На мінулым тыдні на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбыўся рабочы семінар для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў”. Семінар праводзілі навуковыя кансультанты праекта Ганна Іванаўна Дабрынеўская і Алена Францаўна Міхалевіч, метадысты ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА. У акадэмію прыехалі намеснікі дырэктараў, дырэктары, настаўнікі — удзельнікі інавацыйных каманд — з 11 навучальных устаноў краіны. Прысутныя сабраліся, каб абмеркаваць хвалюючыя пытанні, падзяліцца першымі ўражаннямі і вынікамі дыягностыкі.
Як адзначыла Ганна Іванаўна Дабрынеўская, для далейшага развіцця інавацыйнага праекта важна падвесці вынікі работы за першае вучэбнае паўгоддзе, выявіць пазітыўны вопыт і скарэкціраваць інавацыйную дзейнасць. Вядучая ідэя інавацыйнага праекта — перайсці ад інфармавання і асветы бацькоў да іх навучання. У гэтай сувязі паўстаюць пытанні: навошта, чаму і як вучыць.
“Калі гаворка ідзе пра тое, што мы хочам атрымаць больш высокі ўзровень псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў, то ці азначае гэта, што ніякага ўзроўню яны на дадзены момант не маюць? Канечне, не. Большасць бацькоў лічаць, што яны ўмеюць выхоўваць сваіх дзяцей, а калі ёсць няўдачы, памылкі, то вінаваты не яны. Мы хочам змяніць гэтую сітуацыю і шукаць не вінаватых, а новыя шляхі ўзаемадзеяння школы і сям’і.
Мы пачынаем не з нуля, бо ёсць школы, якія маюць добры вопыт узаемадзеяння з бацькамі, але гэтаму неабходна надаць навучальны характар. Гэта новая з’ява, і нам няма на каго абаперціся. У Расіі, напрыклад, акцэнт робяць на сямейнай адукацыі. Мы ж павінны быць гатовы да таго, каб дапамагчы бацькам пераадолець цяжкасці ў выхаванні дзіцяці. Мы з вамі ў самым пачатку нашага інавацыйнага шляху, але ўжо можам падзяліцца першымі здабыткамі і абмеркаваць узніклыя праблемы.
Усе вы хваляваліся, як адгукнуцца бацькі, але яны паставіліся на новых прапаноў правільна і ўспрынялі іх добра. Ніхто з тых бацькоў, якія паспелі пабываць на занятках, не сказаў, што яны для іх не мелі карысці, і распачаты намі інавацыйны праект не патрэбны. Наадварот, бацькі пыталіся, калі падобныя заняткі будуць праводзіцца зноў. Наш існуючы вопыт узаемадзеяння з сям’ёй, на жаль, быў абмежаваны зносінамі з паспяховымі, актыўнымі, зацікаўленымі бацькамі, у якіх паспяховыя дзеці. Наша задача — прыцягнуць усіх”, — адзначыла Ганна Іванаўна Дабрынеўская.
Дырэктар сярэдняй школы № 1 Салігорска Валянціна Міхайлаўна Каштальян заўважыла, што тэма ўзаемадзеяння школы і сям’і заўсёды актуальная: “Без партнёрства з сям’ёй мы не даб’ёмся ніякага выніку. Адна справа — выклікаць бацькоў у школу, і зусім іншая — далучыць іх да ўзаемадзеяння са школай. Канечне, мы ўвесь час працавалі і працуем са сваімі бацькамі, але ўдзел у інавацыйным праекце дазволіў нам выйсці на новы ўзровень. Калі мы правялі першую дыягностыку сярод бацькоў, то з прыемнасцю для сябе адзначылі, што яны хочуць вучыцца. Разам з тым вучыцца павінны і мы, педагогі, каб бацькам было не проста пазнавальна, але і цікава. Мы тая школа, якая рухаецца ў бок інклюзіўнай адукацыі, таму бацькам, напрыклад, важна ведаць, як правільна працаваць з дзіцем, у якога сіндром Даўна. А з іншага боку, не менш актуальнай з’яўляецца тэма камп’ютарнай залежнасці вучня. Каб задаволіць запыты сваіх бацькоў, мы павінны быць гібкімі.
Праведзеная дыягностыка дапамагла скласці план нашых далейшых дзеянняў. Мы выкарыстоўваем розныя прыёмы і формы. У прыватнасці, у нас вельмі распаўсюджана клубная дзейнасць. У школе функцыянуюць клуб крэатыўных мам, клуб татаў, клуб прыёмных бацькоў. Мы праводзім сямейныя суботы, калі з бацькамі ў кансультацыйнай форме працуюць настаўнікі-прадметнікі. Паколькі бацькі хочуць вучыцца, то мы будзем пашыраць нашу сумесную дзейнасць”.
Дыягностыка, праведзеная ў гімназіі № 1 Баранавіч, дазволіла зрабіць выснову, што 80% педагогаў усвядомлена гатовы ўступіць у праект. “Такі паказчык, канечне, радуе і натхняе, бо ў праекце трэба не проста працаваць, а рабіць гэта з вялікім жаданнем. Мы стварылі групу настаўнікаў-інаватараў, арганізавалі 10 творчых груп (зыходзячы з дыягностыкі бацькоў), напрыклад, “Дзеці і бацькі”, “Дзеці і школа”, арт-майстэрня “Плячом да пляча” для дзяцей і татаў, “Дзеці і прырода”, “Дзеці і здароўе”, выдатна працуе майстэрня “Бацькі ў люстэрку адносін”.
На канікулах усе творчыя групы правялі вучэбныя семінары для бацькоў. Канечне, прыйшло не так многа татаў і мам, як мы меркавалі, але цікавасць з іх боку з’явілася. Акрамя таго, мы правялі дэкаду адкрытых дзвярэй для бацькоў, калі яны маглі стаць удзельнікамі ўрока або пазаўрочнага мерапрыемства. Пасля рэфлексіі многія бацькі сказалі, што яны былі вельмі ўражаны сучасным урокам і дзейнасцю на ім настаўніка”, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Баранавіч Наталля Уладзіміраўна Грэчына.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 4 Баранавіч Аліна Браніславаўна Марчук адзначыла, што вучыць бацькоў, выкарыстоўваючы нетрадыцыйныя формы, вельмі складана, і пагадзілася з тым, што спачатку неабходна падрыхтаваць настаўнікаў. “Над гэтым мы цяпер і працуем, і тут нам вельмі дапамагаюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Пакуль паспяхова рэалізоўваюцца тэхналогіі кейс-студыі і праектнага навучання. Спрабуем спраецыраваць на работу з бацькамі і мнагамерную дыдактычную тэхналогію”, — расказала Аліна Браніславаўна.
У сярэдняй школе № 2 Новалукомля правялі бацькоўскую канферэнцыю “Нашы сямейныя традыцыі”, падчас якой адбываўся абмен вопытам па выхаванні дзяцей. У прыватнасці, адна з мам дзялілася вопытам заахвочвання сваіх дзяцей да чытання, якое стала традыцыяй. У гэтай сям’і чацвёра дзяцей, і яны ўсе разам чытаюць па вечарах. Бяруць кнігу і чытаюць яе ўслых па чарзе.
Уражаннямі ад удзелу ў праекце дзялілася педагог-псіхолаг Таццяна Леанідаўна Мілешка.
У межах інавацыйнага праекта вялікая работа праводзіцца і ў Бабровіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. “Калі ў пачатковай школе бацькі больш актыўна адгукаюцца на прапановы школы наведаць мерапрыемствы ці паўдзельнічаць у іх, то ў сярэднім звяне такая цікавасць затухае, бацькоў больш цікавіць вучоба іх дзяцей.
Многія бацькі лічаць, што ведаюць усё, і ніякія парады і навучанне ім не патрэбны. Але ж выхаванне і навучанне — гэта адно, а каб дзіця развівалася, яму трэба даваць магчымасць праяўляць сябе ў розных сферах: танцах, спевах, маляванні, спорце і г.д. Каб дапамагчы мамам і татам зразумець імкненні і жаданні іх дзяцей, мы ў сваёй школе, як і ў іншых, стварылі творчыя міні-групы. Іх у нас таксама 10. Мы імкнёмся ахапіць усе напрамкі выхаваўчай работы. Лепш за ўсё працуюць тыя творчыя групы, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, падтрымку здароўя. У прыватнасці, мы арганізавалі бацькоўскі ўніверсітэт “Здаровая сям’я — здаровыя дзеці”, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бабровіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валянціна Віктараўна Баярчук.
У гімназіі № 1 Полацка імя Францыска Скарыны трэці год запар праводзіцца дзень бацькоўскага самакіравання, калі бацькі на некалькі гадзін дубліруюць дырэктара, намеснікаў, класных кіраўнікоў, настаўнікаў-прадметнікаў. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Уладзіміраўна Аляксандрава, кожны год мамы і таты імкнуцца прыўнесці штосьці сваё, але асноўная ідэя такога пераўвасаблення — збліжэнне бацькоўскай грамадскасці і гімназіі — рэалізавана. І педагогі, і бацькі па-іншаму паглядзелі адно на аднаго. У прыватнасці, настаўнікі ўбачылі, што бацькі вельмі таленавітыя і творчыя людзі, а яны, у сваю чаргу, зусім па-іншаму адчулі адказнасць педагогаў. Гэты праект дазволіў удзельнікам інавацыйнай групы гімназіі скарэкціраваць сваю дзейнасць.
