Аб правах — роўны роўнаму

- 11:48Выхаваўчая прастора

З якой мэтай была ўтворана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый? Ці можна знайсці апраўданне злачынству? Што рабіць, калі вас спыніла міліцыя? Як знізіць узровень правапарушэнняў непаўналетніх? Які орган ажыццяўляе судовую ўладу ў Беларусі?

На гэтыя і іншыя пытанні навучэнцы школ Гомеля давалі адказы на дзясятым гарадскім конкурсе вучэбных судоў сярод школьнікаў “Прававы турнір” на базе юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Так яны скончылі навучальны год адукацыйнай клінікі па прапагандзе прававых ведаў сярод школьнікаў “Жывое права”.

Адукацыйная клініка па прапагандзе прававых ведаў “Жывое права” была ўтворана ў 2005 годзе для замацавання юрыдычных ведаў у студэнтаў малодшых курсаў, далучэння іх да прававой асветы з дапамогай нефармальных метадаў. Сярод асноўных кірункаў яе дзейнасці — заняткі па прававых ведах ва ўстановах адукацыі, удзел у арганізацыі канферэнцый, форумаў, правядзенне мерапрыемстваў, скіраваных на прафілактыку негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, а таксама арганізацыя штогадовага конкурсу вучэбных судоў для школьнікаў “Прававы турнір”.

Студэнты-клініцысты, як правіла, праводзяць заняткі са школьнікамі 8—11 класаў па праблемах наркаманіі ў грамадстве, правах дзіцяці, супрацьдзеянні гандлю людзьмі, прафілактыцы правапарушэнняў, насіллі ў сям’і, спосабах вырашэння канфіктаў (медыяцыі) і інш.

Тэмы, якія ўзнімаюцца на занятках, выходзяць за рамкі стандартнай школьнай праграмы і не толькі забяспечваюць навучанне ў галіне права, але і дапамагаюць авалодац-ь важнымі жыццёвымі ўменнямі (крытычным мысленнем, здольнасцю вырашаць праблемы, навыкамі зносін), таксама выхоўваюць упэўненасць у вяршэнстве закона. Дзейнасць адукацыйнай клінікі “Жывое права” дазваляе навучэнцам прымяняць атрыманыя веды ў практычных сітуацыях, з якімі яны сутыкаюцца ў штодзённым жыцці.

Цесна супрацоўнічаюць удзельнікі “Жывога права” з больш як дзясяткам школ Гомеля, каледжамі і школамі вобласці, бібліятэкамі, дзе праводзяць інтэрактыўныя заняткі з навучэнцамі, дапамагаюць у арганізацыі тыдня прававых ведаў, запрашаюць навучэнцаў на юрыдычны факультэт у рамках універсітэцкіх субот.

Лагічным заканчэннем гадавой работы адукацыйнай клінікі “Жывое права” з’яўляецца арганізацыя і правядзенне конкурсу вучэбных судоў для школьнікаў “Прававы турнір”. Вучэбныя суды практыкуюцца ў многіх краінах свету як адзін з самых цікавых і папулярных адукацыйна-інтэрактыўных метадаў, яны папулярызуюць юрыдычную адукацыю. Падчас конкурсу навучэнцы набываюць практычны вопыт па вырашэнні канфліктаў у судовым разборы, развіцці ўмення адстойваць свае інтарэсы, абараняць правы, публічна выступаць, лагічна мысліць.

Конкурс праходзіць у два этапы: вочны і завочны. У рамках завочнага этапу камандам прапаноўваецца падрыхтаваць эсэ на адпаведную тэму. Па выніках ацэнкі прадстаўленых работ для ўдзелу ў вочным этапе адбіраюцца каманды трох устаноў адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй адукацыі. У 2018 годзе імі сталі навучэнцы сярэдняй школы № 19, гімназій № 56 імя А.А.Вішнеўскага і № 46 імя Блеза Паскаля Гомеля. На працягу месяца студэнты-клініцысты рыхтавалі каманды да ўдзелу ў вочным туры, дзе разглядаліся асобныя пытанні крымінальнага, адміністрацыйнага і міжнароднага публічнага права. Таксама студэнты-клініцысты дапамагалі камандам з падрыхтоўкай пазіцый абвінавачання і абароны па прадстаўленым казусе.

Падчас вочнага этапу каманды прынялі ўдзел у трох спаборніцтвах: візітоўка, прававая віктарына і вучэбны суд. Падчас віктарыны навучэнцы паказалі ўзровень сваёй падрыхтоўкі па асобных галінах права, а падчас вучэбнага суда паспрабавалі сябе ў ролі дзяржаўнага абвінаваўцы і абаронцы. Членамі журы традыцыйна выступілі як выкладчыкі юрыдычнага факультэта, так і практыкі.

Па выніках конкурсу каманда сярэдняй школы № 19 Гомеля заняла 3-е месца, каманда гімназіі № 46 імя Блеза Паскаля — 2-е, а пераможцай стала каманда гімназіі № 56 імя А.А.Вішнеўскага. Таксама журы былі адзначаны лепшы “дзяржаўны абвінаваўца” і лепшы “абаронца”: першым стаў прадстаўнік гімназіі № 46 Кірыл Бычкоўскі, другім — прадстаўнік гімназіі № 56 Цімафей Масцяпан.

Так студэнты юрыдычнага факультэта рыхтуюцца да праваахоўнай дзейнасці, робяць уклад у прававую асвету моладзі Гомеля.

Сяргей СЫС,
старшы выкладчык кафедры крымінальнага права і працэсу;
Ірына ЭСМАНТОВІЧ,
дэкан юрыдычнага факультэта
Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.