Аб’ядноўваем аб’яднанні

- 15:06Выхаваўчая прастора

У чым перавагі арганізаванага дзяцінства? Як удасканальваць дзіцячыя аб’яднанні? Чым жывуць маладзёжныя арганізацыі? Пра якія формы работы з маладымі людзьмі ўжо варта забыць і што прапанаваць ім на замену? Гэта і не толькі абмяркоўвалася днямі ў Мінску падчас круглага стала “Шляхі і сродкі ўдасканалення зместу дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў у сучасным сацыякультурным асяроддзі: вопыт, тэндэнцыі, перспектывы”.

Падтрымка і развіццё дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў сталі адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ўстаноў адукацыі некалькі дзесяцігоддзяў назад, калі дзяржаўная маладзёжная палітыка стала неад’емнай часткай дзяржаўнай дзейнасці. Вынікі партнёрства ўстаноў адукацыі і грамадскіх арганізацый — сумесныя праекты і праграмы. Акрамя самых масавых арганізацый — БРСМ і БРПА, у Беларусі эфектыўна працуюць і невялікія па колькасці, але трывала заняўшыя сваю нішу аб’яднанні: Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕ СКА, Ліга добраахвотнай працы моладзі, Асацыяцыя беларускіх гайдаў, Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя, Беларуская ліга інтэлектуальных каманд, Беларускі КВЗ і інш. Кіраўнікі гэтых арганізацый прадставілі ўдзельнікам круглага стала не столькі вопыт выхавання дзяцей і моладзі і сучасныя тэндэнцыі ў гэтым напрамку, колькі рабілі акцэнт на сваіх поглядах на іх развіццё заўтра.

Як паведаміла Іна Грушко, інспектар галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Беларусі, сёння ў краіне зарэгістравана 320 маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, з іх 26 — дзіцячых. Дзейнасць многіх з іх накіравана на рэалізацыю патрыятычных, дабрачынных, міжнародных праектаў, акцый і мерапрыемстваў, спрыяе здароваму ладу жыцця, захаванню культурнай спадчыны, развіццю маладзёжнага, студатрадаўскага, валанцёрскага руху і інш.

Некаторыя маладзёжныя арганізацыі ўключаны ў дзяржрэестр і маюць дзяржпадтрымку. У яго ўваходзяць 16 дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, і Мінадукацыі заўсёды дапамагае ім і падтрымлівае, а таксама ажыццяўляе пастаяннае метадычные суправаджэнне іх дзейнасці, выбудавала сістэму падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў маладзёжных арганізацый. Падчас нядаўняга семінара-практыкуму ў Рэчыцы была пастаўлена задача — распрацаваць праект-стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Беларусі да 2030 года. Ужо сфарміравана рабочая група, якая будзе працаваць над стварэннем гэтага дакумента і ў якую ўвайшлі прадстаўнікі многіх дзіцячых і маладзёжных арганізацый.

“Сучасная дзяржаўная падтрымка дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, далучэнне да сумеснай дзейнасці — гэта нашы з вамі інвестыцыі ў будучыню, — звярнулася Іна Аляксееўна да ўдзельнікаў. — І мы павінны ўмацоўваць аўтарытэт маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў. Мы гатовы да сумесных ініцыятыў і праграм, мы гатовы дзейнічаць разам”.

Адной з такіх сумесных ініцыятыў стала стварэнне на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра. За пакуль кароткі час свайго існавання цэнтр стаў ініцыятарам і арганізатарам буйных грамадска-патрыятычных, валанцёрскіх, сацыяльна значных праектаў, культурна-адпачынкавых праектаў і мерапрыемстваў для моладзі, месцам для абмеркавання праблем і пытанняў па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Як расказаў яго загадчык Дзмітрый Туронак, у маладзёжным цэнтры прайшло мноства сустрэч з гасцямі — пачынаючы ад педагогаў, экспертаў, аўтараў падручнікаў і да міністра адукацыі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сярод знакавых мерапрыемстваў — Нацыянальны дзіцячы форум “Лідары Беларусі: наш уклад для малой радзімы”, рэспубліканскія конкурсы “Лідар года” і “Ты ў эфіры!” і інш. На сярэдзіну лістапада запланаваны першы Нацыянальны маладзёжны форум “Маладзёжнае лідарства: сучасны погляд” сярод студэнцкай моладзі.

Дзмітрый Варанюк, першы сакратар ЦК БРСМ, адзначыў: “Хочацца, каб такія сустрэчы сталі традыцыяй, толькі на пляцоўках грамадскіх арганізацый, каб бліжэй пазнаёміцца з імі і іх дзейнасцю, бо ўсе мы — і маладзёжныя арганізацыі, і ўпраўленне маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі — робячы адну агульную справу, часам дубліруем свае мерапрыемствы, праводзім аднолькавыя саветы па аднолькавых праблемных пытаннях. Хацелася б больш адно пра аднаго ведаць і мець магчымасць аб’ядноўваць свае намаганні. Напрыклад, наступны год будзе насычаны маштабнымі падзеямі, і было б вельмі актуальна аб’яднаць сілы валанцёраў”.

