Аб’яднанне па інтарэсах — добры сродак прафарыентацыі

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Адной з актуальных задач выхаваўчай работы з моладдзю з’яўляецца яе прафесійнае самавызначэнне і падрыхтоўка да працоўнага жыцця. Важную ролю ў вырашэнні гэтых пытанняў адыгрывае сістэма дадатковай адукацыі.

У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы створаны добрыя сацыяльна-педагагічныя ўмовы для свабоднага выбару навучэнцамі сферы дзейнасці і іх творчай самарэалізацыі. Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах маюць прафарыентацыйную накіраванасць, што пашырае ўяўленні дзяцей пра розныя прафесіі, выхоўвае станоўчыя адносіны да працы і фарміруе адэкватныя вучэбна-прафесійныя намеры.

— У нашай установе рэалізоўваецца праграма прафарыентацыі, якая ўключае работу з педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы Ірына Пятроўна Жук. — Асноўнымі напрамкамі работы з’яўляюцца прафесійная асвета і інфармаванне, прафесійнае выхаванне і кансультаванне. Праграма прадугледжвае правядзенне тыдняў і месячнікаў прафарыентацыі, размяшчэнне адпаведнай інфармацыі на сайце, разгляд пытанняў прафесійнага самавызначэння на бацькоўскіх сходах і пасяджэннях школы “Творчы пошук”. Прафарыентацыйная работа ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з цэнтрам занятасці насельніцтва, арганізацыямі і ўстановамі раёна.

Важная роля ў прафарыентацыі навучэнцаў належыць педагогам. У цэнтры працуе дружны і творчы калектыў прафесіяналаў, якія любяць сваю справу. Чатыры студыі з’яўляюцца ўзорнымі аматарскімі калектывамі. Шэсць педагогаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Так, педагог узорнай студыі выяўленчага мастацтва “Маё натхненне” Наталля Уладзіміраўна Навумлюк — пераможца абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Пазашкольнік года — 2007”, неаднаразовы лаўрэат раённага конкурсу “Педагог года”. Педагог узорнай тэатральнай студыі “Прыцяжэнне” Таццяна Васільеўна Якушык занесена на раённую Дошку гонару. Інфармацыя пра ўзорную студыю народнай цацкі “Лялька” і педагога Людмілу Уладзіміраўну Ківатыцкую размешчана на старонках энцыклапедыі “Культура Беларусі”.

— Не сакрэт, што сучасным падлеткам складана вызначыцца з будучай прафесіяй, — гаворыць І.П.Жук. — Важным рэсурсам у павышэнні якасці падрыхтоўкі навучэнцаў да прафесійнага самавызначэння з’яўляецца сфера педагагічна рэгулюемага вольнага часу. Выставы малюнкаў і фотаздымкаў, віктарыны і гульнявыя праграмы, гутаркі і дыскусіі, экскурсіі і сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій дапамагаюць дзецям зарыентавацца ў свеце прафесій і садзейнічаюць прафесійнаму выбару. Вялікі прафарыентацыйны патэнцыял закладзены ў дзейнасці аздараўленчых лагераў, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з работай супрацоўнікаў ДАІ, дэпартамента аховы МУС і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

На базе ўстановы адукацыі працуе рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі, які аказвае кансультацыйную дапамогу педагогам-арганізатарам, педагогам-псіхолагам і класным кіраўнікам. Тут праводзяцца індывідуальныя кансультацыі для школьнікаў з выкарыстаннем пакета псіхадыягнастычных методык “Профіль”. Спецыялізаваныя тэставыя заданні дапамагаюць навучэнцам лепш выявіць схільнасці да пэўнай прафесійнай дзейнасці.

У рабоце шырока выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя рэсурсы з ліку камп’ютарных інфармацыйна-даведачных сістэм і сайтаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў а таксама розныя адукацыйныя сайты. У цэнтры створана бібліятэка прафарыентацыйнай літаратуры і медыярэсурсаў “Свет прафесій”.

