Адчуць сваю значнасць і грамадскую годнасць

Пачатак новага 2018 года азнаменаваны значнай палітычнай падзеяй для нашай краіны. 18 лютага пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. На якім этапе знаходзіцца сёння выбарчая кампанія, хто з кандыдатаў прэваліруе ў прафесійным складзе, наколькі сфарміраваны выбарчыя камісіі — на гэтыя і іншыя пытанні нашай газеце адказала старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Л.М.ЯРМОШЫНА.

— Лідзія Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці выбараў у мясцовыя Саветы. Якія ёсць нюансы ў іх правядзенні?

— Выбары ў мясцовыя Саветы будуць праходзіць ва ўстаноўленыя тэрміны за месяц да заканчэння тэрмінаў паўнамоцтваў дэпутатаў папярэдняга склікання. На выбарах згодна з колькасцю выбарчых акруг трэба выбраць 18 111 чалавек у сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя, абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў. Менш за ўсё дэпутатаў будзе выбірацца па Мінску, нягледзячы на тое, што гэта самы вялікі рэгіён у краіне. У сталіцы ў гарадскі Савет дэпутаты выбіраюцца па 57 выбарчых акругах. Ва ўсіх іншых рэгіёнах краіны структура Саветаў даволі вялікая. Перш-наперш гэта Саветы сельскага і пасялковага ўзроўню, дзе ў нас традыцыйна выбіраецца вельмі многа дэпутатаў. З улікам таго, што колькасць акруг, якія ствараюцца ў сельскай мясцовасці, даволі істотная і кожнай выбарчай камісіі трэба падлічваць галасы як на ўзроўні сельскага, так і раённага, абласнога Саветаў, то мясцовыя выбары лічацца даволі складанымі ў тэхнічным выкананні. Самым, так бы мовіць, тэхнічна простым можна лічыць правядзенне выбараў у Мінску.

— Хаця, як вядома, у Мінску выбары з’яўляюцца самымі альтэрнатыўнымі, і на адно дэпутацкае месца існуе вялікі конкурс.

— Як я ўжо сказала, у мясцовыя Саветы павінны быць выбраны 18 тысяч 111 дэпутатаў. Паступілі дакументы ў выбаркамы ад 22 713 чалавек, на 4,5 тысячы больш, чым трэба. Таму, безумоўна, некаторым кандыдатам прыйдзецца змагацца за дэпутацкі мандат на конкурснай аснове. У Мінску сапраўды на цяперашні момант сярэдняя колькасць кандыдатаў у дэпутаты на адну выбарчую акругу складае 6,1 чалавека. Самы вялікі конкурс у Каменнагорскай выбарчай акрузе № 35 (Фрунзенскі раён Мінска) — 10 чалавек на месца. У цэлым па краіне ў абласны Савет — больш за 2 кандыдаты; у раённыя — 1,3; у гарадскія Саветы гарадоў абласнога падпарадкавання — 2,2 кандыдата на адну выбарчую акругу. У пасялковых і сельскіх акругах у асноўным безальтэрнатыўныя выбары — на адну выбарчую акругу прыходзіцца 1,1 і 1,2 чалавека. У цэлым няма безальтэрнатыўных акруг толькі ў Мінску і Магілёўскай вобласці. У астатніх рэгіёнах яны ёсць нават у выбарах у абласны Савет. Найбольшая колькасць — больш за 50% альтэрнатыўных акруг, створаных па выбарах у абласны Савет, — па Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

— А які прафесійны склад кандыдатаў у дэпутаты?

— Калі браць у гендарным плане, то амаль палова кандыдатаў — гэта жанчыны. Больш за ўсіх прадстаўнікоў сферы адукацыі, культуры і аховы здароўя — 30,5%, дзяржорганаў — каля 11%, прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі — 20,5%. 9,2% складаюць прадстаўнікі прамысловасці, транспарту, будаўніцтва. Работнікаў сферы гандлю і бытавога абслугоўвання — больш за 4%, праваахоўных органаў і ваенных — больш за 3%, прадпрымальнікаў — крыху больш за 2%. Сярод кандыдатаў у дэпутаты — дырэктары школ, рэктары і прарэктары УВА, кіраўнікі тэатраў, кінатэатраў, прамыслоўцы, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і арганізацый. Больш за 45% складаюць дэпутаты дзеючага склікання, якія зноў падалі дакументы ў выбаркамы.
— На якім этапе знаходзіцца арганізацыя правядзення выбарчай кампаніі? Ці сфарміраваны выбарчыя камісіі?

