У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году навукі, у шосты школьны дзень навучэнцы 2—3 класаў гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Л.П.Пясняк, А.У.Таўканіцай і М.Ф.Гуштын адправіліся на экскурсію ў Гродна.
Пачалася экскурсія з наведвання навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дырэктар Мікалай Уладзіміравіч Грынько расказаў школьнікам пра гісторыю ўзнікнення навуковай бібліятэкі, пра тое, што яе першымі чытачамі былі настаўнікі, як у гады Вялікай Айчыннай вайны згарэў увесь бібліятэчны фонд, а ў мірны час гродзенцы дарылі кнігі на рускай і беларускай мовах. Сучасная ўніверсітэцкая бібліятэка, якой у 2015 годзе споўнілася 75 гадоў, — гэта адукацыйны, навуковы і інфармацыйны цэнтр. Мы ўбачылі электронную чытальную залу, у якой пры неабходнасці можна скарыстацца планшэтам для працы.
Таксама школьнікі пазнаёміліся з выставай, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, убачылі Біблію Францыска Скарыны. Вучаніца Ангеліна Таўканіца, натхнёная цікавым аповедам пра жыццё і дзейнасць славутага беларуса, напісала верш “Першадрукар Францыск Скарына”, за які на абласным этапе Рэспубліканскага завочнага конкурсу літаратурных работ юных паэтаў і празаікаў “Слова ў пераплёце” атрымала дыплом ІІІ ступені.
Экскурсія па ўніверсітэце настолькі ўразіла дзяцей, што яны паабяцалі асабліва старанна вывучаць школьныя прадметы і ніколі не выпускаць кнігу з рук. А калі скончаць вучобу ў гімназіі, некаторыя з іх абавязкова прыедуць атрымліваць спецыяльнасць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
А завяршылася паездка ў Гродна яшчэ адной цікавай падзеяй — наведваннем дэльфінарыя.
Алена ТАЎКАНІЦА,
класны кіраўнік 3 “А” класа гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы.