А музыка гучала…

- 10:32Нам пішуць

У межах мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай мовы мы, настаўнікі сярэдняй школы № 7 Смаргоні, і вучні наведалі прэзентацыю зборніка смаргонскай паэтэсы Веры Вайцюль “А музыка гучала…”

Галоўная гераіня свята не хавала свайго хвалявання. Вочы яе свяціліся радасцю. З вуснаў не сыходзіла ўсмешка. Якое ж гэта вялікае шчасце для паэта, калі родным словам можна дзяліцца!

Якая гэта асалода:

пісаць, тварыць, перапраўляць!

Для струн душы узнёслай ноты

штодня рупліва падбіраць.

Пявучая музыка роднага слова гучала падчас свята з вуснаў вучняў, гасцей і самой паэтэсы.

Тэматыка творчасці Веры Вайцюль — гэта прырода, Бог, родныя людзі і землякі, Радзіма, родная мова, лёсам якой вельмі заклапочана паэтэса: “Без мовы няма Айчыны, без мовы й нацыі няма”.

У канцы свята мы атрымалі ў падарунак зборнік, які дае нам магчымасць яшчэ раз паслухаць далікатную музыку слова, далучыцца да яе рытмаў.

Людміла ПАШКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.