Ірына РОДЗІК: “Мы ставім канкрэтныя і рэальна дасягальныя мэты”

З 2014 года сярэдняя школа № 73 Мінска прызнаецца лепшай сярод агульнаадукацыйных устаноў адукацыі сталіцы. Мінулы каляндарны год таксама не стаў выключэннем. Летась за дасягненні найлепшых паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці школа была занесена на рэспубліканскую Дошку гонару. А сёлета указам прэзідэнта нашай краіны яе дырэктар Ірына Яўгенаўна Родзік прадстаўлена да ўзнагароджання медалём Францыска Скарыны. Пра тое, як удаецца навучальнай установе трымаць высокую марку і быць канкурэнтаздольнай, наш карэспандэнт гутарыць з І.Я.РОДЗІК. 

— Ірына Яўгенаўна, дазвольце павіншаваць вас з высокай узнагародай. За якія поспехі ўстанова прызнана лепшай у горадзе? Як удаецца канкурыраваць са сталічнымі школамі?

— Вялікі дзякуй. Так, сапраўды, каторы год запар наша школа прызнаецца лепшай у горадзе. Сярод асноўных паказчыкаў пры ацэньванні пад увагу браліся вынікі адукацыйнага працэсу, алімпіяд, конкурсаў педагагічнага майстэрства, стан выхаваўча-прафілактычнай работы (адсутнасць правапарушэнняў і злачынстваў), стварэнне бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстанове адукацыі, арганізацыя выхаваўчай работы і г.д.

Безумоўна, планка вельмі высокая, і мы разумеем, што ўсё складаней і складаней яе ўтрымліваць. Наш педагагічны калектыў вельмі зладжаны, у прыярытэце ў педагогаў — вынік, выніковае навучанне. Усе мы робім адну справу, і гэта кожны разумее. У кагосьці гэта атрымліваецца лепш, у кагосьці яшчэ не вельмі добра, тым не менш сёння ніхто не стаіць убаку, кожны робіць свой уклад у агульную справу.

Пераканана, што любая ўстанова адукацыі здольна канкурыраваць са школамі і нават гімназіямі, калі будзе абапірацца на свае моцныя бакі, традыцыі. Так, адной з такіх традыцый у нас з’яўляецца вывучэнне нямецкай мовы з 1 класа. Магчыма, хтосьці лічыць, што нямецкая мова не самая запатрабаваная для вывучэння ў школе, аднак бацькі выбіраюць нашу ўстанову з упэўненасцю, што тут іх дзеці атрымаюць высокі ўзровень ведаў, і не толькі па замежнай мове. На працягу апошніх гадоў навучэнцы школы паказваюць стабільныя вынікі на трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па геаграфіі, нямецкай мове, рускай мове, гісторыі, грамадазнаўстве. У выніку за тры гады пераможцамі гарадскога і заключнага этапу алімпіяды сталі 50 і 14 навучэнцаў адпаведна, пераможцамі гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў даследчых работ навучэнцаў — 11 школьнікаў. Акрамя таго, нашы выпускнікі паспяхова канкурыруюць на ЦТ з ліцэістамі і гімназістамі: у 2015 годзе выпускніца атрымала 100 балаў па рускай мове, а ў 2016 годзе — па нямецкай. Штогод больш за 90% нашых выпускнікоў паступаюць ва УВА, большасць школьнікаў працягваюць навучанне па спецыяльнасцях, звязаных з профільнымі прадметамі.

Для мяне як кіраўніка і для маіх намеснікаў М.В.Гузавай, Н.Д.Грушко, А.Я.Кісель, Ю.У.Стрэльчанка, надзейных і працаздольных людзей, весці за сабой — гэта не толькі словы, але і справы. Мы падрыхтавалі пераможцаў алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню, з’яўляемся ўладальнікамі грантаў і прэмій Мінгарвыканкама. Кожны настаўнік ведае, што мы не проста прапаноўваем ім дзесьці паўдзельнічаць, паспрабаваць свае сілы, а асабістым прыкладам дэманструем, як гэта рабіць. Мабыць, асабісты прыклад — гэта адзін з самых дзейсных сродкаў.

У 2014 годзе настаўніца нямецкай мовы Н.Д.Грушко стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Зараз праводзіцца новы конкурс, і наш настаўнік нямецкай мовы М.М.Полаўцаў удзельнічае ў гарадскім этапе спаборніцтваў. У 2016 годзе стартаваў конкурс педагагічнага майстэрства ў намінацыі “Класны кіраўнік”, і настаўніца беларускай мовы і літаратуры А.В.Пілюк стала пераможцай раённага этапу, зараз рыхтуецца да гарадскога. Мы спадзяёмся, што ў нашых педагогаў усё атрымаецца.

У нашай школе ёсць настаўнікі, якія доўгі час удзельнічаюць у алімпіядным руху. Напрыклад, настаўніца нямецкай мовы І.Р.Коказ за час работы падрыхтавала 27 пераможцаў гарадскіх алімпіяд па нямецкай мове і 7 рэспубліканскай, не лічачы конкурсу даследчых работ, настаўніца нямецкай мовы Н.Д.Грушко — 14 пераможцаў гарадскіх і 5 рэспубліканскай, настаўніца геаграфіі В.М.Гузава — 13 гарадскіх і 9 рэспубліканскай, настаўніца геаграфіі Л.І.Мельчакова — 8 гарадскіх і 1 рэспубліканскай. Паспяхова працуюць настаўніца нямецкай мовы С.В.Ходзька, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ю.В.Стрэльчанка і І.М.Вінічэнка. Вельмі прыемна, што не толькі вопытныя педагогі, але і маладыя спецыялісты ўліваюцца ў алімпіядны і конкурсны рух. Так, маладая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства В.М.Шкадун сёлета таксама адчула смак алімпіяднага руху: яе дзевяцікласнік выступаў за 10 клас і заваяваў дыплом ІІ ступені на трэцім этапе алімпіяды па гісторыі.

Тое, у чым мы моцныя, імкнёмся развіваць. У цэлым жа ў школе створаны ўмовы для прафесійнага росту і станаўлення педагогаў, павышэння іх майстэрства, стымулявання педагагічнай ініцыятывы, што дазволіла нам зрабіць паспяховы крок да профільнага навучання і забяспечыла рэальную канкурэнтную перавагу перад іншымі ўстановамі адукацыі.

— Якія асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў вашай школе?

— Стратэгія нашай установы адукацыі — гэта рэалізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Для школы не стаяла пытанне аб выбары таго ці іншага профілю, таму што традыцыйна ўстанова была з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы. Мы захавалі ўсе нашы лепшыя традыцыі і сёння: з 1 класа, як я ўжо гаварыла, за кошт факультатыўных заняткаў і платных адукацыйных паслуг школьнікі вывучаюць нямецкую мову. Вучням прадастаўлена магчымасць падрыхтавацца да здачы міжнароднага экзамену на веданне нямецкай мовы І і ІІ ступені, які забяспечвае нашым выпускнікам шэраг магчымасцей і пераваг у далейшым працаўладкаванні. У снежні адзінаццацікласнікі здаюць экзамен на атрыманне дыплома В2С1, а дзевяцікласнікі — А2В1. Безумоўна, мы праводзім вялікую работу па падрыхтоўцы вучняў да гэтых экзаменаў. У межах факультатыўных заняткаў працуюць як нашы педагогі, якія прайшлі курсавую падрыхтоўку, так і выкладчыкі з Германіі. Быў час, калі Міністэрства адукацыі дазваляла нам залічваць вынікі гэтага экзамену як выпускнога, аднак крытэрыі міжнароднага экзамену больш жорсткія, чым нашы, таму не ўсе вучні выбіраюць для здачы гэты экзамен.

У школе вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з высокаматываванымі вучнямі, якія жадаюць удзельнічаць у інтэлектуальных конкурсах. Яна пачынаецца з пачатковых класаў і дае свой плён. Напрыклад, сёлета на гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ малодшых школьнікаў “Пазнанне і творчасць”, які стаў ужо традыцыйным, на рахунку вучняў нашай установы 4 дыпломы (лепшы вынік у раёне). Рыхтуюць дзяцей да гэтых спаборніцтваў настаўнікі пачатковых класаў А.П.Тыльчэўская, А.Я.Кісель, І.У.Шастак, Ю.М.Прасал, К.А.Барыскевіч. Педагогі ствараюць умовы для падрыхтоўкі пераможцаў, выкарыстоўваюць у рабоце метады праектнай дзейнасці. Традыцыйна ў лютым мы праводзім алімпійскі марафон па ўсіх вучэбных прадметах сярод вучняў 3—8 класаў. Ён арганізоўваецца з мэтай дапамагчы навучэнцам вызначыцца з тым прадметам, які ім цікавы і ў якім яны будуць паспяховымі. Часта цікавасць да алімпіяды прыходзіць падчас удзелу ў ёй, у працэсе падрыхтоўкі.