Дырэктар гімназіі № 1 Стоўбцаў Дзмітрый Іванавіч Клімовіч расказаў, што ў іх навучальнай установе даўно вядзецца мэтанакіраваная работа з бацькамі. Псіхалагічнай службай і настаўнікамі распрацоўваюцца спецыяльныя дапаможнікі для бацькоў і настаўнікаў, накшталт “Як быць добрымі бацькамі” або “Як быць добрымі настаўнікамі”. На семінары Дзмітрый Іванавіч прадэманстраваў новы дапаможнік “Для добрых бацькоў”.
У гімназіі з 2005 года дзейнічае клуб “Сямейны савет”, праводзяцца яго адкрытыя пасяджэнні, дзе абмяркоўваюцца актуальныя для мам і татаў тэмы. Адны бацькі расказваюць пра тое, як ім удалося вырашыць узніклыя праблемы (напрыклад, пагаршэнне адносін з сынам), а іншыя ў іх вучацца. За час існавання клуба прайшло 45 пасяджэнняў. Такі вопыт дапамагае рухацца і развівацца ў новым для гімназіі інавацыйным праекце.
Пра вопыт узаемадзеяння з бацькамі ў сваёй навучальнай установе расказала настаўніца пачатковых класаў гімназіі Смаргоні Таццяна Аляксандраўна Якубоўская. У гімназіі адбываецца традыцыйнае і інавацыйнае ўзаемадзеянне. Традыцыйнае — гэта сумесныя паходы, экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы, працоўныя акцыі, канцэрты, праблемна-тэматычныя дні, праектаная дзейнасць. Інавацыйнае — круглыя сталы, педмайстэрні, анлайн-навучанне, блогі класных кіраўнікоў, сеткавая супольнасць, бацькоўская майстэрня, клуб шматдзетных сем’яў, бацькоўская гасцёўня, трэнінгі, практыкумы, майстар-класы педагогаў і бацькоў.
“Вельмі запатрабавана бацькоўская майстэрня. Яе праводзіць мама, якая па адукацыі псіхолаг. Мы нават не чакалі такой папулярнасці. Цяпер адна група працуе ў чацвер, другая — у суботу. Работа групы пабудавана на казкатэрапіі”, — адзначыла Таццяна Аляксандраўна.
Сама ж настаўніца, каб аптымізаваць работу з бацькамі і зрабіць яе больш мабільнай, завяла блог свайго класа. У гэтым годзе ў яе першакласнікі, таму блог з’явіўся яшчэ летам, напярэдадні новага навучальнага года. “Чым мне дапамагае блог? Я за лічаныя хвіліны атрымліваю неабходную мне інфармацыю. Гэтак жа хутка інфармую бацькоў, таму яны ў курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў нашым класе. Са з’яўленнем блога ў мяне зніклі ўсе тэлефонныя званкі ад бацькоў. І яны вельмі задаволены. Вучэбны момант блога ў тым, што ёсць патрэбная інфармацыя па адаптацыі дзяцей да школы. Размяшчаю шмат розных парад, відэаролікаў, бацькі таксама дзеляцца сваім вопытам”, — расказала настаўніца.
У сярэдняй школе № 9 Маладзечна таксама наладжана адпаведная работа ў межах інавацыйнага праекта. Тут створаны творчыя мікрагрупы, як таго патрабуе ўдзел у праекце, але ўвага была акцэнтавана на дзейнасці мікрагрупы “Дзеці і бацькі”. “Яе ўдзельнікі правялі заняткі для бацькоў, дзе было вызначана, колькі часу мамы і таты ўдзяляюць сваім дзецям. Аказалася, што толькі дзве сям’і 50 працэнтаў свайго вольнага часу аддаюць дзецям, таму іх вопыт стаў зместам навучання для бацькоў, якія не ўдзяляюць столькі часу дзецям. Работа праходзіла ў выглядзе педагагічнай гульні “Я і дзіця”.
На вучэбных занятках мікрагрупы “Дзеці і кніга” бацькі працавалі над сітуацыямі, калі дзіця чытае марудна і невыразна і калі зусім не хоча чытаць. Калі спачатку яны неахвотна дыскутавалі, то пасля ажывіліся і працэс пайшоў. Мы прыйшлі да высновы, што такія заняткі патрэбны, бо павышаюць эфектыўнасць узаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі. Акрамя таго, мамы і таты пачынаюць усведамляць, што галоўная роля ў выхаванні дзіцяці належыць ім”, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Мікалаеўна Брылеўская.
Рэзюмавала работу семінара прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, старшыня Беларускага педтаварыства, доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Нікалаенка, якая адзначыла важнасць і неабходнасць інавацыйнага праекта, мэта якога — павышэнне ўзроўню выхаванасці і якасці адукацыі навучэнцаў шляхам развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці іх бацькоў і арганізацыя эфектыўнага супрацоўніцтва сям’і і школы на аснове інавацыйных падыходаў і выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.