А ў нас у клубе…

- 12:10Нам пішуць

У сучасным свеце, дзе тэлефоны і камп’ютары занялі амаль увесь вольны час дзіцяці, проста неабходна даваць магчымасць ім вярнуцца ў дзяцінства: скакаць на скакалцы, гуляць у футбол, круціць абруч, спяваць, танцаваць. Менавіта ў падлеткавым клубе па месцы жыхарства дзіця мае магчымасць акунуцца ў свет творчасці і фантазіі, гульні і казкі. Аб’яднаўшы намаганні, бацькі і педагогі заахвоцілі дзіця разам з мамай пагуляць у шашкі, разам з татам пабудаваць вежу, разам з сябрамі паўдзельнічаць у конкурсах, гульнях, змайстраваць сваімі рукамі арыгінальны выраб, сувенір.

Падлеткавыя клубы па месцы жыхарства Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна — сацыякультурныя цэнтры арганізацыі вольнага часу не толькі дзяцей і падлеткаў, якія пражываюць у мікрараёне, але і іх бацькоў. Так, у падлеткавым клубе “Космас” сярод дзяцей старшага школьнага ўзросту карыстаюцца папулярнасцю “Дыскатэкі па пятніцах”. Ініцыятарамі іх правядзення, а таксама арганізатарамі сталі самі падлеткі. Гульні, конкурсы, танцы, песні пад гітару — усё гэта і многае іншае праектуецца ініцыятыўнай групай — Андрэем Вялічкам, Русланам Бекяшовым, Давідам Мядзведзевым, Яўгеніяй Рапейка, а ўвасабляецца ў жыццё ўсім калектывам падлеткавага клуба, а ён не маленькі: 10 педагогаў і больш за 300 навучэнцаў. Навучэнцы сярэдняга ўзросту спаборнічаюць адзін з адным за званне лепшага гульца сезона ў настольны тэніс. Дзеці, якія не здолелі перамагчы, не хвалююцца, а толькі больш старанна трэніруюцца. А галоўнае — яны ўвесь час вучацца ўзаемадзеянню.

Падлеткавы клуб “Фламінга” вядомы ў мікрараёне Дзевятоўка сямейным клубам “Сям’Я”, які аб’яднаў тыя сем’і, якія імкнуцца да новых ведаў і хочуць падзяліцца імі з іншымі. Менавіта таму пасяджэнні клуба праходзяць у інтэрактыўным рэжыме. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі і арганізатарамі сустрэч сталі сем’і Шаўчук (Сяргей Рышардавіч, Ірына Герасімаўна, Аліна, Павел, Ульяна), Сарбай (Павел Баляслававіч, Таццяна Міхайлаўна, Каміла, Ігар), Праскура (Ірына Мар’янаўна, Дыяна). Чарговае спатканне сямейнага клуба, у якім узяў удзел клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, паказала, што і дзецям, і бацькам патрэбны такія сустрэчы.

Кажуць, што гульні сыходзяць з нашых двароў, а разам з імі — зносіны, паразуменне і сяброўства. Педагагічны калектыў цэнтра “Спектр” упэўнены, што цяпер самы час педагогу арганізаваць работу так, каб пры сустрэчы дзеці наперабой расказвалі адзін аднаму самыя цікавыя гісторыі пра тое, як “у нас у клубе…”.

Святлана ЛЯШКО,
загадчык аддзела па арганізацыі
вольнага часу па месцы жыхарства ЦТДіМ “Спектр” Гродна.