Аб выніках работы сістэмы адукацыі Гомельшчыны ў 2016 годзе і задачах на гэты год ішла размова на пасяджэнні выніковай калегіі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.
Пачалося пасяджэнне калегіі з прыемных узнагарод: шасці студэнтам устаноў вышэйшай адукацыі вобласці, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, уручылі прэміі Гомельскага аблвыканкама. Гэтая традыцыя мае даўнюю гісторыю і штогод нязменна падтрымліваецца мясцовымі органамі ўлады. Многія з тых здольных і таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія атрымліваюць узнагароды, унесены ў перспектыўны рэзерв кадраў аблвыканкама.
У адукацыйнай сферы Гомельшчыны поспехаў нямала. Але ж на выніковай калегіі размова ішла не столькі аб дасягненнях, колькі аб праблемах. Вядома, каб вырашаць наспяваючыя пытанні, іх неабходна агучваць і абмяркоўваць. Начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын у сваім выступленні спыніўся на самых важных момантах.
Сёння турбуе тое, што вобласць страчвае пазіцыі ў алімпіядным руху. Як адзначыў Сяргей Іванавіч, па мінулагодніх выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадметах многія гімназіі знізілі паказчыкі, а шэсць наогул не атрымалі ніводнага дыплома.
— Узнікае пытанне: наколькі прафесійна выкладаюцца прадметы ў гэтых установах і наколькі апраўдана яны носяць статус гімназіі, — заўважыў начальнік упраўлення.
Магчыма, некаторыя настаўнікі не спяшаюцца падстройвацца пад патрабаванні часу. А калі настаўнік не хоча развівацца сам, ён не можа дапамагаць развівацца вучню. Сучасныя падыходы да правядзення ўрокаў патрабуюць творчасці і разнастайнасці. Традыцыйныя формы “пытанне — адказ”, якія былі раней, зжываюць сябе, і яны нецікавы сучасным дзецям. Новае выкладанне прадметаў будуецца на выкарыстанні новых тэхналогій, у тым ліку інфармацыйных. Сёння мы гаворым аб павышэнні якасці адукацыі, а яно залежыць у першую чаргу якраз ад прымянення новых педагагічных тэхналогій і, канечне, добрай падрыхтоўкі настаўніка, якому належыць сачыць за развіццём навукі і далучаць да навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў. Існуе і другі бок гэтага медаля. Зараз амаль 130 педагогаў не маю ць адукацыі, якая адпавядала б прадмету, што выкладаецца, а ў ліку такіх прадметаў — матэматыка, хімія, фізіка і інш.
Чарговы раз Сяргей Парошын звярнуў увагу ўстаноў адукацыі на развіццё інфармацыйнай прасторы. Кожная школа, гімназія, ліцэй ці каледж маюць сайт. Але ж недастаткова проста стварыць яго, неабходна падтрымліваць, папаўняць, уносіць змены. На жаль, вынікі праведзенага ў 2016 годзе маніторынгу працы сайтаў устаноў адукацыі паказалі, што многія кіраўнікі аддзелаў і ўстаноў дэманструюць адсутнасць разумення важнасці гэтай работы, а часта і элементарнай выканальніцкай дысцыпліны. Сяргей Іванавіч паведаміў, што цяпер кіраўнікі будуць несці адказнасць за невыкананне распараджэння адносна напаўняльнасці сайтаў.
Яшчэ адна хвалюючая тэма тычыцца прафтэхсістэмы. Дзесяць устаноў прафтэхадукацыі не выканалі ў мінулым годзе план прыёму. Сёлета належыць выпраўляць пралікі ў прафарыентацыйнай рабоце. Варта сказаць, што добрай падмогай у гэтым сталі прафесійныя суботы, якія ўслед за ўніверсітэцкімі суботамі набралі на Гомельшчыне вялікую папулярнасць.
Вядома, часта юнакі і дзяўчаты не разлічваюць сілы, імкнуцца аказацца ў ліку студэнтаў таго ці іншага ўніверсітэта. Важна данесці моладзі, што рабочыя прафесіі таксама могуць абяцаць добрую будучыню і запатрабаванасць на рынку працы. Акрамя таго, прафтэх можа ста ць першай і вельмі добрай прыступкай да далейшага развіцця.
Наогул, прафарыентацыйная работа павінна быць прыярытэтам ва ўсіх установах адукацыі, бо многім выпускнікам школ насамрэч неабходна дапамога ў вызначэнні будучай прафесіі.
Для многіх старшакласнікаў своеасаблівым арыенцірам стала профільнае навучанне. У Гомельскай вобласці яно ахоплівае больш за 40 працэнтаў навучэнцаў, створаны 192 профільныя класы. Але тут яшчэ ёсць над чым працаваць. На калегіі былі агучаны назвы раёнаў, дзе работа па профільным навучанні пакуль стаіць на месцы.
У завяршэнне пасяджэння калегіі да педагагічнай грамадскасці рэгіёна звярнуўся намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. Ён пазначыў некалькі найважнейшых задач, над якімі неабходна працаваць зараз, каб напрыканцы навучальнага года ўжо мець пэўныя вынікі.
Перш за ўсё належыць вярнуць страчаныя пазіцыі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама ўдасканальваць арганізацыю шостага школьнага дня, які павінен быць настолькі прывабным і цікавым для школьнікаў, каб яны хацелі правесці яго ў сценах установы без прымусу. Прафарыентацыйная работа таксама ў спісе даручэнняў. Прагучала прапанова пачаць шырока выкарыстоўваць у гэтым кірунку сацыяльныя сеткі. Спіс працягнулі такія задачы, як функцыянаванне дамоў сямейнага тыпу, роля класнага кіраўніка ў вучэбным і выхаваўчым працэсе, матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Даць справаздачу па многіх з гэтых пунктаў адукацыйнай сферы Гомельшчыны належыць ужо на абласной педагагічнай канферэнцыі ў жніўні.
Прыемным завяршэннем выніковай калегіі стала ўзнагароджанне пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2016”.
Без перабольшванняў можна сказаць, што з кожным годам зацікаўленасць навучэнцаў і педагогаў удзелам у конкурсе, а значыць і ў асабістай дзейнасці ў галіне энергаэфектыўнасці і рэсурсазберажэння, вырашэнні праблем энергазберажэння ўзрастае. Павышаецца і якасць прадстаўленых на конкурс работ і праектаў, яны становяцца больш змястоўнымі.
Абласны этап рэспубліканскага конкурсу сёлета быў незвычайным. Да чатырох намінацый, якія значацца ў Палажэнні аб конкурсе, на мясцовым узроўні дадалі яшчэ чатыры намінацыі: “Робататэхніка на службе энергазберажэння”, “Ноеў каўчэг”, “Даследчы праект — прапанова па мадэрнізацыі прадпрыемстваў у сферы энергазберажэння”, “Эканомім энергію — беражом бюджэт”. І хаця далей вобласці гэтыя праекты пакуль не пойдуць, іх аўтары правялі сур’ёзную работу, прымянілі вылічэнні і разлічылі эфектыўнасць сваіх вынаходстваў. Многія праекты ў дадатак сабралі рэкамендацыі вядучых прадпрыемстваў і навуковых устаноў.
— Гэтыя даследчыя работы і распрацоўкі застаюцца на абласным узроўні, але гэта зусім не азначае, што яны зроблены “ў скрыню”, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Таццяна Атрохава. — Усе яны знойдуць месца ў абласным вучэбна-практычным цэнтры па энергазберажэнні і будуць прапаноўвацца для рэалізацыі і выкарыстання прадпрыемствамі і арганізацыямі.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.