Яблыневы сад з’явіцца тут не за адзін год. А першае дрэўца было пасаджана ў знакавы для сям’і Капыток дзень: іх вялікая і дружная сям’я, дзе выхоўваюцца двое сваіх і пяцёра прыёмных дзяцей, справіла наваселле ў новым вялікім доме.
Разам з гаспадарамі заклалі сад і госці: намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мішарын.
Прыёмнымі бацькамі Таццяна Анатольеўна і Павел Пятровіч сталі ў 2011 годзе.
— У стварэнні нашай прыёмнай сям’і дапамагалі не толькі родныя людзі, але і кіраўніцтва Навагрудскага аддзела адукацыі, спорту і турызму, — расказвае Таццяна Капыток. — Мы з мужам ставімся да дзяцей аднолькава, разумеючы, што лепшы спосаб выхаваць дзіця — гэта зрабіць яго шчаслівым. Дзеці не могуць развівацца і пазнаваць свет, седзячы дома і наведваючы толькі школу, таму ўсе разам ездзім на экскурсіі, выязджаем на прыроду, катаемся на конях у спартыўнай школе — увогуле вядзём актыўны і здаровы лад жыцця.
Таццяна Анатольеўна з’яўляецца пераможцай раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства прыёмных бацькоў “Сэрца аддаю дзецям”, лаўрэатам конкурсу “Жанчына года — 2014” у намінацыі “За дасягненні ў выхаванні дзяцей”.
Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Ірына Барыкіна адзначае, што члены сям’і Капыток атрымала права стаць гаспадарамі новага дома па выніках конкурсу. У двухпавярховым доме агульнай плошчай 364 м2 і 133 — жылой створаны ўсе ўмовы: вялікія светлыя пакоі для дзяцей абсталяваны зручнай мэбляй, на кухні — новая бытавая тэхніка. Але падарункі на наваселле — тэлевізар, камп’ютарная тэхніка, салодкія пачастункі і пяць веласіпедаў — таксама будуць вельмі карыснымі для вялікай сям’і. Дарэчы, яна ў хуткім часе можа папоўніцца яшчэ адным прыёмным дзіцем.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.