, сямейныя святы і сустрэчы, гадзіны духоўнасці, сямейныя гасцёўні, дабрачынныя акцыі. З мэтай інфармацыйна-растлумачальнай работы з бацькамі, развіцця грамадзянскай ініцыятывы бацькоўскай грамадскасці, фарміравання асобы дзіцяці і бацькоў ва ўстановах адукацыі арганізавана работа спецыяльных школ, у тым ліку школы жыццёвага поспеху, матчынай школы, школы адказных бацькоў. На базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра паспяхова функцыянуе некалькі клубаў для розных катэгорый бацькоў. На працягу некалькіх гадоў педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі арганізоўваюць работу лекторыяў для бацькоў. Таксама для нашых устаноў адукацыі стала добрай традыцыяй правядзенне тэматычных бацькоўскіх канферэнцый. Неабходна адзначыць такую форму ўзаемадзеяння педагогаў і бацькоў, як агульнашкольныя і класныя бацькоўскія камітэты, што сфарміраваны ва ўсіх установах адукацыі раёна.

Нельга не сказаць пра тое, з якім натхненнем навучэнцы збіралі матэрыял аб сваіх бабулях, дзядулях, сваяках, што працавалі ва ўстановах адукацыі Полацка і раёна, для залы Працоўнай Славы і музея гісторыі адукацыі нашага раёна. У верасні 2016 года ў многіх установах адукацыі дзеці прынялі ўдзел у напісанні сачыненняў “Хачу, каб мой род працягваў існаваць”. З некалькімі выказваннямі я хачу вас пазнаёміць: “Сям’я — гэта сур’ёзна і на ўсё жыццё. Галоўнае не тое, колькі чалавек будзе ў нашай сям’і, галоўнае — якія адносіны паміж намі будуць”; “У маім разуменні ідэальная сям’я — гэта калі муж і жонка — адзінае цэлае, калі яны разумеюць і паважаюць адно аднаго…”; “Для мяне сям’я не проста людзі, з якімі мне даводзіцца жыць. Для мяне сям’я — духоўная сувязь, якая, як я спадзяюся, ніколі не знікне паміж намі”; “Так хочацца, каб увогуле не было разбураных сем’яў, разбітых сэрцаў, кінутых дзяцей. А задача бацькоў — выхаваць дзіця сапраўдным чалавекам”. Я думаю, што над гэтымі словамі неабходна задумацца кожнаму. І не бачу сёння больш важнай задачы, як зацвярджэнне ў грамадстве маральных і грамадзянскіх каштоўнасцей, якія з’яўляюцца асновай яднання нацыі і яе захавання: сям’я як аснова духоўнасці грамадства; дзіця як звышкаштоўнасць, падораная бацькам; бацькоўства і мацярынства як галоўнае прызначэнне чалавека на зямлі; павага да сваіх бацькоў; бескарыслівы клопат пра слабых і безабаронных; любоў да Радзімы і гонар за сваіх продкаў як высокі абавязак кожнага.

Таццяна БОНДАРАВА.