З такімі словамі заходзілі нашы пяцікласнікі ў аўтобус пасля экскурсіі ў Жодзіна на БелАЗ і ў Мінск у Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
29 снежня вучні нашай школы пабывалі на вялізным аўтамабільным заводзе. Гэта цэлы горад у горадзе. Першая сустрэча была ўжо незвычайная, бо сустрэлі нас цікавыя героі Электронік і Шасцяронка ў яркіх прыгожых касцюмах. Яны правялі экскурсію (ездзілі мы на аўтобусе), расказалі шмат цікавага. Калі мы пад’ехалі да цэха, дзе збіраюць гіганцкія аўтамабілі, і ўбачылі іх, то нашы эмоцыі і пачуцці немагчыма было перадаць словамі… З задавальненнем мы залезлі на вялізны аўтамабіль і вельмі здзівіліся, калі ўбачылі ў кабіне гіганта зусім маленькі руль. Напрыканцы экскурсіі да нас выйшаў Дзед Мароз з падарункамі. Дзеці і дарослыя былі ўражаны ўбачаным.
А далей мы накіраваліся ў Нацыянальную бібліятэку, дзе даведаліся шмат цікавага і новага. Экскурсавод нам расказаў пра тое, якая колькасць кніг знаходзіцца ў бібліятэцы, якія матэрыялы размешчаны на кожным паверсе, як праз камп’ютар можна заказаць патрэбную кнігу. Таксама мы наведалі залу для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З цікавасцю прайшліся па шкляной падлозе, дакрануліся да гранітнага шара, які сімвалізуе каштоўнасць ведаў і, канечне, загадалі свае жаданні. На панарамным ліфце падняліся на адкрытую пляцоўку, з якой убачылі велічны Мінск. Экскурсія ўсім вельмі спадабалася.
Алена ГОЙКА,
класны кіраўнік 5 “А” класа сярэдняй школы № 1 Камянца.