Аб’ёмныя выявы без акуляраў

- 12:17Навука і інавацыі

Італьянскія распрацоўшчыкі будуць развіваць тэхналогію 3D VISION разам з беларускімі вучонымі

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі працягвае знаёміць вучоных краіны з найноўшымі дасягненнямі сусветнага ўзроўню. Днямі тут адбылася прэзентацыя ўнікальнай інавацыйнай тэхналогіі 3D VISION (3D-тэлебачання) без акуляраў. Вынаходку дэманстравалі італьянскія аўтары Даніэле Дэ Молі і Стэфана Габрыэлі.

Па меркаванні распрацоўшчыкаў, 3D VISION — гэта тэхналогія будучыні, якая мае шырокія магчымасці прымянення ў самых розных сферах — медыцыны, машынабудавання, кантролю якасці ў прамысловасці, дызайну і г.д. Яны паказалі, як згаданая тэхналогія ўжо выкарыстоўваецца на практыцы, і адзначылі, што ў Беларусі знайшлі новую галіну для яе прымянення.

Як паведаміў Даніэле Дэ Молі, кампанія REAL VISION мае 5 патэнтаў на вынаходкі, у тым ліку патэнт на тэхналогію 3D VISION без акуляраў у галіне медыцыны. На сусветным кангрэсе па ўралогіі ў Сан-Дыега ў 2016 годзе быў прадстаўлены пратакол, дзе пацвярджаецца бяспека гэтай тэхналогіі для здароўя як пацыентаў, так і ўрачоў.

Распрацоўшчыкі прызнаюцца, што першапачаткова 3D VISION стваралася менавіта з медыцынскімі мэтамі. Потым ужо, калі ўдалося рэалізаваць задуманае, сталі адкрывацца ўсё новыя сферы прымянення.

Даніэле Дэ Молі праз маленькі надрэз уводзіць лапараскапічны зонд у цела вялікага чырвонага перцу — і мы бачым на экране прыкладна такую ж выяву, што назірае хірург падчас лапараскапіі. Тэхналогія 3D VISION дае аб’ёмнае бачанне поласці, дазваляе адчуваць глыбіню і з максімальнай дакладнасцю працаваць са скальпелем. І гэта толькі адзін прыклад медыцынскага прымянення інавацыйнай тэхналогіі.

Аўтары распрацоўкі сцвярджаюць, што можна вырабляць маніторы любога памеру — ад планшэтаў да вялікіх вулічных экранаў. Напрыклад, хутка ў цэнтры Мілана будзе ўсталяваны гіганцкі 3D-манітор для рэкламы вядомых сусветных брэндаў. Візуальна выява будзе выходзіць за межы экрана на 2—4 метры. Аўтары распрацоўкі не сумняваюцца, што ў перспектыве тэхналогія знойдзе прымяненне і ў тэлебачанні.

Сёння яны актыўна супрацоўнічаюць з кампаніяй Ferrari, дзе ўпершыню 3D-маніторы пачнуць прымяняць замест люстэрак бакавога бачання. Гэта значыць мяняюцца стандарты ў машынабудаванні.

— Зараз мы працуем над прататыпам Ferrari, дзе будуць выкарыстоўвацца дзве відэакамеры і 3D-манітор, — расказвае Стэфана Габрыэлі. — Замена бакавых люстэрак дысплэем унутры аўтамабіля дазваляе вырашыць многія праблемы. Напрыклад, знікае так званая “мёртвая зона”, якую ў люстэрках нябачна. Відэакамеру можна размясціць франтальна, і гэта істотна павялічыць агляд, аж да пярэдняга кола. З’явіцца магчымасць дакладна ацэньваць дыстанцыю да навакольных прадметаў, у тым ліку да машыны, якая едзе спераду. Дарэчы, тое ж мы робім для Lamborghini і Volkswagen.

Такім чынам, магчымасці тэхналогіі 3D VISION вельмі шырокія, многія сферы прымянення яшчэ давядзецца адкрыць.

— Я пазнаёміўся з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і хачу зрабіць камплімент: узровень даследаванняў тут сапраўды высокі, я ўражаны, — адзначыў Даніэле Дэ Молі. — Тут мы адкрылі для сябе, што тэхналогія 3D VISION можа прымяняцца ў атамных сілавых мікраскопах. Сёння ноччу мы працавалі з выявамі, якія нам прадаставілі беларускія вучоныя, і атрымалі вельмі добрыя вынікі. Хачу сказаць, што ў Беларусі будзе мікраскоп на аснове тэхналогіі 3D VISION. Мы зможам убачыць цяжкадаступны нам нанасвет у рэалістычным 3D-прадстаўленні.

Італьянцы заявілі аб сваіх планах адкрыць у Мінску філіял кампаніі REAL VISION. Гэта дазволіць інжынерам і тэхнікам дзвюх краін развіваць новыя прадукты на аснове інавацыйнай тэхналогіі 3D VISION.

— Свет не перастае здзіўляцца і здзіўляць, — заўважыў першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык. — Зараз мы бачым абсалютна новую тэхналогію прадстаўлення трохмернай інфармацыі без дадатковых дывайсаў. Беларусь інтэлектуальна развітая краіна з добрай аптычнай вытворчасцю, вытворчасцю розных мікраскопаў, і гэтая тэхналогія дае нам дадатковыя магчымасці. Сфера прымянення 3D VISION вельмі шырокая — медыцына, беспілотная авіяцыя, касмічныя даследаванні, кантроль якасці ў прамысловасці і г.д. Спалучаючы згаданую тэхналогію з праграмным забеспячэннем (а ў распрацоўцы софта мы таксама можам супрацоўнічаць), можна зрабіць вялікі крок наперад.

Вынікам візіту італьянскіх распрацоўшчыкаў у Мінск стала падпісанне рамачнага пагаднення паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і кампаніяй REAL VISION. У дакуменце абазначаны напрамкі супрацоўніцтва ў галіне 3D-візуалізацыі для далейшага выкарыстання ў медыцыне, навуцы і тэхніцы.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.