Абмеркавалі экалагічныя праблемы

- 11:13Адукацыйная прастора

“Гісторыя пластыкавай бутэлькі”, “Адкуль бярэцца электрычнасць”, “Праблемы, якія датычацца ўсіх”— вось тэмы трэнінгаў, якія правялі члены клуба ЮНЕСКА “Авенір“ сярэдняй школы № 8 Гродна для сваіх равеснікаў з іншых школ горада.

Навучэнцы 8-й школы з’яўляюцца ўдзельнікамі праекта маладзёжнай валанцёрскай сеткі “Экалогія на пальцах”, які рэалізоўваецца рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі і Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

— Праект “Экалогія на пальцах” прадугледжвае фарміраванне 13, як мы называем, мультыплікатарскіх груп, кожная з якіх будзе складацца з 24 школьнікаў і 12 выкладчыкаў устаноў адукацыі ў 12 гарадах Беларусі, — расказвае педагог-арганізатар сярэдняй школы № 8 куратар клуба “Авенір” Галіна Маслава. — Гэтыя падрыхтаваныя валанцёры будуць праводзіць асветніцкую работу ў галіне экалогіі сярод сваіх равеснікаў.

У трохдзённым семінары-трэнінгу прынялі ўдзел навучэнцы гімназій № 1 імя Я.Ф.Карскага, № 10 і № 6, сярэдніх школ № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава і № 12. Гаворка ішла і аб прыродных рэзерватах і нацыянальных парках. Так, валанцёры разглядалі станоўчыя і адмоўныя бакі пражывання там людзей, пытанні зберажэння прыродных багаццяў ахоўных тэрыторый.

— Наша работа арганізавана не як праслухоўванне лекцыі, а як спроба калектыўна адшукаць адказы на злабадзённыя экалагічныя пытанні, прапанаваць свае шляхі іх вырашэння, — расказвае навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 8 Гродна Варвара Штэфірца. — Вельмі важна самому зразумець гэтыя праблемы і здолець данесці іх да іншых, адшукаць разам іх рашэнне. Мы таксама набываем навыкі па камунікацыі, аратарскім і трэнерскім мастацтве, уменне працаваць у камандзе.

— Атрыманыя веды і распрацаваныя на трэнінгах матэрыялы, а ўдзельнікі атрымлівалі заданні і для іх самастойнай распрацоўкі, дапамогуць школьнікам набыць новыя веды ў галіне экалогіі і іншых прыродазнаўчых навук, пазнаёміцца з сучаснымі падыходамі да аховы навакольнага асяроддзя, з метадамі атрымання энергіі і абыходжання з адходамі, атрымаць веды ў галіне арганізацыі адукацыйнай дзейнасці па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, — гаворыць намеснік дырэктара сярэдняй школы № 8 па выхаваўчай рабоце Сняжана Кісялёва.

Работа валанцёраў-мультыплікатараў працягнецца. Ім трэба будзе правесці трэнінгі па чатырох адукацыйных модулях — “Адкуль бярэцца электрычнасць”, “Праблемы, якія датычацца ўсіх”, “Гісторыя адной пластыкавай бутэлькі”, “Біясферныя рэзерваты” — не толькі ў сваіх навучальных установах, але і максімальна пабываць у іншых. Задача — дапамагчы дзецям і моладзі зразумець сваю адказнасць за захаванне прыроды. У снежні навучэнцы атрымаюць сертыфікаты, якія пацвярджаюць, што яны з’яўляюцца школьнікамі-мультыплікатарамі ў галіне экалагічнай асветы і Мэт устойлівага развіцця ААН.

— Клуб “Авенір” дзейнічае ў нашай школе амаль 25 гадоў, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 8 Гродна Вольга Нерад. — У сакавіку будучага года будзем адзначаць гэты юбілей. Таксама школа з’яўляецца афіцыйна зарэгістраванай ШПВРЭ-школай, і мы гатовы дзяліцца вопытам экалагічнага выхавання, энерга- і рэсурсазберажэння. Па выніках апошняга трэнінгу нашы навучэнцы вырашылі арганізаваць акцыю да навагодніх свят і зрабіць упрыгажэнні з пластыкавых бутэлек.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.