Ад кіравання затратамі да кіравання фінансавымі і адукацыйнымі вынікамі

- 11:48Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

“Адзін з асноўных кірункаў развіцця дашкольных устаноў адукацыі — імкненне да эканамічнай самастойнасці. Для таго каб дасягнуць жаданага, неабходна на заканадаўчым узроўні ўвесці новыя, больш гібкія арганізацыйна-фінансавыя механізмы дзейнасці дашкольных устаноў”, — лічыць загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Таццяна Юр’еўна ШВЯЦОВА.

“Крыніцамі фінансавання дашкольных устаноў (акрамя бюджэтных паступленняў) з’яўляюцца сродкі, атрыманыя ад аказання платных адукацыйных паслуг, сродкі папячыцельскага савета, якія фарміруюцца на добраахвотнай аснове, а таксама спонсарская і шэфская дапамога, — працягвае Таццяна Юр’еўна. — Але ўсіх дадатковых паступленняў сёння не хапае для таго, каб належным чынам мадэрнізаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў, павысіць зарплату педагогам, заахвоціць іх прэміямі за якасную работу і творчыя дасягненні.

Сродкі папячыцельскага савета фарміруюцца на добраахвотнай аснове і прадугледжваюць наяўнасць у бацькоў не толькі магчымасцей, але і жадання і патрэбы ўкладваць свае сродкі ў развіццё ўстановы. На мой погляд, у сённяшніх умовах неабходна заканадаўча замацаваць, каб бацькі аплачвалі не толькі харчаванне ва ўстановах дашкольнай адукацыі, але і ўносілі пэўны абавязковы працэнт на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, правядзенне бягучага рамонту і г.д., а таксама, каб кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі маглі распараджацца гэтымі сродкамі і накіроўваць іх на развіццё сваёй установы.

Як яшчэ можна забяспечыць эканамічную самастойнасць дашкольных устаноў? Відавочна, што толькі за кошт элементарнага павелічэння колькасці дадатковых платных адукацыйных паслуг не атрымаецца. Вучэбная нагрузка, якая рэкамендуецца кожнаму дзіцяці ў адпаведнасці з яго ўзроставымі магчымасцямі і патрабаваннямі СанПіНа, абмежавана. Значыць, трэба павялічыць рэнтабельнасць такіх паслуг. Адкрываць толькі тыя, якія запатрабаваны ў бацькоў і прыносяць адчувальны даход. Зразумела, неабходна паляпшаць якасць паслуг, думаць аб павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і аб іх матэрыяльным стымуляванні.

Для таго каб палепшыць якасць платных паслуг, трэба дакладна прадумваць іх змест, які павінен быць звыш вучэбнай праграмы, не дубліраваць яе, быць навукова абгрунтаваным. Педагогам неабходна дапамагаць бацькам у выбары паслуг для сваіх дзяцей у адпаведнасці з іх здольнасцямі і талентамі”.

У ДЦРД № 1 Магілёва рэалізоўваўся рэспубліканскі эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу на платнай аснове ва ўмовах устаноў дашкольнай адукацыі”, які завяршыўся ў гэтым годзе. (У рэалізацыі праекта ўдзельнічала некалькі дашкольных устаноў з розных рэгіёнаў краіны, у іх апрабаваліся розныя мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу на платнай аснове і новы змест такіх паслуг.)

Вынікам праекта стала адкрыццё ва ўстанове 4 груп з комплексам платных адукацыйных паслуг (усяго ў цэнтры — 11 груп). Разам з навуковым кіраўніком эксперымента Галінай Аляксандраўнай Нікашынай педагогі цэнтра распрацоўвалі праграмы платных паслуг, якія былі зацверджаны ў Міністэрстве адукацыі. Эксперымент паказаў, што ў бацькоў ёсць запыт на платнае навучанне, а прадстаўленыя мадэлі засведчылі сваю фінансавую мэтазгоднасць. Для платных гурткоў першапачаткова было ўстаноўлена свабоднае цэнаўтварэнне, і знаходзіліся бацькі, якія былі гатовы плаціць за паслугі. На працягу мінулага навучальнага года ДЦРД № 1 Магілёва атрымліваў ад аказання такіх паслуг па 60 млн рублёў штомесяц. Рэнтабельнасць іх склала 40 працэнтаў (а гэта для дашкольнай установы — добры паказчык). Заробленыя сродкі пайшлі на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы і на прэміраванне супрацоўнікаў, якое ажыццяўляецца за пэўныя заслугі згодна з калектыўным дагаворам.

Такім чынам, у цэнтры былі апрабаваны новыя арганізацыйна-фінансавыя механізмы, якія з’яўляюцца стымулам якаснай работы педагогаў і дазваляюць пашыраць спектр адукацыйных паслуг і якасць іх аказання, забяспечваюць пераход ад кіравання затратамі да кіравання фінансавымі і адукацыйнымі вынікамі.

“Ёсць і праблема, якая непакоіць мяне як кіраўніка: установы дашкольнай адукацыі маюць сёння фармальны статус юрыдычнай асобы, у іх няма свайго рахунку, хаця адказнасць такая ж, як і ў юрыдычных асоб, — гаворыць Таццяна Юр’еўна. — Грашовыя сродкі, якія мы атрымліваем ад аказання платных паслуг, паступаюць спачатку на пазабюджэтны рахунак аддзела адукацыі, спорту і турызму і толькі пасля вяртаюцца ва ўстанову, і імі ўжо можна распараджацца. На мой погляд, у кожнай установы павінен быць свой рахунак, на які заробленыя сродкі паступалі б адразу.

Лічу таксама, што неабходна стварыць больш разнастайны спектр відаў дашкольных устаноў, якія забяспечвалі б максімум адукацыйных запытаў бацькоў, зыходзячы з іх фінансавых магчымасцей. Сёння ў нас ёсць мадэль прыватнага дзіцячага сада, але яна даступна толькі невялікаму працэнту бацькоў, і мадэль дзяржаўнага дзіцячага сада. У апошняй мадэлі вылучаюцца “яслі-сад”, “дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці” і “санаторны дзіцячы сад”. На жаль, у новай рэдакцыі Кодэкса ад адукацыі, які зараз у стадыі падрыхтоўкі, з гэтага спіса выключаюцца дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці. Для нашага калектыву страта адпаведнага статусу, а мы носім яго на працягу 20 гадоў, стане праблемай. Як і многія іншыя цэнтры, ён быў адкрыты на базе ўстановы, якая мела выдатныя кадры, трывалую матэрыяльна-тэхнічную базу. За гады існавання мы прайшлі дзве атэстацыі на пацвярджэнне свайго статусу. На мой погляд, такая варыятыўнасць павінна быць захавана. Яе трэба пашырыць і стварыць яшчэ больш відаў дашкольных устаноў, дзе будуць апрабавацца новыя эфектыўныя арганізацыйна-фінансавыя механізмы адукацыйнай дзейнасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.