А ім лятаць ахвота

- 11:03Спартыўныя падзеі

На самалётах страшна падаць, а не лятаць. Але аматары самалётаў, неба і хуткасці знайшлі выйсце. У мінулыя выхадныя Мінск прыняў этап Кубка свету па кордавых авіямадэлях у класе F-2D на стадыёне Мінскага аэраклуба ДТСААФ імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца.

Спартсмены-авіямадэлісты пяты раз удзельнічаюць у этапе Кубка свету. Як адзначае адна з арганізатараў мерапрыемства загадчык аддзела спартыўна-тэхнічнага мадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Марыя Кушнер, з кожным годам спаборніцтвы яшчэ больш выклікаюць цікавасць і набіраюць папулярнасць.

Мэта кордавага паветранага бою — на працягу пэўнага часу ссячы стужку, замацаваную на падоўжанай восі мадэлі саперніка. Ачкі прысуджаюцца за кожнае зробленае абсяканне і час знаходжання мадэлі ў паветры.

— Авіямадэльны спорт — адзін з самых відовішчных відаў спорту, які патрабуе ад спартсменаў высокага майстэрства і поўнай самааддачы. Акрамя гэтага, колькасць удзельнікаў кожны год павялічваецца, — распавядае Марыя Кушнер.

Мадэль паветранага бою — гэта самалёт, у якога рухаючая сіла забяспечваецца поршневым рухавіком, а пад’ёмная сіла ўтвараецца пад уздзеяннем аэрадынамікі на крылы, якія застаюцца нерухомымі падчас палёту, за выключэннем рулёў кіравання.

Да выхаду на старт удзельнікі праходзяць тэхнічны кантроль у суддзяў на адпаведнасць тэхнічным умовам. Экіпаж складаецца з пілота і механіка. Механік дапамагае завесці рухавік самалёта і абслугоўвае мадэль.

У гэтым годзе 26 экіпажаў з 7 краін наведалі беларускую зямлю. Сярод іх былі Літва, Расія, Украіна, Балгарыя, Румынія, Малдова і гаспадыня спаборніцтва Беларусь.

— Мы былі рады бачыць восем экіпажаў юніёраў, паколькі авіямадэльны спорт развівае творчы патэнцыял, тэхнічнае мысленне, а таксама ўменне аналізаваць і змагацца за перамогу. Вялікае ўражанне на гледачоў і ўдзельнікаў спаборніцтваў зрабіла выступленне Ірыны Паршыковай з Падмаскоўя (Арэхава-Зуева), экіпаж якой заняў 3-е месца сярод юніёраў, — дзеліцца Марыя Кушнер.

Наступны старт беларускіх спартсменаў запланаваны на жнівень. У апошні месяц лета пройдзе чэмпіянат Еўропы, у якім прыме ўдзел зборная команда Беларусі.

Вераніка ГАМЗЮКОВА.