— У мінулым навучальным годзе па ініцыятыве рэсурснага цэнтра прайшоў раённы конкурс “Прафесія пад мікраскопам”, які доўжыўся з верасня па май і складаўся з некалькіх этапаў, — расказвае І.П.Жук. — На першым этапе “Вернісаж прафесій” удзельнікі ў сваіх работах (фотаздымках і малюнках) адлюстроўвалі прадстаўнікоў розных прафесій на сваіх рабочых месцах. На другім этапе “Аб прафесіях розных — важных і неабходных…” дзеці стваралі камп’ютарныя прэзентацыі аб прафесіях у намінацыях “З прафесіяй на “ты” і “Гісторыя адной прафесіі”, дзе прыводзілі арыгінальныя гісторыі з прафесійнага жыцця людзей, якія дасягнулі ў ім высокіх вынікаў, і гісторыі ўзнікнення і развіцця пэўнай прафесіі. Удзельнікі трэцяга этапу “Прафесійнае сямейнае дрэва” рыхтавалі даследчыя работы аб працоўных дынастыях. Так, адзін з пераможцаў конкурсу Арсеній Дзенісюк расказаў пра педагагічную дзейнасць 4 пакаленняў продкаў. Прапрадзед хлопца Мікіта Навумавіч Драка, выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, сябраваў з класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам.

Рэсурсны цэнтр актыўна працуе і ў шосты дзень. Для сельскіх школьнікаў праводзяцца трэнінгі, дыскусіі, віктарыны, гадзіны зносін, круглыя сталы, гульнявыя праграмы, прэзентацыі і завочныя падарожжы.

Сёлета ў рамках міжнароднага праекта тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю Беларусі” на базе ўстановы адукацыі быў створаны рэсурсны цэнтр па фінансавай дасведчанасці насельніцтва.

— Перспектыву ўдасканалення прафарыентацыйнай дзейнасці мы бачым у стварэнні бізнес-кампаніі па вытворчасці сувеніраў ручной работы, што будзе не толькі развіваць творчыя здольнасці дзяцей, але і фарміраваць асновы фінансавай культуры ў навучэнцаў, дапаможа ім асвоіць базавыя эканамічныя веды, — адзначае І.П.Жук.

Напрацоўкі цэнтра па прафарыентацыі школьнікаў былі адзначаны дыпломам ІІІ ступені на Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення”.

— Пра значнасць і важнасць прафарыентацыйнай работы ў сістэме дадатковай адукацыі можна меркаваць па выніках анкетавання навучэнцаў і іх бацькоў, — гаворыць І.П.Жук. — Так, 77% апытаных навучэнцаў адзначылі, што збіраюцца выкарыстоўваць атрыманыя веды і навыкі ў далейшым. 66% бацькоў упэўнены, што заняткі ў цэнтры дапамогуць іх дзецям у выбары прафесіі.

Ва ўстанове створана і штогод абнаўляецца база даных выпускнікоў, якія звязалі далейшую прафесійную адукацыю з профілем аб’яднання па інтарэсах. Сёння ў гэтай базе знаходзіцца больш за 80 колішніх выхаванцаў. Сярод іх — 60 навучэнцаў узорнай студыі выяўленчага мастацтва “Маё натхненне”, якія выбралі прафесіі дызайнера, рэстаўратара, мастака-афарміцеля, архітэктара і мадэльера. Многія з іх працуюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Германіі. Так, Алеся Кушчанка, з’яўляючыся студэнткай Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, стала пераможцай Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”. Выпускнікі гуртка “Юны журналіст” (педагог Ірына Антонаўна Мінеева) працуюць у раённых і рэспубліканскіх СМІ. Юлія Коласава з’яўляецца прэс-сакратаром Дзяржаўнага мытнага камітэта. Выпускніца гуртка “Мадэляванне вырабаў” Святлана Ягорава пасля заканчэння УВА працуе дызайнерам скургалантарэйных вырабаў у ААТ “Эксперыментальна-канструктарскае тэхналагічнае бюро” ў Мінску. Педагогі ўважліва сочаць за поспехамі выпускніцы ўзорнай тэатральнай студыі “Прыцяжэнне” Антаніны Івановай, якая спасцігае азы акцёрскага майстэрства ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З першага курса дзяўчына іграе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, здымаецца ў кіно. Сёлетні выпускнік вакальнага гуртка “Дзіцячы час” Сяргей Папоў стаў студэнтам факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Выпускніца студыі “Маё натхненне” Вольга Юднікава атрымлівае прафесію архітэктара ў БрДТУ.

— На працягу апошніх гадоў ахоп навучэнцаў гуртковай работай застаецца стабільна высокім. Гэта сведчыць пра тое, што адукацыйныя паслугі, прапанаваныя цэнтрам, з’яўляюцца запатрабаванымі. Прыходзячы да нас у дашкольным узросце, хлопчыкі і дзяўчынкі застаюцца ва ўстанове да заканчэння школы, — падагульняе І.П.Жук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.