Абноўкі для школьнікаў

- 17:02Сацыяльны ракурс

Сёлета школьнікаў прымуць каля 3 тысяч устаноў адукацыі, у іх будуць вучыцца больш за 1 млн хлопчыкаў і дзяўчынак, 114 тысяч з якіх — першакласнікі. І ўжо не першы тыдзень для іх і іх бацькоў працуюць школьныя кірмашы, на якіх прадстаўлены поўны спектр школьных тавараў.

— На падрыхтоўку да гэтага школьнага сезона паўплывала, канечне, сітуацыя з каранавірусам. Ні для каго не сакрэт, што прадпрыемствы лёгкай прамысловасці ў красавіку-маі былі арыентаваны ў асноўным на выраб сродкаў індывідуальнай абароны, — сказаў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры намеснік старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці Вадзім Уладзіміравіч Ламкоў. — Школьны сезон пачаўся для нас крыху пазней, чым звычайна, шэраг мерапрыемстваў, якія мы праводзім перад пачаткам школьнага сезона, не праводзілі. Гэта паказы школьнага адзення, прэзентацыі.

Вытворчасць і пастаўку адзення для навучэнцаў у Беларусі ажыццяўляюць 10 прадпрыемстваў швейнай і трыкатажнай галіны (калі гаварыць толькі аб прадпрыемствах “Беллегпрама”). Пры гэтым сёлета заказ на школьнае адзенне для іх меншы, чым было раней, — 600 тысяч адзі­нак швейных і трыкатажных вырабаў замест больш як 1 млн вырабаў у год, менш заказаў і на абутак. Звязана гэта з тым, што гандаль імкнецца спачатку рэалізаваць ранейшыя пастаўкі. Хаця прадпрыемствы лёгкай прамысловасці гатовы ў любы момант на працягу тыдня вырабіць любую разумную колькасць неабходнага тавару, калі паступяць заказы. На 1 жніўня прадпрыем­ствы “Беллегпраму” паставілі ў гандаль больш за 400 тысяч вырабаў, з іх 256 тысяч — швейных, 145 тысяч — трыкатажных. Адпаведна і абутак, і галантарэя паступаюць ва ўсе гандлёвыя сеткі.

Выпускаецца каля 500 мадэлей школьнага адзення, з якіх 285 — новыя. Нашы прад­прыемствы вырабляюць, напрыклад, штаны-кюлоты, бомберы, трыкатажныя кашулі, блузкі з карункамі, атласам і г.д. Размерны рад шырокі, вытворцы прадугледзелі і нестандартныя памеры, і мадэлі з рэгулятарамі, калі можна падганяць выраб па фігуры дзіцяці. Усё беларускае адзенне для школьнікаў цалкам адпавядае патрабаванням па бяспецы прадуктаў, прызначаных для дзяцей і падлеткаў, і па бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці, стандартам, устаноўленым на тэрыторыі краін ЕАЭС. Акрамя таго, зараз укараняецца рэспубліканскі стандарт адзення для школьнікаў і пэўныя прадпрыемствы ўжо кіруюцца ім.

Як растлумачыла галоўны спецыяліст упраў­лення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міні­стэрства адукацыі Ірына Ула­дзіміраўна Булаўкіна, галоўную ролю ў вызначэнні знешняга выгляду навучэнцаў адыгрываюць Саветы ўстаноў адукацыі, у якія ўваходзяць бацькі, навучэнцы, педагогі і адміністрацыя школы. Узоры адзення дзелавога стылю размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі — яно вельмі разнастайнае і дае магчымасць складаць розныя камплекты, пры гэтым прапанаваныя ўзоры носяць рэкамендацыйны характар. Галоўнае, каб адзенне настройвала на рабочы лад, не адцягвала ўвагу ні яго ўладальніка, ні іншых школьнікаў ад вучобы. 

Цэны, як расказаў В.У.Ламкоў, у асноўным удалося захаваць на ўзроўні мінулага года. Рост ад 3 да 10 працэнтаў выкліканы выкарыстаннем новых матэрыялаў і ростам выдаткаў на закупкі па імпарце.

— Імкнёмся захаваць канкурэнтаздоль­насць, таму цэны стараемся не павышаць, — заўважыў Вадзім Уладзіміравіч. — На калекцыі мінулых гадоў ўжо дзейнічаюць значныя зніжкі, пэўныя прадпрыемствы пачалі даваць зніжкі і на калекцыі 2020 года.

Намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання начальнік аддзела спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Віктараўна Мельнікава дадала, што па інфармацыі сталічных універмагаў цэны на адзенне дзелавога стылю для навучэнцаў пераважна не змяніліся адносна мінулага года. Што да іншых тавараў, то, напрыклад, набор школьна-пісьмовых прылад і канцылярскіх тавараў можа складаць ад 22 да 183 рублёў. Арыенціровачны кошт адзення дзелавога стылю для навучэнцаў — ад 60 да 303 рублёў.

Сумесна з вытворцамі гандаль праводзіць акцыі па продажы тавараў са зніжкамі да 70% (такія зніжкі на калекцыі мінулых гадоў уста­ноўлены, напрыклад, на адзенне салігор­скай “Калінкі”). Прапаноўваюцца таксама розныя праграмы крэдытавання і растэрміноўкі, дні зніжак, а 15—16 жніўня плануецца правесці адзі­ны дзень зніжак, калі яны будуць дасягаць 40%. Праходзяць акцыі сацыяльнай накіраванасці, калі зніжкі атрымліваюць мнагадзетныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, — у асноўным да 25%. Шэраг гандлёвых арганізацый удзель­нічае ў дабрачыннай акцыі “Збяром партфель разам”.  

Ва ўсіх рэгіёнах краіны працуюць больш за 350 школьных кірмашоў, праводзяцца выставы-продажы, кірмашы выхаднога дня, пашыраны продаж. Тавары школьнага асартыменту рэалізоўваюць больш за 10 тысяч рознічных гандлёвых аб’ектаў, гандаль вя­дзецца і на пляцоўках побач з гандлёвымі арганізацыямі, і на кірмашах. Ёсць і дадатковыя паслугі для пакупнікоў: прыём папярэдніх заказаў, падгонка адзення (у мінскім ЦУМе, напрыклад, з 15 ліпеня да 31 жніўня адзенне для школьнікаў падганяюць бясплатна). Акрамя адзення, гандаль прапаноўвае школьнікам да 100 мадэлей ранцаў, рукзакоў, сумак, якія аснашчаны святлоадбівальнымі элементамі, мноства іншых тавараў — сшыткаў, алоўкаў, альбомаў і г.д.

Марына ХІДДЖАЗ.