Ад майстэрства да поспеху

- 13:23Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Школа ўдасканалення прафесійнага майстэрства сабрала больш як 150 педагогаў з усіх раёнаў вобласці.

Тэма другой сесіі “Метадалагічныя і змястоўныя аспекты падрыхтоўкі навучэнцаў да напісання работ даследчага характару” настолькі зацікавіла настаўнікаў, што прыняць удзел­ у майстар-класах прыехалі ў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі нават тыя, хто не з’яўляецца слухачом школы. Заняткі праводзілі выкладчыкі і метадысты ГрАІРА, ГрДУ імя Янкі Купалы, вопытныя педагогі-практыкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У пасяджэннях па прадметных секцыях настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, матэматыкі і інфарматыкі, фізікі і астраноміі, хіміі і біялогіі, гісторыі і грамадазнаўства разгледзелі сучасныя патрабаванні да арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў, метадалогію і напаўненне даследавання, структуру і афармленне даследчай работы, пытанні пад­рыхтоўкі вучняў да вуснай абароны даследчых работ.

Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 40 Гродна Алеся Давыдзік адзначыла, што навучэнцы, як правіла, самі выбіраюць аб’ект даследавання. Адзін з яе вучняў дома разводзіў дэкаратыўных малюскаў, вучаніца ў жывой прыродзе даследавала расліны-першацветы. З дапамогай настаўніка школьнікі падбіраюць літаратуру, вывучаюць прадмет даследавання, што затым перарастае ў навуковую работу. Прэзенту­юць работы на розных экалагічных конкурсах і канферэнцыях.

Майстар-клас для слухачоў школы правёў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 32 Гродна, настаўнік-метадыст, кандыдат гістарычных навук Сяргей Занеўскі.

— Не заўсёды ўдзел у конкурсе прыносіць перамогу, аднак удзел — таксама вынік, — расказала Алеся Давыдзік. — Школьнікі набіраюцца вопыту. Да таго ж навукова-даследчая дзей­насць становіцца асновай для праектаў. Так, з мінулага года мы ўдзельнічаем у адукацыйным праекце “Зялёная школа” і атрымалі дыплом II ступені. Даследчая дзейнасць таксама дапамагае прымаць удзел у конкурсах творчай накіраванасці. Напрыклад, у мінулым годзе нашы дзесяцікласнікі ўдзельнічалі ў рэспубліканскім марафоне “Ліга ведаў” і занялі 1-е месца сярод 700 каманд. Дзеці, якія займаюцца даследаваннямі, вельмі эру-­
дзіраваныя, не баяцца аўдыторыі, ставяць перад сабой мэты і ідуць да іх здзяйснення.

Майстар-клас для слухачоў школы правёў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 32 Гродна, настаўнік-метадыст, кандыдат гістарычных навук Сяргей Занеўскі.

— Трэба падзяляць навукова-даследчую і вучэбна-даследчую дзейнасць, — лічыць педагог. — Апошняя накіравана не на адкрыццё новых ведаў, мы фарміруем даследчыя навыкі ў навучэнцаў, уменне бачыць праблему, вылучаць гіпотэзы, разважаць, бо нават на першы погляд простыя з’явы могуць падахвочваць чалавека на новае адкрыццё. Таму мы стараемся развіваць у дзецях даследчыя навыкі. Яны могуць памыляцца, але і памылка здольна прывесці ў будучыні да адкрыцця. Галоўнае — зацікавіць школьніка.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.