Аб’яднаныя любоўю да дзяцей

- 11:00Навіны рэгіёнаў, Рознае

Кожнаму дзіцяці патрэбна бацькоўская любоў. Якія б добрыя ўмовы ні былі створаны ў інтэрнатах і прытулках, яны не заменяць хатняй утульнасці, сям’і. На Магілёўшчыне старанна імкнуцца да ўсебаковай папулярызацыі сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі. Гэта прыносіць адпаведны вынік. На сёння ў сем’ях налічваецца звыш 83 працэнтаў сірот.

Паказчык добры, аднак прапагандысцкая дзейнасць у гэтым напрамку працягваецца. Так, на працягу некалькіх месяцаў ва ўсіх раёнах вобласці ажыццяўляліся тэматычныя мерапрыемствы сацыяльнай інфармацыйнай акцыі “У сям’і лепш”. У яе рамках была праведзена значная тлумачальная работа з грамадзянамі. Не забыліся арганізатары і пра павышэнне прэстыжу працы прыёмных бацькоў, бацькоў — выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Яны змаглі прыняць удзел у аднайменным конкурсе.

Конкурснае мерапрыемства аб’яднала каля 400 сем’яў. Спачатку ўдзельнікі прайшлі адбор раённага этапу конкурсу, а затым спрабавалі сілы ў завочным туры абласнога. На суд журы яны прадстаўлялі эсэ на тэму “Хто яны — сучасныя прыёмныя бацькі?”, а таксама партфоліа і відэасюжэт пра жыццё сваёй сям’і. Найбольш творча з пастаўленымі задачамі справіліся прыёмныя сем’і Яўстаф’евых з Бабруйска, Гаварковых з Круглянскага, Кузняцовых з Чэрыкаўскага, Краеўскіх са Слаўгарадскага і Махавіковых з Хоцімскага раёнаў. Вызначыліся таксама дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Кундзікавых з Клічаўскага, Алепка з Краснапольскага, Калінкіных з Кіраўскага, Кірпічэнка з Касцюковіцкага, Добрусевых з Крычаўскага раёнаў. Гэтыя ўдзельнікі сталі фіналістамі конкурсу і на сцэне абласнога інстытута развіцця адукацыі даказвалі права называцца лепшымі.


— Вельмі добра, што ў нашай вобласці захоўваецца тэндэнцыя стрымлівання сацыяльнага сіроцтва і павялічваецца колькасць замяшчальных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Таму сёння не проста конкурс, а сапраўднае свята самых выдатных сем’яў, дзе знаходзяць цеплыню, любоў і ласку дзеці, якія былі пазбаўлены гэтага, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.

Бацькоў-выхавальнікаў чакалі конкурсныя заданні. Спачатку яны праходзілі прафесійнае тэсціраванне, затым вырашалі розныя педагагічныя сітуацыі, якія сустракаюцца ў штодзённым жыцці прыёмнай сям’і. Пасля бацькі і дзеці разам выходзілі на сцэну, дзе ў творчай форме прадстаўлялі сябе. Адметна, што кожная візітоўка была непаўторнай: сем’і здзіўлялі вакальнымі, акцёрскімі і іншымі талентамі.

Як паказалі конкурсныя заданні, усе прыёмныя бацькі заслугоўвалі перамогі, бо, нягледзячы на тое, што яны розныя, іх аб’ядноўвала агульная любоў да дзяцей. Напэўна, таму прайграўшых у конкурсе не было. Сям’і Кундзікавых быў уручаны дыплом з сімвалічнай назвай “Захавальнік сямейных традыцый”. Краеўскія сталі пераможцамі ў намінацыі “Самая музычная сям’я”, Яўстаф’евы атрымалі званне самай эрудзіраванай сям’і, Гаварковы былі адзначаны ў намінацыі “Самая дружная сям’я”, Кірпічэнкі названы самай умелай сям’ёй, Добрусевы — самай працавітай сям’ёй. Дыпломы за 3-е месца атрымалі Махавіковы і Алепка, а за 2-е — Калінкіны і Кузняцовы.


Што наконт пераможцаў конкурсу, то лепшымі сярод дзіцячых дамоў сямейнага тыпу былі прызнаны Кундзікавы. Дарэчы, менавіта Кундзікавы 25 гадоў назад сталі першымі бацькамі-выхавальнікамі на Магілёўшчыне. За гэты час бацькоўскую любоў у іх сям’і знайшлі звыш 40 прыёмных дзяцей. А адзін з родных сыноў працягнуў добрую сямейную дынастыю. Цяпер у Клічаўскім раёне два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Кундзікавых.

Сярод прыёмных сем’яў лепшымі былі названы Краеўскія. У гэтай сям’і зараз выхоўваюцца трое дзяцей-сірот. Адметна, што ўсе яны — сапраўдны гонар раёна. Выхаванцы Краеўскіх — актыўныя ўдзельнікі алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў. Гэты факт толькі пацвярджае, што бацькоўская падтрымка і клопат адыгрываюць значную ролю ў раскрыцці дзіцячых здольнасцей.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла святочна. Акрамя прызавых дыпломаў, усе сем’і атрымалі грашовыя прэміі, а таксама падарункі ад шматлікіх спонсараў конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.