Гімназія № 3 Барысава заслужана з’яўляецца адной з прэстыжных сярэдніх навучальных устаноў горада. Паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, а таксама распрацоўка і рэалізацыя ўласных інавацыйных праектаў надаюць установе яшчэ больш папулярнасці. Нездарма паступаць у гімназію прыходзяць навучэнцы з розных раёнаў горада, але стаць гімназістамі могуць толькі самыя лепшыя.
Пра асноўныя кірункі навуковай дзейнасці, інавацыі, а таксама пра тое, як адбываецца павышэнне якасці адукацыі гімназістаў згодна з запытамі і патрэбамі сучаснага грамадства, нам расказала дырэктар гімназіі № 3 Ірына Валер’еўна КІРЫК.
— Ірына Валер’еўна, што прывяло вас у прафесію?
— Я з сям’і педагогаў і заўсёды ведала, што менавіта з настаўніцкай дзейнасцю будзе звязана і маё жыццё. Мама працавала настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе № 12 Барысава. Гэтую ж школу заканчвала і я. І адразу пасля навучання ў школе пачалася мая педагагічная дзейнасць. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, я паступіла на завочнае навучанне ў БДУ на геаграфічны факультэт. Адначасова з гэтым працавала піянерважатай у сваёй школе. Пасля вучобы ў БДУ засталася там працаваць, а праз некаторы час стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. 13 гадоў назад была прызначана дырэктарам сярэдняй школы № 15.
— Гімназіі № 3 усяго 6 гадоў. Раскажыце, калі ласка, якой сёння з’яўляецца ваша навучальная ўстанова?
— У 2008 годзе школа № 15 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы была рэарганізавана ў гімназію № 3 Барысава. І менавіта тады перад намі ўзнікла пытанне захавання кантынгенту навучэнцаў. Нам неабходна было выходзіць на новы ўзровень развіцця. Дзеці ў нас вучыліся і вучацца толькі самыя лепшыя. Яны не падводзяць. Нашы гімназісты штогод прывозяць са шматлікіх алімпіяд і конкурсаў як мінімум 100 дыпломаў.
Увогуле, падрыхтоўка ў гімназіі заўсёды была на высокім узроўні. Штогод мы набіраем 5 першых класаў. Конкурс пры паступленні да нас у 5 клас складае 1,6 чалавека на месца. На сёння ў гімназіі вучыцца 1046 дзяцей.
На цяперашні момант у нашай гімназіі працуюць 99 настаўнікаў, 91,9 працэнта з якіх маюць вышэйшую адукацыю. Першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 81,9 працэнта настаўнікаў. 100 працэнтаў педагогаў з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій. Што тычыцца навучэнцаў, іх дасягненняў у вучобе, то хочацца адзначыць, што ў нас сярэдні бал па ЦТ складае 58,5. Наша вучаніца Дар’я Цябус сёлета атрымала 100 балаў на ЦТ па рускай мове. Акрамя гэтага, на працягу трох гадоў яшчэ адна наша навучэнка Надзея Лазерка перамагала ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. На вобласці яна на працягу трох гадоў была першай, а з рэспубліканскага этапу алімпіяды прывозіла тры гады запар дыплом ІІІ ступені. Сёлета наша вучаніца 11 класа Марыя Чапрасава атрымала дыплом ІІІ ступені на Абласной канферэнцыі даследчых работ (кіраўнік работы Юлія Уладзіміраўна Сцяпанава).
— Гімназія № 3 з’яўляецца Асацыіраванай школай ЮНЕСКА. Наколькі неабходны навучальнай установе такія міжнародныя сувязі?
— Дзякуючы таму, што гімназія з’яўляецца Асацыіраванай школай ЮНЕСКА, мы прымалі ўдзел у такіх мерапрыемствах, як, напрыклад, міжнародныя канферэнцыі па мадэляванні ААН сярод школьнікаў GYMUN, Дзень японскай культуры “PRO Японію”, які праводзіцца пры падтрымцы Пасольства Японіі ў рамках фестывалю “Японская восень у Беларусі”. З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання гімназістаў восенню 2015 года было наладжана міжнароднае супрацоўніцтва з сярэдняй школай № 5 Надыма (Расійская Федэрацыя). Выкарыстоўваліся інавацыйныя формы зносін з калегамі і вучнямі са школы Надыма: тэлемасты, скайп-канферэнцыі.
— Ваша гімназія першая ў вобласці і адна з першых у краіне пачала развіваць інавацыйныя праекты. Што падштурхнула выкарыстоўваць такое новаўвядзенне ў адукацыйным працэсе?
— На працягу трох гадоў — з 2010 па 2013 — мы прымалі ўдзел у праекце па рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі. Калі работа над праектам была завершана, мы даведаліся, што Акадэмія паслядыпломнай адукацыі прапаноўвае новую тэму для інавацыйнай дзейнасці — “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Нас гэтая тэма зацікавіла. Калектыў падтрымаў ідэю прыняць удзел у праекце. Мэтай нашай маштабнай інавацыйнай работы з’яўляецца фарміраванне ключавых кампетэнцый інтэлектуальна адораных навучэнцаў з дапамогай іх псіхолага-педагагічнага і цьютарскага суправаджэння ў працэсе прафесійнага станаўлення. У 2015/2016 навучальным годзе пасля падрыхтоўчага этапу быў рэалізаваны дыягнастычны этап інавацыйнага праекта, падчас якога была праведзена псіхолага-педагагічная дыягностыка для вызначэння інтэлектуальных здольнасцей і прафесійных задаткаў высокаматываваных і адораных навучэнцаў. Былі распрацаваны 8 індывідуальных маршрутаў і адукацыйных праграм па фарміраванні ключавых кампетэнцый навучэнцаў, а таксама забяспечана псіхолага-педагагічнае і цьютарскае суправаджэнне навучэнцаў.
— Вы ўзгадалі пра адукацыйныя маршруты, па якіх працуюць навучэнцы, уключаныя ў інавацыйную дзейнасць. У чым іх сутнасць?
— Дзеці, якія задзейнічаны ў праектах, працуюць па асобных адукацыйных маршрутах. Гэтыя маршруты яны складаюць разам з бацькамі і настаўнікам. Наш педагог-псіхолаг Лілія Канстанцінаўна Арлоўская праводзіла анкетаванне, вывучала, што цікавіць навучэнцаў. І ўжо на аснове ўсіх даных: інтарэсаў, здольнасцей дзіцяці, запытаў бацькоў, зацікаўленасці навучэнца — складаўся гэты маршрут. Нам было вельмі важна зразумець, што сам навучэнец хоча атрымаць ад удзелу ў праекце, якія веды імкнецца набыць, каб гэта дапамагло павысіць узровень яго ўласнай самаадукаванасці. Паколькі наш праект называецца “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”, то ўдзел у ім павінен у будучыні прывесці дзіця да той прафесіі, пра якую яно марыць. Зразумела, каб наблізіцца да сваёй мэты, гімназіст на паглыбленым узроўні вывучае тыя прадметы, якія яму неабходны для паступлення на выбраную спецыяльнасць. Займаюцца дзеці і на факультатывах, і на індывідуальных занятках з настаўнікам.
Псіхалагічнае даследаванне праводзіцца для таго, каб вызначыць першапачатковы ўзровень кампетэнцыі навучэнца. Удзельнічаць у даследаваннях, як правіла, дзеці павінны з 9 класа, але ў гімназіі такое ўзаемадзеянне пачынаецца з 8 класа. І гэта сапраўды важна — як мага раней выявіць, наколькі добра дзеці самі для сябе вырашылі, з якой прафесіяй ім хочацца звязаць сваю будучыню. Настаўнікі бачаць, якія здольнасці мае вучань. А гэта значыць, мы можам, калі навучэнец, напрыклад, не ўпэўнены ў сваім выбары, дапамагчы яму ў самым пачатку прыняць правільнае рашэнне і не дапусціць сур’ёзнай памылкі — выбраць не тую спецыяльнасць.
Калі гаварыць пра педагогаў, то, дзякуючы праекту, яны маглі вызначыць, на якім этапе прафесійнага самавызначэння знаходзіцца дзіця. І ўжо зыходзячы з гэтых даных, спланаваць далейшае развіццё навучэнца. Такім чынам, галоўная мэта настаўніка — зрабіць так, каб дзіця не нарабіла памылак у выбары прафесіі. Дарэчы, дзякуючы праекту, адбываецца развіццё навучэнца як асобы, развіццё яго пэўных кампетэнцый.
Важна, што ў праекце задзейнічаны не толькі настаўнікі, выкладчыкі пэўных дысцыплін, але і педагог-псіхолаг, а таксама загадчык школьнай бібліятэкі. З нашымі навучэнцамі праводзяцца лекцыі, семінары, адбываецца выезд у шматлікія ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе дзеці могуць разабрацца з асаблівасцямі будучай прафесіі.
Адметнасцю праекта з’яўляецца тое, што ў ім задзейнічаны не ўсе дзеці. У нас выбраны кантрольная і экспертная групы, сутнасць якіх заключаецца ў тым, што з адной групай займаюцца нашы спецыялісты-выкладчыкі, а другая развіваецца самастойна. Праз пэўны час мы будзем параўноўваць гэтыя групы і ўбачым, ці ёсць эфект ад заняткаў. Будзе зразумела, наколькі важнай у такой сур’ёзнай дзейнасці з’яўляецца падтрымка спецыяліста.
— Як вы лічыце як кіраўнік, ці ёсць сэнс прымушаць настаўнікаў удзельнічаць у інавацыйных праектах, навуковых распрацоўках?
— Безумоўна, каб работа прыносіла поспех, педагог сам павінен быць зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з навучэнцамі. Увогуле, далучаць настаўнікаў да работы ў інавацыйным праекце няпроста, таму што гэта патрабуе з боку самога настаўніка дадатковага і вялікага аб’ёму работы. А гэта значыць, што настаўнік павінен мець добраахвотнае жаданне атрымліваць новыя веды і развівацца ў выбраным кірунку разам са сваімі навучэнцамі. Адметнай рысай удзелу ў інавацыйным праекце з’яўляецца тое, што педагог на працягу года рыхтуе педагагічнае даследаванне. Напрыканцы навучальнага года даследаванне выносіцца на абмеркаванне. Разам з гэтым настаўнік выдае пэўную колькасць распрацовак заняткаў, на аснове якіх ён працаваў разам з дзецьмі на працягу навучальнага года. Дарэчы, важным з’яўляецца і тое, што настаўнік павінен весці дзённік, у якім дэталёва будуць распісаны і адлюстраваны праблемы і задачы, якія ставяцца перад навучэнцамі. У гэтым дакуменце павінны таксама быць і вывады наконт таго, ці былі дасягнуты пастаўленыя мэты і што яшчэ неабходна зрабіць, каб палепшыць выніковасць работы.
На лета навучэнцы атрымліваюць заданне ад свайго цьютара, і ўжо на пачатку верасня цьютары і цьютаранты збіраюцца і разам думаюць аб тым, якія праблемы яшчэ хацелася б вырашыць. На аснове гэтага складаюцца новыя адукацыйныя маршруты.
— Якія абавязкі, акрамя непасрэднага ўдзелу ў інавацыйных праектах, ускладваюцца на навучэнцаў, што вырашылі паспрабаваць сябе ў навуковым эксперыменце?
— Калі гаварыць пра навучэнцаў, кожны з удзельнікаў адукацыйнага маршруту складае сваё партфоліа, у якім апісвае не толькі мэты і задачы, пастаўленыя перад сабой. Партфоліа — гэта ўласная творчая скарбонка. Усе дзеці, якія прымаюць удзел у праекце, распрацоўваюць свае маршруты па розных прадметах. Супадзенняў няма. Некаму цікавая матэматыка, хтосьці аддаў перавагу чарчэнню. Карацей кажучы, дзеці робяць усвядомлены выбар.
Зараз ідзе другі этап праекта, а гэта значыць, што цяпер перад намі стаяць новыя мэты і задачы. Плануем, што праз год будзе сабраны ўвесь матэрыял адносна распрацоўкі педагагічных маршрутаў. Такая з’ява ў сістэме школьнай адукацыі, як педагагічны маршрут, для нашай краіны з’яўляецца пакуль што нечым нязведаным. А гэта значыць, што яшчэ адной задачай, якая стаіць перад намі, з’яўляецца распаўсюджванне інфармацыі наконт “пракладвання” гэтых маршрутаў.
У нашай гімназіі зацікаўленасць у рабоце над маршрутамі выказваюць і маладыя педагогі. Напрыклад, педагагічны экалагічны праект пад назвай “Фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў у працэсе вывучэння зместу прыродазнаўчанавуковых прадметаў” курыруюць педагогі прыродазнаўчанавуковага цыкла. Іх задача — развіваць у навучэнцаў экалагічную культуру. Адным з “рухавікоў” праекта з’яўляецца малады настаўнік фізікі Ягор Аляксеевіч Мандрык, які ў 2013 годзе заняў 2-е месца ў конкурсе “Настаўнік года”.
Яшчэ адной навуковай распрацоўкай, якая аказалася вартай увагі, стаў сацыяльны праект, распрацаваны маладой настаўніцай пачатковых класаў Юліяй Аляксандраўнай Несцярук. Гэты праект заняў 1-е месца ў Мінскай вобласці.
— Ірына Валер’еўна, выканання якіх задач вы як дырэктар патрабуеце ад свайго калектыву?
— Галоўная задача, якую павінен ставіць дырэктар перад сваім калектывам, — гэта захаванне якасці адукацыі, павышэнне якасці ведаў навучэнцаў і ўдзел як педагогаў, так і навучэнцаў у інавацыях. Я ўпэўнена ў тым, што настаўнік усё жыццё павінен вучыцца і сам, а не толькі вучыць дзяцей. Усе навінкі адукацыі мы павінны падхопліваць і ўкараняць у нашай гімназіі. Мы ў сваім развіцці павінны быць заўсёды на крок наперадзе, чым школы. Увогуле, ад дырэктара заўсёды павінны гучаць новыя ідэі, ініцыятывы. І менавіта ад дырэктара залежыць, якая атмасфера будзе панаваць у калектыве. Любы кіраўнік, у падначаленні якога знаходзіцца многа людзей, павінен быць у першую чаргу чалавекам, а пасля ўжо кіраўніком. Усе спрэчныя пытанні, якія ўзнікаюць у калектыве, павінны вырашацца канструктыўна і без канфліктаў.
— Бацькі, збіраючыся аддаваць сваіх дзяцей у 1 клас, імкнуцца знайсці ідэальную ва ўсіх сэнсах установу адукацыі. Як вы лічыце, ці існуюць сёння ідэальныя школы?
— Любой установе адукацыі ёсць да чаго імкнуцца. Я лічу, што ні адна са школ, гімназій не можа быць ідэальнай. Таму што, калі назавёмся ідэальнымі, мы перастанем расці. А гэтага нельга дапускаць. Развівацца павінны і настаўнікі, і вучні, і бацькі. Увогуле, ідэальная школа для кожнага свая. Для бацькоў яна адна, для дзяцей ідэал заключаецца зусім у іншым. А для настаўніка такога паняцця існаваць не павінна. Каб нечага дасягнуць і падняць сваю навучальную ўстанову вышэй за астатнія, трэба, безумоўна, імкнуцца да нейкага ідэалу, а, дайшоўшы да яго, крочыць далей, расці і памнажаць свой вопыт у выкладанні дысцыплін і выхаванні таленавітых і адораных навучэнцаў.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва гімназіі № 3.