Абапіраемся і строга прытрымліваемся інструкцый і рэкамендацый МАГАТЭ

- 11:32Інфармацыйная гадзіна

Экспазіцыя БелАЭС “Ядзерная энергетычная праграма Беларусі: прыярытэт — бяспека” афіцыйна адкрылася ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў ходзе 61-й сесіі Генеральнай канферэнцыі агенцтва, якая праходзіць у Вене.

Экспазіцыя Беларускай АЭС прадстаўлена ў Венскім міжнародным цэнтры трэці раз. У бягучым годзе свае стэнды падрыхтавала больш за 20 краін, у тым ліку ЗША, Кітай, Расія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, ААЭ, Казахстан і іншыя. Асобныя выстаўкі таксама адкрылі Еўракамісія, Сусветная ядзерная асацыяцыя, Міжнародны маладзёжны ядзерны кангрэс, сакратарыят МАГАТЭ.

На беларускім стэндзе прадстаўлена інфармацыя пра бягучы статус рэалізацыі праекта АЭС у Астраўцы, сістэмы гарантавання бяспекі пры будаўніцтве і эксплуатацыі станцыі, перавагі развіцця ядзернай энергетыкі для Беларусі. На стэндзе дэманструецца фільм, зняты на пляцоўцы АЭС, які расказвае пра ключавыя падзеі пры будаўніцтве станцыі — ад падрыхтоўчага перыяду да гэтага часу.

Адкрываючы экспазіцыю, намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што Беларусь рэалізоўвае праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі адкрыта і транспарэнтна. “Мы ствараем і развіваем неабходную ядзерную інфраструктуру. Пры гэтым абапіраемся і строга прытрымліваемся інструкцый і рэкамендацый МАГАТЭ для краін, якія сталі на шлях стварэння ядзерных энергетычных праграм”, — падкрэсліў намеснік міністра. Беларусь мае намер прадаўжаць узаемадзеянне з МАГАТЭ для арганізацыі ацэначных місій. Найбліжэйшая з іх (місія па аварыйнай гатоўнасці і рэагаванні) прыбудзе ў краіну ў сакавіку 2018 года.

Паводле слоў намесніка міністра, высокія патрабаванні прад’яўляюцца да падрыхтоўкі кадраў. Для навучання і павышэння кваліфікацыі персаналу станцыі на пляцоўцы АЭС адкрыты ўласны вучэбна-трэніровачны цэнтр, рэгулярна праводзяцца стажыроўкі на расійскіх станцыях.