Пераканана, што школа павінна не толькі даваць трывалыя веды, але і выхоўваць духоўнасць. Мы жывём у такі час, калі не заўсёды ў кожнай сям’і ёсць час і магчымасць выгадаваць чалавека, здольнага суперажываць, па-сапраўднаму ганарыцца сваёй краінай, сям’ёй, установай, у якой вучыцца. Выхаваўчая работа ў нашай школе накіравана перш за ўсё на гэта. Другі год мы рэалізоўваем маштабны праект “Экалогія душы”, у межах якога ладзяцца агульнашкольныя мерапрыемствы з прыцягненнем бацькоў.

— Ірына Яўгенаўна, ці не позна ўводзіць профільнае навучанне ў 10 класе?

— Што тычыцца профільнага навучання, то сёлета мы адкрылі дзясяты клас з двума напрамкамі: руская мова і нямецкая мова, геаграфія і нямецкая мова. Нашы выпускнікі ахвотна паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі па выбраным профілі.

Дапрофільная падрыхтоўка пачынаецца ў пачатковай школе — гэта паступовае знаёмства са светам прафесій, выяўленне асноўных схільнасцей і здольнасцей вучняў. Бліжэй да старшага звяна ідзе абмеркаванне варыянтаў будучай прафесіі. Феерычна ў нас праводзіцца Тыдзень нямецкай мовы, дзякуючы якому павышаецца матывацыя школьнікаў да вывучэння прадмета, прывіваецца любоў да мовы. У школе забяспечваецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. І тут не абысціся без падтрымкі бацькоў. Я сваім выпускнікам заўсёды гавару: “Не выбірайце гучныя прафесіі і факультэты, выбірайце тое, што будзе запатрабавана заўсёды: лячыць, вучыць і будаваць”.

Што тычыцца профільнай падрыхтоўкі, то, думаю, мае сэнс яе уводзіць з 7—8 класа. Як настаўнік і кіраўнік бачу, што нашы дзеці перагружаны. Нельга, каб дзеці працавалі так, як дарослыя. Калі ў дарослага чалавека запытаць, якія веды са школьнага курса засталіся ў яго, то, мабыць, у філолага з курса хіміі і фізікі застануцца веды толькі прыкладнога характару. Можа быць, гэтага дастаткова як базы. Важна даць магчымасць дзіцяці вывучаць больш паглыблена і пашырана той прадмет, які яму цікавы. Хтосьці скажа: а як быць, калі ён перадумае? На тое мы і педагогі, каб не напаўняць дзіця ведамі, а навучыць яго гэтыя веды здабываць. А як людзі мяняюць спецыяльнасці? Чалавек, калі вельмі захоча, можа ўсё. Думаю, што ў дзяцей рухомы розум, а чым ты маладзейшы, тым хутчэй схопліваеш усё новае.

Мы імкнёмся аддаць гадзіны факультатыўных заняткаў на прадметы, які карыстаюцца попытам у вучняў. Я разумею, што мы не можам спаборнічаць па матэматыцы, напрыклад, з гімназіяй № 41. Гадзіны на факультатыўныя заняткі па матэматыцы мы выдзяляем, аднак у большай ступені для таго, каб вучні маглі паспяхова падрыхтавацца да выпускнога экзамену. Мы ставім канкрэтныя і рэальна дасягальныя мэты.

— На ваш погляд, ці патрэбны ў гімназіях класы базавага ўзроўню?

— Гімназія — элітная навучальная ўстанова, якая першапачаткова стваралася для высокаматываваных і таленавітых дзяцей. І нельга нават разглядаць спробу ўвесці ў іх базавыя класы. Калі дзеці прайшлі праз уступныя іспыты, яны лепшыя сярод равеснікаў, і трэба зрабіць так, каб яны і засталіся лепшымі, не страцілі цікавасць і матывацыю. На жаль, калі-нікалі дзеці ў гімназіях страчваюць цікавасць да вучобы, становяцца непаспяховымі. Задача любой установы — стварыць такія ўмовы, каб паспяховасць дзіцяці дапамагала яму да 11 класа.

— Гавораць, што цяперашняе пакаленне дзяцей цяжкае. Ці згодны вы з гэтым?

— Не магу сказаць, што раней дзеці не былі такімі цяжкімі, як зараз. Якім павінен быць ідэальны вучань у нашым уяўленні? Прыкладным, які сядзіць роўна за партай і не размаўляе? Пагадзіцеся, з такім вучнем нецікава. Дзіця павінна быць жывое, рухавае. Што значыць цяжкае? Цяжкі падлетак? Гэта значыць, што ў яго нейкія праблемы ў сям’і, штосьці здарылася, і яму неабходна дапамагчы. З дзецьмі заўсёды цікава, з імі ніколі не бывае сумна, аднастайна, калі, канечне, ты прыйшоў не выпадкова ў педагогіку. Я, колькі сябе памятаю, заўсёды хацела стаць настаўнікам. І, колькі працую, ніколі не пашкадавала, што выбрала гэтую прафесію. Калі гавораць: “Ой, настаўнік!” , я адказваю: “Гэта цудоўна!” Так, гэта няпроста. Але гаварыць пра тое, што дзеці сёння цяжкія, нельга. Яны ў пэўных пытаннях разбіраюцца лепш за нас і дакладна хутчэй за нас бягуць наперад. Нам важна паспець за імі, быць на адным узроўні, але ў той жа час умець карэктна накіраваць у правільнае рэчышча.

