Ад маляра да дызайнера інтэр’ера

- 12:39World Skills

Як на стандарты прафесійнай адукацыі ўплываюць міжнародныя тэндэнцыі

Развіццю нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі сёння ўдзяляецца асаблівая ўвага з боку дзяржавы і ўрада. Мы бачым павышаны попыт прадпрыемстваў на высокакваліфікаваныя кадры, расце актыўнасць работадаўцаў у падрыхтоўцы спецыялістаў, павышаецца роля ў гэтым міжнароднага руху WorldSkills. Па сутнасці, WorldSkills сёння становіцца рухальнай сілай у мадэрнізацыі айчыннай прафесійнай адукацыі. У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў аб развіцці WorldSkills з мэтай падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай эканомікі і ў рамках падрыхтоўкі да III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 на базе філіяла Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі “Індустрыяльна-педагагічны каледж” прайшоў семінар па кампетэнцыі “Сучасныя тэхналогіі малярных і дэкаратыўных работ”, дзе было прааналізавана выступленне нашай зборнай на міжнародным чэмпіянаце ў Абу-Дабі і вызначаны новыя кірункі падрыхтоўкі канкурсантаў да чарговага нацыянальнага чэмпіянату.

Адметна, што правядзенне такіх семінараў стала традыцыйным з развіццём у нашай краіне руху WorldSkills. Як правіла, на такіх мерапрыемствах вядзецца дзелавая размова па падрыхтоўцы кадраў для айчыннай эканомікі. Гэтае абмеркаванне выходзіць за рамкі WorldSkills і вызначае змест сучаснай прафесійнай адукацыі згодна з запатрабаваннямі айчыннага рынку працы і сусветнымі тэндэнцыямі. І на гэты раз у семінары прынялі ўдзел кіраўніцтва, метадычныя службы, педагогі і майстры вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка кадраў па кваліфікацыі “маляр”, супрацоўнікі РІПА, прадстаўнікі прадпрыемстваў будаўнічай галіны, у прыватнасці, міжнародны эксперт прафесійнай кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, начальнік упраўлення рэгіянальных продажаў кампаніі “МАВ” А.С.Радзюкоў, дырэктар ААТ “Будмайстаркам” В.Д.Кордзікаў.

Сёння прафесію маляра можна лічыць масавай. Навучанне ёй вядзецца больш чым у 35 навучальных установах (узровень ПТА, ССА — спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” з дадатковай рабочай кваліфікацыяй “маляр”). З улікам запатрабаванасці гэтай спецыяльнасці на будаўнічым рынку цікавасць да яе сярод моладзі не змяншаецца і сёння. Безумоўна, ставіцца задача рыхтаваць адпаведныя кадры на самым высокім узроўні. З гэтай мэтай у спіс прафесійных кампетэнцый WorldSkills была ўключана кампетэнцыя “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Яе прадстаўляў на міжнародным чэмпіянаце ў Абу-Дабі Віктар Шмыгін, навучэнец індустрыяльна-педагагічнага каледжа (трэнер кампетэнцыі, майстар вытворчага навучання І.У.Леванькова), лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Увогуле, згаданы каледж прымае вельмі актыўны ўдзел у руху WorldSkills. Як паведаміў дырэктар навучальнай установы А.М.Маслан, на базе каледжа будзе весціся падрыхтоўка па 6 прафесійных кампетэнцыях да наступнага нацыянальнага чэмпіянату. Многія навучэнцы і выпускнікі ўстановы былі ўдзельнікамі нацыянальных чэмпіянатаў прафесійнага майстэрства, а таксама выступалі на міжнародных пляцоўках.

Аб развіцці руху WorldSkills у нашай краіне, аб падрыхтоўцы канкурсантаў да III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 паведамілі на семінары Г.В.Алесенка, намеснік начальніка Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА, Н.В.Агеева, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння спецыяльнасцей сацыяльна-эканамічнай сферы РІПА, куратар прафесійнай кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Наталля Вацлаваўна вядзе актыўную работу па падрыхтоўцы гэтай прафесійнай кампетэнцыі да конкурсаў рознага ўзроўню. Яна з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам шматлікіх вучэбна-практычных семінараў, у тым ліку і гэтага.

Па словах Наталлі Агеевай, самае галоўнае пры падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў — узаемадзейнічаць у цесным кантакце з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

Найбольш шырока абмяркоўвалася на мерапрыемстве тэма аб тэндэнцыях абнаўлення зместу адукацыйных праграм у адпаведнасці са стандартамі WorldSkills, якую ўзняў А.С.Радзюкоў. Ён абазначыў кірункі падрыхтоўкі канкурсантаў да чэмпіянатаў міжнароднага і нацыянальнага ўзроўняў, а таксама прэзентаваў тэставыя конкурсныя заданні для рэгіянальных адборачных тураў нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства.

— У ходзе вывучэння прафесійных стандартаў WorldSkills і патрабаванняў, што прад’яўляюцца да канкурсантаў кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, я прайшоў некалькі этапаў у супастаўленні таго, што мы маем сёння і да чаго мы павінны імкнуцца заўтра, каб нашы рабочыя і спецыялісты былі канкурэнтаздольныя і адпавядалі патрабаванням сусветнага рынку будаўнічай галіны, — адзначыў А.С.Радзюкоў.

Першы вопыт па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы” быў атрыманы пры падрыхтоўцы да ІІ нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства ў маі 2016 года. У спаборніцтве ўдзельнічалі 8 навучэнцаў прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў будаўнічага профілю, адзін прадстаўнік кампаніі “МАВ”.

Сумесна з РІПА гэтым прадпрыемствам былі падрыхтаваны конкурсныя заданні па наступных модулях малярных і дэкаратыўных работ: афарбоўка дзвярэй, афарбоўка сцен, падбор колеру, сценапіс, абклейванне сцен шпалерамі. Акрамя таго, спатрэбіліся і новыя модулі, такія як тэхналогія дызайну і падбор колераў. Пасля аналізу выступленняў канкурсантаў згаданай кампетэнцыі пачалася работа над зместам праграмы падрыхтоўкі па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Па словах эксперта, у ёй паглыблены некаторыя тэмы, што прысутнічаюць у тыпавой вучэбнай праграме ўзроўню ПТА па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы” (кваліфікацыі “маляр”, “тынкоўшчык”). Напрыклад, былі закрануты тэмы па падрыхтоўцы і атынкоўцы паверхняў дэкаратыўнай тынкоўкай і тынкоўкамі спецыяльнага прызначэння, атынкоўцы паверхняў з выкарыстаннем сродкаў механізацыі, падрыхтоўцы лакафарбавых матэрыялаў і інш.

А.С.Радзюкоў адзначыў, што ў праграму падрыхтоўкі канкурсантаў былі ўведзены тэмы, якія вывучаюцца ва ўстановах прафесійнай адукацыі пры атрыманні наступных спецыяльнасцей: “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (кваліфікацыя “інкрустатар”), “Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы” (кваліфікацыі “рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак”, “рэстаўратар дэкаратыўных атынковак і ляпных вырабаў”), “Мастацка-афарміцельскія работы і дызайн інтэр’ераў”(кваліфікацыя “выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ”) і іншыя.

На наступным этапе падрыхтоўкі канкурсантаў распрацоўвалася вучэбна-плануючая дакументацыя, складаўся індывідуальны план падрыхтоўкі кожнага ўдзельніка з трэнерам на базе сваёй установы адукацыі, які таксама ўключаў выязныя практычныя семінары па каларыстыцы і змешванні колераў метадам механізаванага нанясення лакафарбавага матэрыялу, рабоце з дэкаратыўнымі тынкоўкамі на прадпрыемствы(у прыватнасці, у вучэбны цэнтр і даследчую лабараторыю кампаніі “MAВ”). Трэба адзначыць, што Барысаўскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай па тэме “Апрабацыя зместу прафесійнага кампанента вучэбнага плана па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы”, абноўленага на аснове стандартаў WorldSkills”.

Індывідуальныя заняткі канкурсанта праходзяць як на базе навучальнай установы, так і вучэбнай лабараторыі прадпрыемства з выкарыстаннем інструментаў, пазначаных у інфраструктурным лісце конкурснага задання, і з правядзеннем кантрольных зрэзаў. Адпрацоўваецца 5 модуляў конкурснага задання, сярод якіх шматколерная афарбоўка дзвярэй з абавязковым прымяненнем апарата беспаветранага распылення, абклейка шпалераў са складаным малюнкам, скорасная фрэска з папярэднім падборам колераў у адпаведнасці з прадстаўленымі ўзорамі і гарманізацыяй каляровай шкалы, свабодная тэхніка, якая выконваецца з матэрыялаў канкурсанта, сценапіс з абавязковым захаваннем памераў і прапорцый, а таксама абмежаваным наборам інструментаў і прыстасаванняў.

Пры гэтым ёсць неабходнасць у яшчэ большым ускладненні конкурсных заданняў і дабаўленні новых модуляў. Эксперт адзначыў, што ўдзел у спаборніцтвах WorldSkills мае на ўвазе выступленне канкурсанта на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але, як паказвае практыка, магчыма ў будучыні нашым канкурсантам (навучэнцам па прафесіі “Маляр”) у конкурсным заданні міжнароднага чэмпіянату спатрэбяцца веды на ўзроўні вышэйшай адукацыі (дызайн-праектаванне, дызайн інтэр’еру з дапамогай камп’ютарнага праграмнага забеспячэння).

— На базе нашага прадпрыемства рэгулярна праводзіцца навучанне персаналу падрадных, архітэктурных і праектных арганізацый, — паведаміў А.С.Радзюкоў. — Мы рыхтуем майстроў вытворчага навучання і праводзім ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі майстар-класы, вучэбныя семінары па вывучэнні сучасных матэрыялаў і новых тэхналогій будаўнічай галіны.

Але пры гэтым не ўсе майстры вытворчага навучання здольны мультыплікаваць атрыманыя веды. Таксама абмежавана аснашчэнне вучэбна-матэрыяльных баз некаторых навучальных устаноў, і ў выніку пераважае тэарэтычная, а не практычная падрыхтоўка кадраў. Усе гэтыя праблемы неабходна вырашаць у найбліжэйшы час. Прадстаўнік прадпрыемства звярнуў увагу і на тое, што неабходна паляпшаць веды канкурсантаў па замежнай мове, праводзіць з імі псіхалагічныя трэнінгі па самарэгуляцыі ў стрэсавай сітуацыі, бо перамога ў конкурсе залежыць ад маральнага, фізічнага стану ўдзельніка і яго прафесіяналізму. (У праграме падрыхтоўкі ўжо пазначаны гэтыя моманты, але яны яшчэ патрабуюць дапрацоўкі.)

З улікам гэтага было прапанавана абнавіць змест адукацыйных праграм у адпаведнасці са стандартамі WorldSkills на ўзроўнях ПТА, ССА па рабочай кваліфікацыі “маляр”, праводзіць факультатыўныя заняткі для зацікаўленых навучэнцаў на базе прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, увесці ў вучэбную праграму дзеючых рэсурсных цэнтраў па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы” тэмы, якія ўваходзяць у конкурсныя заданні кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Важна праводзіць адборачныя туры на базе навучальных устаноў рэгіёнаў для вызначэння найбольш падрыхтаваных канкурсантаў для ўдзелу ў чэмпіянатах прафесійнага майстэрства з далучэннем да гэтага экспертаў. Цікавай была і прапанова аб замацаванні за навучальнай установай (рэсурсным цэнтрам або прадпрыемствам) цэнтра спецыялізаванай падрыхтоўкі па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, як гэта ўжо практыкуецца ў расійскіх калег. Неабходна таксама сістэматычна праводзіць вучэбныя семінары-практыкумы, майстар-класы для майстроў вытворчага навучання ў рамках праграмы павышэння кваліфікацыі, уключыць у праграмы дадатковай адукацыі дарослых па кваліфікацыі “маляр” тэмы, якія ўваходзяць у конкурсныя заданні кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, больш арганізоўваць стажыроўкі ў іншыя краіны для падрыхтоўкі канкурсантаў.

В.Д.Кордзікаў, дырэктар ААТ “Будмайстаркам”, кандыдат тэхнічных наук, прадставіў удзельнікам семінара сучасныя сусветныя патрабаванні да малярнага і дэкаратыўнага інструменту на прыкладзе інструмента Storch. (Трэба адзначыць, што інструмент фірмы “Storch” выкарыстоўваўся еўрапейскімі канкурсантамі на сусветнай пляцоўцы ў Абу-Дабі, таксама быў прадастаўлены кампаніяй “МАВ” і нашаму канкурсанту).

Віктар Шмыгін правёў майстар-клас па малярных і дэкаратыўных работах.

У канцы семінара ўдзельнікі наведалі рэсурсны цэнтр сучасных будаўнічых тэхналогій індустрыяльна-педагагічнага каледжа, загадчыцай якога з’яўляецца В.М.Кулік.

Для папулярызацыі руху WorldSkills у нашай краіне створаны і сістэматычна абнаўляецца асобны сайт WorldSkills Belarus (http://worldskills.by/), у сацыяльных сетках Facebook, “УКантакце” створана адпаведная група, дзе размяшчаецца інфармацыя аб усіх мерапрыемствах, звязаных з WorldSkills, гэтая тэма пастаянна асвятляецца і ў сродках масавай інфармацыі.

Ала КЛЮЙКО.