З прапановай аб’яднання не ўсе ўдзельнікі пагадзіліся. Так, старшыня праўлення Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Ліга добраахвотнай працы моладзі” Вольга Шмігельская выказала такую пазіцыю: “Ужо даўно змянілася парадыгма грамадства ад калектыўнага да індывідуальнага. У адукацыі гэта адлюстравалася як асобасна арыентаваны падыход, а вось грамадства яшчэ не паспела перабудавацца, і вельмі часта нашы лозунгі так і застаюцца калектыўнымі. А гэта ўжо не працуе. Я лічу, што наша сіла — не ў аб’яднанні ўсіх нашых арганізацый, а ва ўнікальнасці кожнай з іх”.

Пра неабходнасць перагляду старых поглядаў гаварыла і Раманія Скамарошка, намеснік генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: “Сёння моладзь жыве хутка, і мы павінны гэта ўлічваць. Доўгатэрміновыя праграмы і праекты ўжо не цікавяць маладых людзей — ім трэба хуткі вынік. Яны жывуць анлайн, менавіта там віруюць іх ініцыятывы і праекты, таму і нам не трэба рабіць асноўную стаўку на сходы і пася-джэнні. Моладзь, у адрозненне ад людзей старэйшага пакалення, іх не любіць”.

Акрамя таго, Раманія Раманаўна абазначыла “балючыя месцы”, актуальныя для многіх грамадскіх арганізацый: “Ні для каго не сакрэт, што валанцёрскі рэсурс вычарпальны. У Еўропе людзей, якія гатовы аддаваць усяго сябе паўнацэнна грамадскай рабоце, становіцца ўсё менш. Гэта тэндэнцыя некалі будзе актуальнай і для нас. Таму нам трэба мець добрыя методыкі, у тым ліку па развіцці менеджменту грамадскіх арганізацый. Ёсць і тэндэнцыя зніжэння даверу да грамадскіх арганізацый, а гэта значыць, што нашы праекты павінны быць больш адкрытымі і празрыстымі”.

Хвалюе выступоўцу і пытанне падтрымкі валанцёраў. Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што не варта блытаць іх намінальны лік і рэальны: “Напрыклад, у Чырвоным Крыжы, па статыстыцы, 17 тысяч валанцёраў. Так, калі лічыць і тых, хто раз-два ў год пасіўна прыме ўдзел у нашых акцыях, то іх столькі і будзе. Па правілах менеджменту, валанцёраў неабходна навучаць, арганізоўваць іх суправаджэнне, страхоўку, абмундзіраванне, што разам каштуе каля 500 еўра ў год на аднаго валанцёра. У нас няма столькі сродкаў, адпаведна, рэальныя лічбы валанцёраў намнога меншыя. А каб утрымаць чалавека ў арганізацыі, мала ціснуць толькі на яго спагаду, абяцаць, што ён знойдзе сабе сяброў, атрымае прафесійныя навыкі. Значыць, з матывацыяй трэба сур’ёзна працаваць. І я папрасіла б Міністэрства адукацыі павучыць нас гэтаму — у нас не так шмат вопыту ў валанцёрскім менеджменце. А ўлічваючы, што валанцёры таксама прафесійна выгараюць, ім неабходна і псіхасацыяльная падтрымка”.

Аляксандра Ганчарова, старшыня Цэнтральнага савета БРПА, заклапочана тым, што пры вялікім спектры маладзёжных арганізацый ніша дзіцячых арганізацый у Беларусі практычна не занята: “Дзеці ў полі зроку толькі ўстаноў дадатковай адукацыі і такіх дзіцячых арганізацый, як піянеры, скаўты і гайды. На жаль, у нас няма ні дзіцячага радыё, ні сацыяльных медыя — значыць, дзяцей не чуваць”. Гэта, па словах Аляксандры Уладзіміраўны — яшчэ адна нагода разнастаіць работу існуючых арганізацый, памяняць фармат сваёй работы. Так, нароўні з такімі традыцыйнымі формамі і метадамі, як конкурсы “Зарнічка”, парадна-цырыманіяльных атрадаў і інш., БРПА прапанавала сёлетнія праекты “Вотчына.бай”, інтэрнэт-праект “Пароль “акцябронак”, піянерскі КВЗ, праект “Сустрэчы на ўсе 100”. З мэтай фінансавай падтрымкі піянерскіх ініцыятыў аб’яўлены конкурс малых грантаў.

Адным з вынікаў сустрэчы стала разуменне, што для грамадскай дзіцячай ці маладзёжнай арганізацыі важна быць актуальнай, хутка рэагаваць на змены ў жыцці і патрабаванні часу. Толькі так дзіця ці малады чалавек захоча стаць яе часткай. І ўдзельнікі сустрэчы ўпэўнены, што развівацца, удасканальвацца ім трэба толькі разам, падстаўляючы плячо адно аднаму.

Святлана НІКІФАРАВА.