Абпаленае вайной дзяцінства

- 16:56Нам пішуць

8 лютага 1962 года працоўныя Парыжа выйшлі на антыфашысцкую дэманстрацыю. Пятнаццацігадовы хлопчык Даніэль Фэры, які ішоў у першых радах, быў забіты. Роўна праз год, 8 лютага 1963 года, у турме ў Іраку ад нечалавечых пакут памёр іншы хлопчык – Фадыл Джамаль. З 1964 года было прынята рашэнне: 8 лютага зрабіць Днём памяці юных герояў-антыфашыстаў.

Класная гадзіна, прысвечаная гэтай тэме, прайшла ў шостым класе Макранскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Хвілінай маўчання навучэнцы ўшанавалі памяць дзяўчынак і хлопчыкаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Рызыкуючы жыццём, яны былі сувязнымі, разведчыкамі, здабывалі для партызан зброю, ежу, вопратку, абутак. Свае выступленні навучэнцы прысвяцілі Лёню Голікаву, Віцю Карабкову, Міколу Гойшыку, Марату Казею, Зіне Партновай і іншым героям-антыфашыстам. Асаблівая ўвага была нададзена юным героям быхаўскай зямлі: Марату Казлову, Валі Куракінай, Веры Самалётавай, імя якой носіць піянерская дружына нашай установы.

Шмат дзяцей і падлеткаў загінула ў гады вайны. Імёны ў іх розныя, але лёсы падобныя. Усё, што яны рабілі, было дзеля вызвалення сваёй краіны ад фашысцкіх захопнікаў. А для вучняў шостага класа пасля мерапрыемства дэвізам сталі такія простыя, але вельмі важныя словы: “Мы за мір!”.

Вольга КРАСНІЦКАЯ,
класны кіраўнік 6 класа Макранскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Быхаўскага раёна.