Аб песнярах зямлі беларускай

- 16:46Нам пішуць

2017 год — год юбілею класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Год асаблівы на разнастайныя мерапрыемствы: конкурсы, сустрэчы, віктарыны, падарожжы, — каб яшчэ раз кожны ўсвядоміў значнасць дзейнасці нашых песняроў, іх ролю ў развіцці роднай мовы і літаратуры.

Вучні і настаўнікі нашай школы таксама не засталіся ў баку ад шматлікіх мерапрыемстваў і прынялі ў іх актыўны ўдзел. Смаргонскі краязнаўчы музей разам з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа праводзіў цікавую віктарыну “Якуб Колас і дзеці”. Неабходна было адказаць на 24 пытанні віктарыны, падмацаваўшы кожны адказ гістарычнай інфармацыяй, ілюстрацыяй.

Наведалі вучні выставу “Якуб Колас: вядомае і невядомае”, якая была арганізавана ў музеі. Цікавай інфармацыяй аказалася невядомае. Якуб Колас захапляўся аграноміяй. Меў трох сыноў, кожнаму з якіх пакінуў паэму: “Новую зямлю” — старэйшаму Данілу, “Сымона-музыку” — малодшаму Міхасю, а сярэдняму Юрку, які загінуў у Вялікую Айчынную вайну, — “На шляхах волі”, аўтабіяграфічную, аб падзеях Першай сусветнай вайны. Вёска Мікалаеўшчына з’яўляецца свайго роду помнікам грамадзянскай дзейнасці Якуба Коласа. У 1940 годзе тут адбыўся вялікі пажар, і па хадайніцтве Якуба Коласа вёска была спланавана і адбудавана. У паэта было больш за 40 псеўданімаў. Акрамя вядомага — Якуб Колас, якім ён падпісваў паэтычныя творы, — быў Тарас Гушча, якім падпісваў празаічныя творы.

Не пакінулі мы без увагі і конкурс буктрэйлераў, прысвечаны творчасці юбіляраў. Да паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” створаны буктрэйлер, задача якога — захапіць творам з мэтай далейшага прачытання.

Людміла ПАШКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.