Абодва сыны гомельскага інжынера Яўгена Калашнікава ў маленстве натхнялі яго на стварэнне дзіцячых вершаў і казак

- 13:17Персона

Дзіцячы паэт і казачнік з Гомеля Яўген Калашнікаў піша не толькі вершы і казкі. Для музея 28-­й гомельскай школы ён напісаў таксама рэальныя гісторыі з жыцця свайго і некаторых сваіх аднакласнікаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як парукацца з мінулым?

Трапнае слоўца “рукацца” — што азначае “вітацца за руку” — даводзіцца тут выкарыстаць. Мы пачалі размову пра яго радавод, а Яўген Міхайлавіч падае твор: “Дзвярная ручка”. Даслаў яго ў “Вясёлку” на конкурс часопіса і Саюза пісьменнікаў Беларусі, летась надрукавалі — з фотаздымкам ручкі. Я пабачыў той рарытэт і ў доме гаспадара, на ціхай вулачцы ў прыватным сектары Гомеля. Пра ручку ён піша: “Значнасць гэтых рэчаў не ў тым, што яны дорага каштуюць, а ў тым, што ў доме асвятляюць прастору памяццю аб мінулым, аб продках”. І далей сцісла расказвае, як з 1876 года, пасля завяршэння будаўніцтва ўчастка Лібава-Роменскай чыгункі Бабруйск — Гомель пачаў горад разрастацца. Яму патрэбны былі розныя спецыялісты. З Расіі тады прыехалі ў Гомель Якаў Калашнікаў, добры муляр, і яго жонка Акуліна: дзядуля і бабуля майго суразмоўніка. У 1891-м паставіў дзед Якаў хату — там і выраслі яго трое сыноў. А ў пасляваенны час на месцы струхлелай драўлянай будыніны ўжо бацька малога Жэнькі, які нарадзіўся ў 1941-м, узвёў невялічкі домік: “У ім яны з матуляй выгадавалі трох дачок і мяне”.

У свой час і гаспадар-казачнік паднаўляў-дабудоўваў жытло, дзверы новыя ставіў, дык “латунная дзвярная ручка, якую дзед Якаў з Расіі прывёз і якой карысталіся, можа, яшчэ і дзедавы продкі, аказалася лішняй”. Вы ўжо здагадаліся, што было далей? “Таму я, не раздумваючы, прымацаваў яе над новай ручкай да дзвярэй, што на ўваходзе ў старую палову дома, дзе выраслі мы з сёстрамі. Так што цяпер, увахо­дзячы туды, я нібы адчуваю цеп­лыню рук усіх сваіх продкаў”. Вось як шануе папярэднікаў Яўген Калашнікаў, ганаровы член Саюза пісьменннікаў Беларусі — такое званне ён мае з 2014 года.

Тэмы для творчасці, асвечанай добрым гумарам і цікавасцю да розных праяўленняў жыцця, нюансаў мовы, пісьменнік знаходзіць усюды. У яго склаўся такі падыход: вершамі-казкамі як забаўляць юных чытачоў, так і пакрыху павучаць, выхоўваць.

Так і з ручкай было. Бо сёння ж, разважаем, у маладых лю­дзей часам ёсць перакананне, што ўсё ў доме, інтэр’еры і рэчах павінна быць новым і сучасным. Але ж тады там няма ўжо месца ні кнігам, ні мэблі, ні фотаздымкам, важным дакументам з мінулага, з гісторыі роду…

Выхаванне казкамі і вершамі

Мы сядзім, гутарым у тым свяшчэнным для казачніка месцы, дзе ў асноўным нараджаюцца яго казкі. Утульны рабочы кабінет з акном у асвечаны сонцам двор, зручны стол, па якім, дарэчы, гуляюць на вуліцу дзве яго кошкі. “Ой, Касенька прыйшла!” — голасам лашчыць гаспадар адну з выхаванак, прыадчыняе акно — і яна ўжо на падваконні звонку. Яўген Міхайлавіч рухаецца цяжкавата, з тугой прызнае: праблемы са здароўем, і не так інтэнсіўна, як раней, працуецца. Раней жа прыйдзе з работы — і аж да дзвюх ночы за сталом, у творчасці. Гады бяруць сваё. Не стала жонкі, сыходзяць равеснікі… Па-ранейшаму радуе пісьменніка, што творы, кнігі — якіх выйшла ўжо 20! — знаходзяць водгук у чытачоў. І мне на добрую па­мяць падпісаў салідны, амаль на 200 старонак зборнік вершаў і казак “Чаепитие с котом” і “Сказки гномика Макара” з цудоўнымі каляровымі карцінамі гомельскага мастака Максіма Дрыго.

З анатацый да падораных кніг вынікае, што вершы і казкі Яўген Калашнікаў адрасуе дзецям ранняга ўзросту. Яны пра дзяцей і жывёл, вясёлыя і пазнавальныя, з лёгкім гумарам і ненадакучлівым павучаннем. Тэмы аўтар знаходзіць, назіраючы за гульнямі, паводзінамі дзяцей, творча выкарыстоўвае іх размовы. Казкі нам падказваюць, як важна ўмець сябраваць, прывучаць сваё сэрца жыць у дабрыні, падштурхоўваюць да стараннай вучобы і спазнання свету.

Цікава, як уваходзілі вершы і казкі ў яго жыццё? Можа, пытаю, мама казкі расказвала?

“Ёй было не да казак: я ж нарадзіўся ў 1941-м… Выжывалі ў ваенны час, потым — пасляваенныя голад і разруха… Дарэчы, любоў да кніг мне прывівала маміна сястра, настаўніца рускай мовы і літаратуры Аляксанд­ра Сцяпанаўна Сердзюкова. Тата многа працаваў, мама пасля вайны вяла дамашнюю гаспадарку, дзяцей даглядала. Спачатку мы са старэйшай сястрой двое ў іх былі, а потым нарадзіліся блізняты-сястрычкі. Дык іх я выхоўваў: на казках, вершах Самуіла Маршака, Сяргея Міхалкова, Карнея Чукоўскага… Сястрычкі слухалі, раскрыўшы роцікі. Вось і сам уцягнуўся ў свет казак, вершаў, мастацкіх вобразаў”, — прыгадвае паэт.

…Калі Яўген Міхайлавіч вярнуўся з арміі, то малодшыя сёс­тры былі ў 10 класе. Неяк папрасілі напісаць сачыненне. Два розныя напісаў, і яны абедзве атрымалі пяцёркі, прычым нас­таўніца зрабіла такі акцэнт: напісаны на журналісцкім узроў­ні. Сёстрам — радасць, а яму — прызнанне таленту… А жыццё склалася так, што пасля заканчэння філіяла Беларускага полі­тэхнічнага інстытута на “Гомсельмашы” стаў спецыялістам па апрацоўцы металаў пад ціскам: прэсы, штампы, молаты… Прайшоў вялікі шлях ад слесара-рамонтніка да галоўнага інжынера.

Урок з 1965-га

Да твораў для дзяцей і дзіцячых кніг быў яшчэ немалы кавалак шляху.

“Абодва мае сыны былі натхняльнікамі ў творчасці, — адзначае Яўген Калашнікаў. — Калі падрастаў старэйшы сын Ігар, то для яго ў 60-я гады я пачаў пісаць казкі, вершы. Пісьменнік Юрый Фатнеў прапанаваў мне ўсё сабраць у кнігу, дапрацаваць. Так і зрабіў, аддалі ў выдавецтва. Кніга “Раки-раскоряки” ананса­валася ў планах: 200 тысяч экзэмпляраў. Але даслалі мне з выдавецтва рукапіс з заўвагамі, мне ж некаторыя не спадабаліся. І вось жа, як у народзе ка­жуць, гаўкнуў там, дзе трэба было лізнуць. Мяне з плана хуценька выкінулі, рукапіс прыляцеў назад. То я пасля таго доўга ў дзіцячую літаратуру не апускаўся, усё закінуў і ў выдавецтвы не соваўся — заняўся вытворчасцю”.

Потым, у 80-я, у яго склалася плённае супрацоўніцтва з галоўным рэдактарам газеты “Зорька” Эміліяй Луканскай — якраз у гэтым выданні ў 1980 годзе з’явілася першая казка Яўгена Калашнікава. Супрацоўнічаў з часопісам “Качели”, іншымі дзіцячымі выданнямі. Дзякуючы таму і адчуў, што яго творчасць мае водгук і прызнанне. І толькі ў 1995-м зноў Юрый Фатнеў яго падштурхнуў выдаць кнігу. Адна з іх пад назвай “Для чего нужны хвосты” выйшла ў выдавец­тве пры “Гомельскай праўдзе”. Кніжка-размалёўка вершаў на 12. У другой кнігі зноў не склаўся лёс, аднак аўтар, хоць і “ўсё закінуў”, зразумеў: штосьці атрымліваецца. Трэба рухацца далей і гэтым шляхам.

“А грошай за кнігу ці далі?” — цікаўлюся. Ён смяецца: “Кніга выйшла тыражом 10 000 экзэмпляраў, аднак у 1995-м ганарар быў такі, што я рублёў 10—15 дадаў і купіў каробку цукерак галоўнаму рэдактару.”

Потым выйшла і кніга “Буквы путать не годится” — гэта быў перапрацаваны рукапіс 1965 года. І, дарэчы, калі аўтар яго пера­працоўваў, то падумаў: добра, што кніга тады не выйшла, бо знайшоў там шмат ляпаў, за якія было б яму з гадамі няёмка.

Для роднай школы

Пра каштоўную ідэю пад назвай “Класная гісторыя” пішу напрыканцы нататак. Для музея 28-й гомельскай школы (яе ў 50-я гады пісьменнік заканчваў, і гэта была сярэдняя школа № 2) напісаў Яўген Калашнікаў і рэальныя гісторыі з жыцця некаторых адна­класнікаў.

“Ад 1 “А” да 10 “А” мы прайшлі вучобу разам, — гаворыць Яўген Міхайлавіч. — Я напісаў пра не­каторых вучняў з нашага класа, хто кім стаў…

Работу прысвяціў памяці першай настаўніцы Аляўціны Фёдараўны Генчыкавай і нязменнага дырэктара Зіновія Маркавіча Гершанкі. Пералічыў прозвішчы ўсіх аднакласнікаў — з удакладненнямі: хто што скончыў пасля школы, якую атрымаў кваліфікацыю і спецыяльнасць, у чым сябе праявіў, якія ўзнагароды мае.

Было ў класе 29 чалавек, яны пададзены ў алфавітным парадку, і я ў тым ліку. Пад № 8 паведамляецца, што Яўген Міхайлавіч Калашнікаў скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, інжынер-механік, галоўны інжы­нер вы­творчага аб’яднання пластма­савых вырабаў, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі”.

Шэсць аднакласнікаў пісьменніка скончылі школу з залатым медалём. Моцны быў выпуск! Сямёра з яго сталі навукоўца­мі. Пра некаторых з іх у “Класнай гісторыі” пададзены кароткія звесткі, а яшчэ — здымкі: якімі яны былі ў школе і якімі сталі з гадамі.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара