Абудзіць цікавасць да свету ў працэсе малявання

- 12:12Дашкольная адукацыя

Выяўленчая дзейнасць ледзь ці не самы цікавы від дзейнасці для дашкольнікаў. Яна дазваляе дзіцяці перадаць уражанне пра навакольны свет, спрыяе ўсебаковаму развіццю дзяцей, раскрыццю і ўзбагачэнню іх творчых здольнасцей. Дапамагчы дзіцяці палюбіць і зразумець мастацтва, абудзіць у ім талент, усяліць веру ў свае сілы могуць дарослыя.

Для далучэння дзяцей да творчасці ў групе, дзе яны знаходзяцца, неабходна стварыць цэнтр выяўленчай дзейнасці, падабраць туды матэрыял для практычнай дзейнасці: акварэльныя, гуашавыя, алейныя фарбы, васковыя алоўкі, свечкі, адбіткі розных форм, ніткі, сухія лісты. Для малявання спатрэбіцца вадкае мыла, парафін, вільготная тканіна, паралон, губкі, гузікі, пер’е, вострая палачка.
Паперу для малявання выкарыстоўваем самую розную: газетную, кардонную, абгортачную, чарцёжную, тонкую і тоўстую. Малюнкі выконваем таксама на лінолеуме, керамічнай плітцы і шкле. У цэнтры выяўленчай дзейнасці заўсёды ёсць клей, нажніцы, пэндзлі, альбомы, кнігі, наборы паштовак, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дзіця павінна мець магчымасць самастойна выбіраць выяўленчы матэрыял, тэму, від дзейнасці і месца работы. Я заўсёды даю дзецям свабоду эксперымента з матэрыяламі, магчымасць для ўласных адкрыццяў, праверкі ідэй.У рабоце з выхаванцамі прытрымліваюся прынцыпу свабоды творчасці, развіваю ў іх ініцыятыўнасць і самастойнасць, а таксама ўяўленне, вобразнае ўспрыманне, зрокавую памяць. Усяму гэтаму спрыяе развіццёвае прасторавае асяроддзе групы, дапаможнікі і матэрыялы. Прымяняю таксама разнастайныя формы работы з дзецьмі.
Перш чым навучыць дзяцей розным спосабам малявання, расказваю пра тэхнікі малявання. Для дзяцей адным з любімых спосабаў малявання з’яўляецца манатыпія. Гэта спосаб маляўнічы, ён дазваляе праявіць вынаходлівасць. Для манатыпіі спатрэбіцца фотапапера, фарбы, мыла, зубныя шчоткі, вада, пластыкавыя пласціны, на якія будзе наносіцца фарба, а з дапамогай ліста рабіцца адбітак. Для выразнасці ўбачанага вобраза дзеці дамалёўваюць яго фарбамі або васковымі алоўкамі.
Пры выкананні работы ў тэхніцы малявання далонькай дзеці паказваюць сябе як даследчыкі, фантазёры. Яны вучацца выкарыстоўваць колер як сродак перадачы настрою. Пры непасрэдным кантакце пальцаў рук з фарбай пазнаюць яе ўласцівасці, лёгка асвойваюць новыя колеравыя гамы. Усё гэта спрыяе развіццю ўяўлення, без якога немагчыма ўвасабленне задумы.
Чым старэйшыя дзеці, тым больш разнастайныя іх работы ў такіх тэхніках, як друкаванне лісцем, кляксаграфія, кропкавы малюнак, тэхніка па сырым, ніткаграфія, калаж, маляванне паралонам, васковымі алоўкамі, свечкай. Старшыя дашкольнікі самастойна выбіраюць тэхніку для перадачы вобразнага малюнка. Напрыклад, для асенніх пейзажаў выкарыстоўваюць метад напырсквання. Для больш дакладнай перадачы дажджу прымяняюць тэхніку па сырым, пры маляванні букета коцікаў — тэхніку ўлівання колеру ў колер. Такія спосабы малявання дапамагаюць дасягнуць большага падабенства.
Развіццю творчага ўяўлення спрыяюць заняткі па маляванні ад контуру, плямы, рысы, лініі, маляванне адгадак на загадкі, маляванне па задуме. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу найбольш эфектыўнай з’яўляецца індывідуальная і падгрупавая форма работы з дзецьмі. Індывідуальныя заняткі дапамагаюць лепш пазнаць дзіця, дапамагчы, падказаць. Для падгрупавой работы я аб’ядноўваю дзяцей у групы па 10—12 чалавек. Метады і прыёмы выкарыстоўваю комплексныя: даследчы і пошукавы метад, гульнявыя практыкаванні, размовы, варыятыўныя ўзоры і варыятыўны паказ спосабаў малявання.
Дзіцячая творчасць непарыўна звязана з пазнавальнай дзейнасцю. Узбагачэнню дзіцячага вопыту спрыяе выбудаваная сістэма работы: назіранне за навакольнымі, чытанне мастацкіх твораў, разгляданне прадметаў дэкаратыўнай творчасці, слуханне музыкі, экскурсіі ў музеі. Планую работу так, каб заняткі па выяўленчай дзейнасці пераклікаліся з заняткамі па развіцці маўлення, азнаямленні з навакольным светам, прыродай.
Пры планаванні заняткаў па маляванні ўлічваю сістэмнасць у размеркаванні тэм. Гэта дазваляе фарміраваць у дзяцей трывалыя навыкі і ўменні, вучыць іх бачыць прадмет з усіх бакоў. Каб пазбегнуць штампаў у маляванні прадметаў, прапаноўваю дзецям перадаваць адзін і той жа прадмет у розных выглядах, на розным фоне.
Маляванне ў нетрадыцыйных тэхніках — гэта не проста цікава, яно развівае дробную маторыку, трэніруе памяць і ўвагу, уменне думаць і аналізаваць, фантазіраваць, сувымяраць і параўноўваць.
Удзельнічаючы ў творчым працэсе, дзеці праяўляюць цікавасць да свету прыроды, гармоніі, колеру і форм. Гэта дазваляе па-асабліваму глядзець на сваё акружэнне, прывівае любоў да ўсяго жывога.

Наталля НІКІФАРАВА,
выхавальніца ясляў-сада № 1 Краснаполля.