А ты фатаграфуеш? Далучайся!

- 10:37Культура

Карысная інфармацыя для настаўнікаў і навучэнцаў

Рэспубліканскі конкурс дзіцячай фатаграфіі “Свет вакол нас” — адзін з самых папулярных і прэстыжных у сваім кірунку. Выставы з фотаздымкамі ўдзельнікаў з поспехам праходзяць на самых вядомых выставачных пляцоўках нашай краіны. З кожным годам цікавасць да конкурсу ўзмацняецца. Гэта ўнікальная магчымасць паказаць свае работы шырокай аўдыторыі: не толькі сябрам, бацькам, але і аўтарытэтным прафесійным фатографам і крытыкам. А для самых таленавітых удзельнікаў выніковая выстава фотаконкурсу становіцца надзейным стартам у вялікую фатаграфію — падобныя прыклады не адзінкавыя.

У верасні 2015 года выніковая выстава конкурсу праходзіла ў рамках маштабнай і знакавай падзеі для прафесіяналаў і аматараў фотасправы нашай краіны — “Месяца фатаграфіі ў Мінску”. Лепшыя конкурсныя работы разам з нашымі суайчыннікамі змаглі пабачыць фатографы замежжа.

— Сёлета мерапрыемствы фотаконкурсу таксама будуць праходзіць у рамках “Месяца фатаграфіі ў Мінску”, — расказаў куратар конкурсу Андрэй Мацур. — Матэрыял аб конкурсе будзе на­друкаваны ў выніковым каталогу “Месяца фатаграфіі ў Мінску” ўжо другі раз, а значыць, мы трывала ўваходзім у гісторыю фатаграфіі. Упэўнены, што ў хуткім часе прозвішчы юных удзельнікаў конкурсу загучаць “па-даросламу” са старонак СМІ і іншых інфармацыйных рэсурсаў. Такім чынам, аб’яўляецца Рэспубліканскі конкурс дзіцячай фатаграфіі “Свет вакол нас” — 2017! Мы зноў шукаем таленты сярод школьнікаў і студэнтаў! Пакажыце ваша жыццё, вашы захапленні і той свет, на які мы хочам зірнуць вашымі вачыма!

Яшчэ адна навіна конкурсу гэтага года: фіналісты мінулых конкурсаў, якія жадаюць паказаць серыі сваіх работ шырокай аўдыторыі, а таксама прадэманстраваць уласнае майстэрства сёлетнім фіналістам, атрымаюць такую магчымасць. Для гэтага трэба звязацца з арганізатарамі конкурсу і даслаць прэв’ю заяўленых фата­графій для азнаямлення журы. У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства будзе выдзелена цэлая выставачная зала для паказу гэтых работ.

Падрабязная інфармацыя аб конкурсе знаходзіцца ў групе “УКантакце” (фотаконкурс “Свет вакол нас” https://vk.com/mirvokrugnasfoto). Там жа можна падрабязна азнаёміцца з Палажэннем аб правядзенні конкурсу. Прапануем пазмагацца за прызавыя месцы ў некалькіх намінацыях:

  1. “Прыгажосць роднай зямлі”. Прымаюцца фатаграфіі, якія адлюстроўваюць прыгажосць, разнастайнасць і ўнікальнасць прыроды, расліннага і жывёльнага свету.
  2. “Школьнае жыццё”. Прымаюцца здымкі, якія захавалі сцэны са школьнага і паходнага жыцця, кур’ёзныя моманты, заняткі спортам.
  3. “Мой горад (вёска)”. Прымаюцца фатаграфіі з выявай горада (вёскі), у якім жыве канкурсант. У кадры таксама могуць быць помнікі архітэктуры, гарадскія пейзажы, славутасці ці любімыя мясціны свайго горада.
  4. “Асобы вакол”. Фатаграфіі могуць адлюстроўваць дарослых і дзяцей, іх эмоцыі, настрой і паводзіны, незвычайныя сітуацыі. Арганізатары звяртаюць увагу на тое, што сэлфі на конкурс прымацца не будуць.
  5. “Крэатыў”. У гэтай намінацыі арганізатары чакаюць фата­графіі з самымі нечаканымі сюжэтамі — усё тое, на што мы ў звычайным жыцці не звяртаем увагі.

Арганізатары і партнёры фотаконкурсу — фотаклуб “Святласіла” з Паставаў, “Настаўніцкая газета”, Міжнародны фонд падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны бор”, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, адукацыйны цэнтр “Інстытут фатаграфіі і візуальных камунікацый” — падрыхтавалі шмат цікавых сюрпрызаў для
ўдзельнікаў і сур’ёзны прызавы фонд для пераможцаў!

Фотаконкурс “Свет вакол нас” праходзіць з 1 сакавіка 2017 года па 15 жніўня 2017 года ў тры этапы:

— З 1 сакавіка па 30 мая прымаюцца фота ў лічбавым выгля­дзе (па электроннай пошце mir.konkurs@gmail.com і ў групе “УКантакце”).

— 2 этап — з 1 чэрвеня па 20 ліпеня 2017 года — праца журы, вызначэнне фіналістаў — удзельнікаў выніковай выставы.

— 3 этап — з 1 жніўня па 15 жніўня 2017 года — прыём работ для друку выніковай выставы.

Пераможцы аб’яўляюцца ў верасні 2017 года падчас выніковай выставы ў Мінску (пра дату яе правядзення будзе паведамлена дадаткова).