Адаптацыя без праблем

- 11:04Навіны рэгіёнаў

Адаптацыя дзіцяці да дашкольнай установы — вельмі важны этап у жыцці маленькага чалавека, яго бацькоў і, безумоўна, выхавальнікаў і іншых супрацоўнікаў установы. Вельмі распаўсюджаны зараз падыход — дзіця патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі да новага этапу свайго жыцця — рэалізоўваецца ў розных дашкольных установах па-рознаму. Пэўны вопыт такой работы назапашаны ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 97 Гродна.

— Усе супрацоўнікі зацікаўлены ў тым, каб дзеці ў час знаходжання ў цэнтры адчувалі сябе добра, актыўна ўключаліся ва ўсе віды дзейнасці, — гаворыць загадчыца ДЦРД № 97 Галіна Смурага. — Цяжкасці ў адаптацыі могуць прывесці да цяжкіх наступстваў у псіхалагічным стане дзіцяці. На працягу апошніх 15 гадоў мы практыкуем розныя віды работы па падрыхтоўцы дзяцей да паступлення ў дашкольную ўстанову, сярод іх — і школа руплівых бацькоў.

Маніторынг стану здароўя і адаптацыі дзяцей на працягу апошніх гадоў паказаў станоўчую дынаміку і зніжэнне захворванняў у адаптацыйны перыяд у новых групах. Адсутнічаюць выпадкі цяжкай адаптацыі. Так, на працягу трох апошніх гадоў гэтыя лічбы паспяховай адаптацыі складалі 89, 97 і 96 працэнтаў адпаведна.

Сёлета школу наведваюць 30 дзяцей разам з бацькамі. У ДЦРД часта гавораць, што наведваюць яе 30 сем’яў, бо сюды прыходзяць не толькі мамы, але вельмі часта і таты, бабулі дзетак.

Два разы на тыдзень у перыяд з сакавіка па май арганізоўваюцца заняткі. Праграма складаецца на ўвесь тэрмін і прадугледжвае работу як з дзецьмі, так і з дарослымі. Першыя заняткі — гэта знаёмства з дашкольнай установай і абавязковае наведванне зімовага саду, дзе можна ўбачыць экзатычныя расліны, а таксама птушак, рыбак, чарапашак, хамячкоў, трусоў.

Для бацькоў праводзяцца кансультацыі, трэнінгі “Як падрыхтаваць дзіця да паступлення ва ўстанову дашкольнай адукацыі: арганізацыя харчавання, рэжым дня, загартоўванне”, “Ступенькі ўзаемадзеяння”, “Як размаўляе ваша дзіця”. А будучыя выхаванцы цэнтра спазнаюць іншую навуку: гуляюць, малююць.

— Сёння сабе ў памочнікі для правядзення заняткаў-гульні запрасіла маленькага сабачку, — расказвае вопытны выхавальнік Алена Казюкевіч, якая мае працоўны стаж каля 20 гадоў. — Дзеці гулялі з ім, малявалі, знаёміліся з геаметрычнымі фігурамі, а ў канцы заняткаў атрымалі падарунак — папяровага сабачку, якога змайстравалі выхаванцы старшых груп. Будуем заняткі так, каб улічыць характар кожнага дзіцяці, уключыць кожнага ў пазнавальную дзейнасць. Паглядзіце, якія яны розныя: хто ўвесь час быў энергічны, хуткі, а хто не адыходзіў ад мамы.

Заняткі на адаптацыйнай пляцоўцы праводзяць розныя выхавальнікі. І абавязкова вопытны педагог працуе ў пары з пачынаючым. Такім чынам перадаецца і метадычны вопыт.

— Значэнне школы клапатлівых бацькоў сярод іншага заключаецца і ў тым, каб першае наведванне дашкольнага цэнтра асацыіравалася ў дзяцей і бацькоў са станоўчымі эмоцыямі, каб не парушалася пачуццё бяспекі пры пераходзе ў новае асяроддзе, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Эла Новікава. — За перыяд наведвання адаптацыйнай пляцоўкі дзеці не толькі прывыкаюць да новай абстаноўкі, але і вучацца ўзаемадзейнічаць з малазнаёмымі дарослымі, аднагодкамі, задавальняюць сваю патрэбу ў новых уражаннях і цікавай, займальнай дзейнасці. А бацькі маюць магчымасць атрымаць кваліфікаваную кансультацыйную дапамогу ад усіх спецыялістаў ДЦРД, бліжэй пазнаёміцца з асноўнымі кірункамі дзейнасці педагагічнага калектыву, навучыцца ўзаемадзейнічаць са сваім дзіцем як з партнёрам у працэсе гульнявой дзейнасці.

Бацькі атрымаюць і папярэдні прагноз адаптацыі кожнага дзіцяці, які складзе педагог-псіхолаг Алена Маркевіч.

У канцы работы школы праводзіцца анкетаванне бацькоў з мэтай аналізу і планавання далейшай работы. У мінулым годзе 100 працэнтаў бацькоў выказалі задаволенасць арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемстваў адаптацыйнай пляцоўкі, 73 працэнты ацанілі яе дзейнасць на “пяць” па пяцібальнай шкале. Рэспандэнты таксама адзначылі, што ім вельмі спадабаліся музычныя заняткі і заняткі па выяўленчым мастацтве, тэатралізаваная пастаноўка “Церамок” у выкананні выхаванцаў старшых груп.

Марыя Ліпаценка ходзіць на заняткі школы клапатлівых бацькоў з трохгадовай Кірай.

— Наша старэйшая дачка Карына была выхаванкай ДЦРД № 97, — расказвае Марыя Валянцінаўна, — і для малодшай дачкі іншай дашкольнай установы не хочам. Такія заняткі — добрая магчымасць падрыхтавацца да новага важнага перыяду ў жыцці ўсёй сям’і.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.