Дзіцячы сад № 6 “Светлячок” Клімавіч — установа са сваімі багатымі традыцыямі і камфортнымі ўмовамі для знаходжання выхаванцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Для забеспячэння даступнасці дашкольнай адукацыі ў дзіцячым садзе функцыянуе адаптацыйная група “Мацярынская школа”.
— Група створана для кароткачасовага сумеснага знаходжання дарослага і дзіцяці ва ўстанове дашкольнай адукацыі. У ёй ёсць усе ўмовы для рознабаковага развіцця малышоў і павышэння псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў, — адзначае загадчыца дзіцячага сада Іна Віктараўна Фралова.
Захаванне і ўмацаванне здароўя, а таксама бяспека дзяцей — прыярытэтныя напрамкі работы ўстановы. У кожнай групе ёсць “Куток бяспекі”, каб выхаванцы мелі ўяўленне аб правілах пажарнай бяспекі, дарожнага руху, аб бяспечных паводзінах дома, на вуліцы і ў грамадскіх месцах. Дарэчы, у летні перыяд пляцоўка па вывучэнні ПДР і па пажарнай бяспецы аформлена на тэрыторыі дзіцячага сада.
— Мы ганарымся, што на базе нашай установы рэалізоўваўся эксперыментальны праект “Апрабацыя методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. А зараз ажыццяўляецца інавацыйны праект “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. Аб выніках мы зможам паведаміць толькі па заканчэнні праекта, — дзеліцца загадчыца ўстановы.
Інавацыйная дзейнасць дапамагае фарміраваць эканамічна значныя якасці асобы дзіцяці, такія як беражлівасць, працавітасць і акуратнасць. Таксама яна дазваляе выхаванцам 3—7 гадоў спасцігаць асновы эканамічнай дасведчанасці.
— Галоўная роля ў фарміраванні сацыяльнай і фінансавай дасведчанасці дзяцей адводзіцца рабоце з бацькамі выхаванцаў. Сумесная дзейнасць з сям’ёй дае станоўчыя вынікі. З гэтай мэтай бацькі запрашаюцца на пасяджэнні клуба “Пакаленне”, дзе і знаёмяцца з асновамі фарміравання эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту, — падкрэслівае Іна Віктараўна.
З мінулага года “Светлячок” з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскага праекта “Зялёныя школы”.
Гэты праект дапамагае фарміраваць у выхаванцаў каштоўнаснае стаўленне да прыроды і экалагічна правільныя паводзіны. Установа ўжо атрымала статус “Зялёная школа” і дыплом II ступені.
У “Светлячку” развіваюць маральную свядомасць і эмацыянальна-валявыя якасці асобы дзяцей і матывуюць іх да заняткаў фізічнай культурай і спортам. Усё гэта дзякуючы ўдзелу ў рэспубліканскім адукацыйным праекце беларускай алімпійскай акадэміі “Марафон алімпійскай адукацыі”, арганізаваным пры падтрымцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Міністэрства адукацыі.
— Варта адзначыць, што нашы педагогі прынялі ўдзел ва ўсіх актыўнасцях гэтага праекта і накіравалі арганізатарам неабходныя матэрыялы і справаздачу. Рашэннем арганізацыйнага камітэта справаздача была адзначана як адна з лепшых, — падсумавала Іна Віктараўна.
Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара