Ад QR-­кодаў да інфаграфікі: павышаем эфектыўнасць навучання на занятках біялогіі ў 10-м класе

- 16:00Образование, Портфолио, Приложение

Уласны блог і прымяненне тэхнік візуалізацыі на занятках біялогіі ў 10 класе дазваляюць павысіць эфектыўнасць навучання.

Вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі — гэта базавыя кампетэнцыі педагога. Для вучняў пазнавальная дзейнасць працякае ў вучэбна-пазнавальнай форме. Кіраванне пазнавальнай дзейнасцю, а не перадача ведаў, з’яўляецца механізмам навучання. Вучню патрэбны не абстрактныя веды, а практычныя. Дзейсным сродкам з’яўляецца сістэмнае выкарыстанне ў адукацыйным пра­цэсе візуалізацыі вучэбнай інфармацыі як адзін з фактараў павышэння ўзроўню вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў.

У сучасны час развіцця камп’ютарных тэхналогій і прымянення тэхнік візуалізацыі на занятках многія настаўнікі ствараюць уласныя блогі. Для сістэматызацыі матэрыялу па біялогіі, яго даступнасці вучням быў створаны блог “Біялогія для школы” https://liashukn.blogspot.com/.

Інфармацыя з блога выкарыстоўваецца як на вучэбных занятках, так і дома вучнямі пры пад­рыхтоўцы дамашняга задання. Пасля заняткаў настаўнік замацоўвае спасылку з пытаннямі і (або) прыкладнымі адказамі ў электронным дзённіку https://schools.by/ на старонку блога, якая неабходна для выканання дамашняга задання. У сваёй рабоце практыкую выкарыстанне тэлефонаў на занятках. Перад заняткамі вучні могуць узнавіць свае веды па тэме — праз тэлефон знайсці неабходную старонку блога і перад пачаткам урока паўтарыць матэрыял.

На занятках сярод розных тэхнік візуалізацыі паспяхова прымяняю ў 10 класе “QR-код”, “Воблака слоў”, “Таймлайн”, “Інтэлект-карты”, “Інфаграфіку”.

Пры стварэнні QR-кодаў перавагу аддаю рэсурсу https://qrcode.tec-it.com/ru/Url.

“Воблака слоў” ствараю на рэсурсах https://wordcloud.pro/ru і https://wordscloud.pythonanywhere.com/. На першым існуе магчы­масць стварыць калекцыю ўласных работ і потым звяртацца да яе пры неабходнасці, на другім не трэба рэгістравацца.

Згенерыраванае “Воблака слоў” выкарыстоўваю ў электронным выглядзе (пажадана вывесці яго на экран смартфонаў або камп’ютараў ці мультыборда) або раздрукоўваю на прынтары і прымяняю ў якасці раздатачнага матэрыялу, на якім вучні алоўкам або ручкай абво­дзяць ключавыя словы і адказва­юць на пытанне настаўніка.

Дадатак 1. Прыём “Воблака слоў” да тэмы “Тыпы біятычных узаемаадносін арганізмаў у біяцэнозах”

Заданне. Пастаўце кожны для сябе мэту, якія тыпы біятычных узаемаадносін арганізмаў у біяцэнозах вы будзеце ведаць і прыво­­дзіць іх прыклады ў канцы заняткаў.

Пры стварэнні заданняў прыёму “Таймлайн” выкарыстоўваю практыкаванне “Храналагічная лінейка” на анлайн-сэрвісе https://learningapps.org/.

Дадатак 2. Прыём “Таймлайн” да тэмы “Дынаміка экасістэм. Паняцце экалагічнай сукцэсіі”

Заданне таймлайна (можна выкарыстоўваць на этапе замацавання вучэбнага матэрыялу). Устанавіце паслядоўнасць працэсаў пры праходжанні першаснай сукцэсіі на голых скалах.

Калі немагчыма выкарыстаць тэхнічныя сродкі навучання на занятках, прыём “Таймлайн” рыхтую на аркушах паперы і раздаю пры індывідуальнай або парнай рабоце.

Дадатак 3. Прыём “Таймлайн” да тэмы “Паняцце папуляцыі. Уласцівасці папуляцыі”

 Заданне. Суаднясіце біялагічныя прыметы папуляцыі з азначэннямі (злучыце стрэлкамі).

Прыём “Інтэлект-карта” (Mind maps) прымяняю на этапах вывучэння новага матэрыялу і замацавання. Пры складанні заданняў ахопліваю 80—100% аб’ёму матэрыялу да параграфа, які вывучаецца. Пры складанні інтэлект-карт выкарыстоўваю ўсе рэсурсы праграмы Word і тэхніку “Тоўстыя і тонкія пытанні”. На структурна-лагічнай схеме інтэлект-карты адным з элементаў з’яўляюцца ілюстрацыі-падказкі.

Дадатак 4. Прыём “Інтэлект-карта” да тэмы “Паняцце папуляцыі. Уласцівасці папуляцыі”

Заданні. 1) Дайце прагноз для папуляцыі, калі яе коль­касць вый­дзе за верхнюю і ніжнюю мяжу. Якія меры неабходна прыняць, каб гэтага не адбылося? 2) Дайце прагноз для папуляцыі, калі яе шчыльнасць выйдзе за верхнюю і ніжнюю мяжу. Якія меры неабходна прыняць, каб гэтага не адбылося? 3) Дайце прагноз змянення колькасці папуляцыі (дзе будзе адмоўны рост, станоўчы рост, стабільнасць). Выкажыце свае думкі наконт адмоў­нага або станоўчага росту колькасці папуляцыі (што неабходна рабіць чалавеку).

Больш складаны ў прымяненні прыём “Інфаграфіка”, які дазваляе творча і крэатыўна разгледзець і замацаваць новы матэрыял. У сваю інфаграфіку дадаю заданні, набліжаныя да цэнтралізаванага тэсціравання.

Дадатак 5. Прыём “Інфаграфіка” да тэмы “Кампаненты біясферы”

Заданні. 1) У якіх зонах сканцэнтравана найбольшая біямаса жывога рэчыва на сушы? Чаму? 2) Прааналізуйце дыяграмы суадносін біямасы і відавой разнастайнасці на сушы і ў акіяне. Як вы думае­це, чаму працэнтныя суадносіны раслін і жывёл на сушы і ў акіяне адрозніваюцца? 3) Дзякуючы чаму 80% першаснай прадукцыі ўтвараецца ў акіяне? 4) Арганізмам якога царства адводзіцца асаблівая роля ў забеспячэнні ўрадлівасці глебы? 5) Размясціце прыклады №№ 1—14 да кампанентаў бія­сферы (коснае рэчыва, біякоснае рэчыва, біягеннае рэчыва).

Адказы да інтэлект-карты і інфаграфікі, а таксама іншыя прыклады тэхнік візуалізацыі можна знайсці ў раздзеле “Экалогія” блога “Біялогія для школы” https://liashukn.blogspot.com/.

Мікалай ЛЯШУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўнік біялогіі Белавушскай сярэдняй школы
Столінскага раёна Брэсцкай вобласці