Дзяцінства — гэта пара, калі энергія б’е праз край, калі хочацца ўсё зразумець, пра ўсё даведацца. Задача бацькоў і педагогаў — накіраваць дзіцячую энергію ў правільнае рэчышча, дапамагчы выбраць заняткі па душы. Любімая справа ў вольны час падтрымлівае эмацыянальнае здароўе дзіцяці, спрыяе выхаду са стрэсаў і дробных турбот. Для ўсіх бацькоў важна, каб вольны час іх дзеці праводзілі бяспечна, і ім спакайней, калі яны ведаюць, што сын ці дачка знаходзіцца недалёка ад дома.
У Ленінскім раёне Гродна працуюць 4 падлеткавыя клубы па месцы жыхарства Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр”. Дзеці і падлеткі маюць выдатную магчымасць заняцца справай па душы ў месцы, якое знаходзіцца блізка ад дома. У клубах ім прадастаўлены ўтульныя кабінеты, сучасныя музычныя інструменты, займальныя настольна-друкаваныя гульні, яны могуць заняцца рознымі цікавымі справамі. А дапамагаюць у гэтым педагогі, якія любяць сваю працу.
Калі ў вучэбны час не кожнае дзіця можа дазволіць сабе дадатковыя заняткі, то ў канікулярны перыяд школьнікі не абмежаваны ні ў часе, ні ў фантазіях. На канікулах для хлопчыкаў і дзяўчынак дзверы падлеткавых клубаў штодня адкрыты з раніцы да вечара: гульнявыя і забаўляльныя праграмы, конкурсы і майстар-класы. У восеньскія вечары стала традыцыяй правядзенне турніраў па настольных гульнях “Кубак роўных магчымасцей”. Такая назва спаборніцтваў абрана невыпадкова. Няважна, хто ты: хлопчык ці дзяўчынка, дарослы, падлетак або дашкольнік, — на турнірах ўсе роўныя. Галоўнае — кемлівасць, хуткасць рэакцыі, артыстызм, часам знаходлівасць. У гэтых турнірах няма пераможцаў, на першым месцы — добры настрой, станоўчыя эмоцыі, нефармальныя зносіны дарослых і дзяцей. Так, 4 лістапада ў падлеткавым клубе “Фламінга” на працягу трох гадзін ішла напружаная барацьба па настольных гульнях “Вежа”, “Мема. Дзіўныя жывёлы”, “Кортэкс”, “Саабражарый”. Кожная гульня захоплівала па-свойму. Адна патрабавала ўседлівасці і ўвагі, другая — палёту думкі і ўяўлення, трэцяя — спрыту і гнуткасці. Хлопцы пераключаліся з адной гульні на іншую, хутка асвойвалі новыя правілы і рваліся да перамогі. Менавіта тут канкурсанты адчулі падтрымку сяброў, якія падбадзёрвалі і хваляваліся гэтак жа, як удзельнікі.
За час восеньскіх канікул у падлеткавых клубах пабывала больш за 1000 дзяцей. Спадзяёмся, што кожнае з іх зарадзілася энергіяй і набралася сіл на будучую чвэрць. Нашы выхаванцы сцвярджаюць: “Добрыя канікулы — актыўныя канікулы”. Разам мы размалявалі восень яркімі фарбамі.
Святлана ЛЯШКО,
загадчык аддзела па арганізацыі вольнага часу па месцы жыхарства
Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр”.