— Якія якасці трэба выхоўваць у вучняў, каб яны былі паспяховымі ў жыцці?

— У сучасных дзяцей сёння шмат магчымасцей. Але, на жаль, пры ўсёй іх разнастайнасці, на мой погляд, сённяшнім дзецям не хапае самастойнасці. Бацькі вельмі моцна апякаюць сваіх дзяцей, пачынаючы з першаклашкі і заканчваючы выпускніком. А ёсць шэраг момантаў, калі дзіця павінна быць самастойным: і выбар прафесіі, і ўменне ўзяць на сябе адказнасць у пэўных сітуацыях. На сёння, лічу, галоўная задача і ў бацькоў, і ў педагогаў — навучыць дзіця быць самастойным. Гэта ўключае ўсё: і вучыцца самастойна, і самастойна ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі.

— Ці маглі вы прадугледзець, што станеце дырэктарам?

— У школе я працую з 1988 года. Пасля заканчэння педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага прыйшла ў новабудоўлю нашага раёна — сярэднюю школу № 184. Там працавала настаўніцай, там вырасла да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. І маё другое месца работы — сярэдняя школа № 73. На пасадзе дырэктара — з верасня 2001 года.

Калі я вучылася ў 10 класе, у сачыненні напісала, што праз дзесяць гадоў бачу сябе капітанам вялікага карабля. Сказаць, што я марыла ста ць дырэктарам, не магу. Аднак жыццё павярнулася так, што мне прапанавалі ўзначаліць школу, якую я заканчвала. І я ўдзячна лёсу за гэта, мне вельмі цікава мая работа.

— Які вы кіраўнік?

— Як кажуць, хто многае можа — з таго многае і пытаюць. Я імкнуся патрабаваць ад людзей тое, што яны могуць выканаць. А ўвогуле мой прынцып: трэба любіць тое, што ты робіш, і займацца тым, што ты любіш. Гэта перадумова паспяховасці. Мне пашанцавала: я займаюся тым, што люблю.

Я не прыхільнік нейкай дыктатуры або жорсткіх указанняў. Чым больш працую, тым больш прыходжу да такой ісціны: чалавек павінен сам выспець унутрана, а мы, кіраўнікі, павінны дапамагчы яму паверыць у сябе і крыху падштурхнуць. Не кожны педагог, напрыклад, прыйдзе і скажа, што хоча ўдзельнічаць у конкурсе, і ты яму гаворыш: “Мне здаецца, у вас атрымаецца. Вы валодаеце цудоўнымі якасцямі…” І калі ты авансуеш гэтыя якасці, то ў чалавека за спінай вырастаюць крылы і яму хочацца паспрабаваць.

Валявое рашэнне даводзіцца прымаць у сітуацыях, якія тычацца бяспечных умоў знаходжання дзяцей у школе. Мамы і таты адпраўляюць да нас сваіх дзяцей, спадзеючыся, што такімі ж здаровымі яны прыйдуць дадому.

— Ірына Яўгенаўна, якой вы бачыце вашу школу ў будучыні? Не марыце стаць гімназіяй?

— Мне хацелася б, каб наша школа заставалася ўтульным домам, дзе камфортна ўсім: і навучэнцам, якіх тут разумеюць, вучаць мастацтву жыцця, і педагогам, якім у радасць працаваць, да якіх вучні будуць вяртацца праз гады і будуць удзячны.

Пры ўсёй разнастайнасці тэхнічных навінак мы часам забываем, што ключавая фігура ў школе — настаўнік. Толькі ён, і толькі на вучэбных занятках, няважна, на фізіцы ці матэматыцы, рускай мове ці фізічнай культуры, здольны выхаваць у дзіцяці духоўнасць. Статус настаўніка залежыць ад яго самога. Калі настаўнік разумее, што ён прафесіянал, добра выконвае сваю работу, то і грамадства будзе з павагай да яго ставіцца. Адносіны настаўніка да самога сябе — 50% адносін да педагога ў грамадстве. Думаю, калі мы, настаўнікі, будзем з гонарам несці сваю прафесію, то многае зменіцца ў лепшы бок.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *