Ад пробнага дзеяння да глыбокага даследавання

- 15:46Портфолио

У Жупранскай сярэдняй школе склалася эфектыўная сістэма работы па арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Хачу падзяліцца вопытам, назапашаным на працягу 20 гадоў. Для гэтага разгледзім, які шлях да сур’ёзнага навуковага даследавання праходзіць настаўнік са сваім вучнем.

1.Знайсці вучня. Урокі біялогіі ў 6 класе дапамагаюць вызначыць юнага даследчыка — праз выкананне заданняў творчага, пошукавага, даследчага характару. А ўрокі хіміі ў 7 класе дакладна пацвярджаюць якасці сапраўднага даследчыка. Але вось вучань вызначаны — з чаго пачаць даследаванне? Я б адказала — з даверу. Разам зай­мацца даследаваннем — гэта значыць на працягу доўгага часу працаваць у цесным супрацоўніцтве, прыслухоўвацца да меркавання адно аднаго, у вызначаны тэрмін выконваць сваю частку работы. Настаўнік і вучань — гэта маленькая каманда, і ўменне працаваць у гэтай каман­дзе — залог будучага поспеху. Пастулаты даследавання: цікавасць як патрэба і асваенне ведаў як неаб­ходнасць.

2.Выбар тэмы. Тэма вызначаецца з узнікнення праблемы. Як мы знахо­дзім матэрыял для сваіх работ? Адназначнага адказу няма. Часам тэма ўзнікае сама сабой, можна сказаць, з паветра. Выпадкова вымаўленая фраза, аповед пра цікавы выпадак, выказанае ці пачутае меркаванне аб праектах, што рэалізуюцца, і праблемных пытаннях, якія цікавяць вучоных, — усё гэта ў выніку можа легчы ў аснову будучага даследавання. Задача настаў­ніка — не прапускаць такія моманты, “лавіць” іх і звяртаць увагу вучня на важнасць выказанага ім меркавання, на яго патэнцыял для магчымага даследавання. Падчас экалагічных акцый на прыродзе ўзнікаюць праблемныя пытанні, адказы на якія можна знайсці пры выкананні даследавання. Заўважылі адрозненні ў форме ліставой пласцінкі бярозы абвіслай у розных месцах росту. Узнікла праблемнае пытанне: чаму? І нарадзілася тэма работы “Фітаіндыкацыя забруджвання атмасфернага павет­ра аграгарадка Жупраны метадамі флуктурыруючай асіметрыі ліставой пласцінкі”. Заўважылі, што жыхары нашай мясцовасці ў якасці ўгнаенняў на сваіх участках выкарыстоўваюць разнастайныя віды падкормак (такія як салома, трава, мінеральныя ўгнаенні, харчовыя адходы ў сырым выглядзе і пасля тэрмічнай апрацоўкі), і ўзнікла пытанне “А які від угнаення са­дзейнічае ўраджайнасці?”. І вось тэма — “Аналіз узаемасувязі паміж ураджайнасцю агароднінных культур, колькасцю ў іх нітратаў і відам унесеных угнаенняў на тэрыторыі аграгарадка Жупраны”. Заўважылі, што на занядбаных палях, каля дамоў, што пустуюць, растуць пэўныя віды раслін. Уздоўж дарогі, на ўзлессі, каля поля з культурнымі раслінамі і на прысядзібных участках расце сумнік канадскі— і з’явілася тэма работы “Аналіз распаўсюджвання і відавой разнастайнасці інвазійных раслін на тэрыторыі Жупранскага сельсавета”.

Тэма павінна быць ак­туальнай — важнай, якая патрабуе вырашэння ў цяперашні час. Яна павінна быць эканамічна эфектыўнай і мець значнасць.

Каб знайсці для яе ключавыя словы, трэба задаць сабе два пытанні: пра што будзе гаварыцца ў рабоце? Што менавіта будзе сцвярджацца?

Я вывучаю…

Таму што хачу ведаць, хто/што/калі/дзе/як/ці…

Для таго каб…

3.Набыццё мэты ў дзяцей

Такім чынам, умець ставіць мэту — значыць умець выбіраць гэтую мэту з цэлага шэрага матываў. А ўмець выбіраць — зна­чыць мець крытэрый, кіруючыя прынцыпы, накіравальныя лініі для гэтага адбору. Звычайна мэту фармулююць са слоў: даказаць, абгрунтаваць, распрацаваць, растлумачыць, вызначыць, устанавіць.

4.Афармленне мэты перад дзецьмі. 

5.Планаванне работы з дзецьмі. Такім чынам, умець планаваць — значыць умець выбіраць шляхі і сродкі, мець пэўныя крытэрыі, кіруючыя прынцыпы для гэтага адбору. Даследчыя работы школьнікаў змяшчаюць усе неабходныя элементы і паняцці, як і любая навуковая праца: гіпотэзы, метады, аб’ект і прадмет даследавання. У асноўным даследаванні праводзяцца згодна з распрацаванай методыкай, але ёсць і работы, выкананыя згодна з асабіста распрацаванай (аўтарскай) методыкай. 

6.Выкананне работы. Пры такой пастаноўцы — пры пабудове работы па прынцыпе мэтавых заданняў — працэс выканання з’яўляецца ўвасаб­леннем надзей і жаданняў дзяцей. Гэтая акалічнасць прад’яўляе пэўныя патра­баванні да арганізацыі работы. Чым вышэй мы ўзнімаем тонус дзяцей пры пастаноўцы мэты і планаванні, чым больш мы абу­джаем у іх пачуццё накіраванасці, чакання і нецярпення, тым больш мы павінны клапаціцца пра тое, каб працэс выканання, ажыццяўлення гэтых жаданняў не расчароўваў дзяцей.

7.Завяршэнне і ўлік работы. Гэтак жа, як і планаванне, улік з’яўляецца нед’емнай прыметай мэтавай дзейнасці. Хто дзейнічае, зыходзячы з пэўнай мэты, той не задавальняецца да таго часу, пакуль не ўлічыць атрыманы вынік, не ацэніць яго, не пераканаецца, што ён адпавядае пастаўленай мэце. 

У Ашмянскім раёне створана і плённа працуе супольнасць “Навука”, мэта якой — садзейнічаць развіццю даследчыцкіх кампетэнцый у навучэнцаў. У супольнасці працуюць настаўнікі чатырох школ раёна, на занятках якіх можна прысутнічаць і працаваць усім жадаючым. Пасяджэнні праводзяцца сумесна з навучэнцамі ў форме гульні, гутаркі-абмеркавання, прэс-канферэнцыі, квест-гульні.

Такім чынам, сярод розных відаў даследчай дзейнасці можам вызначыць наступныя:

1.Тып практычнай работы, калі перад дзецьмі стаіць мэта “зрабіць што-небудзь”. Напрыклад, са­браць лісце бярозы для даследавання, знайсці месцы, дзе растуць інвазійныя расліны, адабраць пробы вады, правесці пасеў насення аднагадовых раслін і г.д.

2.“Даведацца што-небудзь” — тып пазнавальнай работы, калі дзеці вырашаюць тое ці іншае пытанне. Напрыклад, даведацца, прасачыць узровень грунтавых вод у калодзежах; даведацца, як трэба перасадж­ваць кветкі; паглядзець, якія плошчы займаюць інвазійныя расліны; даведацца, які від угнаення садзейнічае ўра­джайнасці агароднінных культур і г.д.

3.Тып мастацка-выяў­ленчай дзейнасці, калі дзеці ўвасабляюць свае ўражанні ў вобразы і формы. Напрыклад, малююць, што бачылі падчас даследавання, расказваюць пра этапы і вынікі даследавання перад аўдыторыяй; складаюць табліцы, адлюстроўваюць вынікі ў графіках, дыяграмах і г.д.

4.“Навучыцца чаму-небудзь” — тып трэніровачнай дзейнасці — устаноўка дзяцей на самастойнае набыццё навыкаў, уменняў, на далейшае прасоўванне і ўдасканаленне ў іх. Напрыклад, навучыцца працаваць у часе, у камандзе; навучыцца працаваць з літаратурай; навучыцца акуратна і па адпаведным плане выконваць заданні, навучыцца пераскокваць праз пера­шкоды і інш.

Працэс далучэння школьнікаў да даследчай дзейнасці ідзе ў Жупранскай сярэдняй школе бесперапынна, на ўсіх этапах работы. Тое, што вучань узяўся за напісанне работы, яшчэ не азначае, што ён паспяхова давядзе справу да канца, а потым захоча пачаць новае даследаванне. Вялікае значэнне для паспяховай работы вучня мае дапамога бацькоў. Працуючы ра­зам з дзецьмі, бацькі больш часу праводзяць з імі. Яны становяцца бліжэйшымі да сваіх дзяцей, лепш разуме­юць іх праблемы. У выніку сумеснай праектна-даследчай дзейнасці дзеці даведваюцца шмат новага пра сваіх ­бацькоў, запаўняюць дэфіцыт зносін з дарослымі.

Цікавасць трэба падтрымліваць пастаянна. Для гэтага мы ўдзельнічаем у конкурсах рознага ўзроўню, у знешніх мерапрыемствах. Але, вядома, нельга абмяжоўвацца рамкамі школы і раёна. Вось ужо на працягу 20 гадоў мы штогод прымаем удзел у абласных і рэс­публіканскіх навуковых канферэнцыях для навучэнцаў. Такія мерапрыемствы цікавыя па многіх прычынах. Перш за ўсё, гэта ацэнка работы членамі журы, саветам экспертаў, якія дапамагаюць павы­сіць даследчыцкія кампетэнцыі не толькі школьніку, але і яго настаўніку. Гэта вопыт публічнага выступлення, развіццё ўмення адказ­ваць на пытанні, часам даволі каверзныя. Гэта моцныя сапернікі, у якіх ёсць чаму павучыцца. Гэта зносіны з аднагодкамі, якія падзяляюць твае інтарэсы і захапленні. Паколькі такія канферэнцыі праводзяцца ў асноўным у буйных гарадах, гэта яшчэ і экскурсіі, а зна­чыць— новыя веды і ўражанні. Актыўнасць школьнікаў з кожным годам урастае, коль­касць вучняў, якія прымаюць удзел у конкурсах, павялічваецца, усе яны ўзнагароджваюцца дыпломамі пераможцаў. Павялічваецца і колькасць конкурсаў, у якіх прымаюць ­удзел нашы вучні. Так, калі ў 2020 го­дзе дзеці ўдзельнічалі толькі ў дзвюх канферэнцыях, то ў пачатку 2022 года — ужо ў 7.

Вучні нашай школы толькі за 2021—2022 гады сталі пераможцамі шматлікіх спаборніцтваў рознага ўзроўню. Сярод іх — IV Міжнародны студэнцкі экалагічны кангрэс “StEC-2021” (гран-пры); ХХХІІІ Рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (дыплом ІІІ ступені), ІІІ Усерасійскі (з міжнародным удзелам) конкурс даследчых, праектных і навукова-метадычных работ навучэнцаў і студэнтаў “Які цудоўны гэты свет” (дыпломы І ступені) і г.д.

Паколькі ўдзел у такіх канферэнцыях стаў для нас традыцыяй, мы разглядаем іх як дастойны вынік даследчай дзейнасці. Тры вучні нашай школы сталі ўладальнікамі прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (Ва­дзім Масцяніца — 2015 год, Арына Сухадольская — 2020 год, Надзея Садоўская — 2022 год). Арына Сухадольская прайшла навучанне ў лютаўскай змене Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Таццяна Воўк і Арына Юхневіч працягнулі навуковую дзейнасць ва ўстанове вышэйшай адукацыі, а Таццяна Суравец (Воўк) — і на першым рабочым месцы. Зараз Таццяна з’яўляецца аспіранткай рэс­публіканскага прадпрыемства “Навукова-практычны цэнтр гігіены” на саісканне вучонай ступені кандыдата медыцынскіх навук па спецыяльнасці “Гігіена”.

Людміла ЮХНЕВІЧ, 
настаўніца хіміі і біялогіі Жупранскай сярэдняй школы.