— У цэлым усе арганізацыйныя мерапрыемствы завершаны. Мы ўжо прайшлі стадыю вылучэння членаў і стварэння выбарчых камісій усіх узроўняў. Акруговыя камісіі, гарадскія, раённыя, абласныя тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ўжо прыступілі да работы. У іх складзе традыцыйна шмат жанчын. На першым месцы па колькасці сваіх членаў у камісіях знаходзіцца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, на другім — грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, на трэцім — Беларускі саюз жанчын.

Самыя шматлікія з выбарчых камісій — участковыя. Іх створана каля 6 тысяч. У склад гэтых камісій у асноўным уваходзяць педагогі, якія традыцыйна прымаюць самы актыўны ўд зел у арганізацыі выбарчай кампаніі і маюць у гэтым пэўны вопыт. Асноўная частка ўчастковых выбарчых камісій, як і раней, размешчана ў навучальных установах, таму іх кіраўніцтву, педагагічным калектывам неабходна з пэўнай адказнасцю ставіцца да правядзення выбарчай кампаніі. Неабходна найбольшую ўвагу ўдзяліць людзям сталага ўзросту, з асаблівасцямі фізічнага развіцця, якім цяжка дабірацца да выбарчага ўчастка. Таму трэба паклапаціцца пра стварэнне безбар’ернага асяроддзя, участак адкрываць на першым паверсе і ўваход рабіць там, дзе знаходзіцца пандус, каб без асаблівых цяжкасцей маглі ўвайсці ў будынак жанчыны з малымі дзецьмі ў калясках, інваліды-калясачнікі.

З 2 лютага павінна быць абавязкова арганізавана дзяжурства членаў камісій у нерабочы час, каб выбаршчыкі маглі атрымаць неабходную інфармацыю. Цяпер участковыя выбарчыя камісіі праводзяць праверку спіса выбаршчыкаў, а для гэтага наведваюць жыхароў сваёй акругі па месцы жыхарства. 2 лютага спісы выбаршчыкаў павінны знаходзіцца ва ўчастковых камісіях, і кожны выбаршчык за 15 дзён да выбараў можа прыйсці на ўчастак і праверыць сябе ў спісе.

— Які ўзрост грамадзян, якія пажадалі вылучыць сваю кандыдатуру ў дэпутаты?

— Добрай прыкметай сёлетніх выбараў стаў той факт, што з ліку вылучаных даволі многа маладых людзей. Так, напрыклад, у Мінску кожны сёмы кандыдат у дэпутаты маладзейшы за 30 гадоў. Відавочна, што актыўна папрацаваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Сярод кандыдатаў на ўзроўні абласных Саветаў каля 8% таксама грамадзяне даволі маладога ўзросту. У сельскай мясцовасці, на ўзроўні раёнаў колькасць маладых кандыдатаў памяншаецца, там у большасці вылучаюцца людзі сталага ўзросту. У цэлым па краіне колькасць вылучаных у кандыдаты грамадзян да 30 гадоў складае 5,4%.

— Якія існуюць формы вылучэння кандыдатаў у дэпутаты?

— Вылучэнне кандыдатур у дэпутаты адбываецца па трох кірунках. Адзін з іх — калі сваіх кандыдатаў вылучаюць палітычныя партыі. У гэтым выпадку кандыдат вылучаецца на ўзроўні мясцовых партыйных органаў, напрыклад, у абласны Савет можа вылучаць кандыдата абласны абкам партыі, у раённы Савет — райкам партыі, у гарадскі — гаркам. У сельскай мясцовасці могуць вылучыць свайго кандыдата пярвічныя арганізацыі той ці іншай партыі. Сёлета палітычнымі партыямі вылучана 4% кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх — 333 прадстаўнікі Камуністычнай партыі, 267 — Ліберальна-дэмакратычнай.

У сельскіх населеных пунктах вылучэнне кандыдатаў адбываецца ў асноўным працоўнымі калектывамі. Гэтае вылучэнне ў выбарах мясцовых Саветаў у параўнанні з парламенцкімі выбарамі мае больш спрошчаны характар. Так, каб быць вылучаным у абласны Савет, дастаткова таго, каб цябе падтрымаў працоўны калектыў, дзе працуе не менш за 150 чалавек, а ў раённы — не менш за 75. Акрамя таго, працоўныя калектывы могуць кааперавацца, збіраць агульныя сходы і вылучаць сваіх кандыдатаў.

Даволі распаўсюджанай і знаёмай нашым грамадзянам формай вылучэння кандыдата ў дэпутаты з’яўляецца збор подпісаў, якім займаецца ініцыятыўная група. Мы маглі бачыць такія ініцыятыўныя групы са стэндамі з інфармацыяй аб сваіх вылучэнцах на вуліцах Мінска, іншых гарадоў. Некаторыя ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы, наведваючы жыхароў сваёй акругі непасрэдна па месцы жыхарства. Многія ініцыятыўныя групы сабралі неабходную колькасць подпісаў. 68,6% складаюць вылучаныя кандыдаты шляхам збору подпісаў, працоўнымі калектывамі — 27%.

У сёлетняй выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне і якія маюць пасведчанне на права жыхарства. Іх налічваецца каля 100 тысяч чалавек. Усе яны ўнесены ў спісы выбаршчыкаў, а некаторыя выказалі жаданне вылучацца ў дэпутаты. Гэта прадугледжана дагаворнымі абавязацельствамі, якія заключаны паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь. Так, з ліку грамадзян Расійскай Федэрацыі падалі дакументы на вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты 32 чалавекі.

Адзначу, што да нядаўняга часу ў выбаркамах праходзіла праверка дакументаў, якія паступілі ад вылучэнцаў для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Правяраліся дакладнасць подпісаў, правамернасць сходаў працоўных калектываў, дэкларацыі аб даходах і маёмасці, анкетныя даныя. На падставе гэтай праверкі будуць прымацца рашэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Адразу пасля рэгістрацыі кандыдаты ў дэпутаты могуць прыступаць да агітацыі: выступаць на радыё мясцовага ўзроўню, праводзіць мітынгі, пікеты, сустрэчы з працоўнымі калектывамі для азнаямлення выбаршчыкаў са сваімі праграмамі. Мясцовыя выбары не прадугледжваюць у час агітацыйнай кампаніі выступленняў кандыдатаў па тэлебачанні. Агітацыйны перыяд будзе доўжыцца па 17 лютага ўключна. У асноўны дзень выбараў, 18 лютага, агітацыя забаронена. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага.

— Пры тым што выбары ў мясцовыя Саветы не маюць бар’ера яўкі выбаршчыкаў і адбудуцца, як кажуць, пры любым надвор’і, наша ўлада зацікаўлена, каб на выбары прыходзіла найбольшая колькасць грамадзян, і гэта, безумоўна, правільна і апраўдана.

— Мы часта чуем нараканні ад нашых грамадзян, што іх быццам прымушаюць хадзіць на выбары. Але як можна не ўдзельнічаць у важных палітычных падзеях сваёй краіны, жывучы ў ёй? Быць абыякавым да лёсу сваёй Радзімы — гэта тое ж, што быць абыякавым да лёсу свайго дзіцяці. Не ўдзельнічаючы ў жыцці сваёй краіны, мы тым самым пускаем на самацёк дзяржаўны лёс. Так, сапраўды, выбары ў мясцовыя Саветы не вырашаюць глабальныя дзяржаўныя пытанні, яны менш маштабныя, чым, напрыклад, парламенцкія. Але яны не менш значныя. Яны мясцовыя, а гэта значыць, бліжэй да жыцця кожнага з нас, вырашаюць лакальныя задачы нашай малой радзімы, нашай вуліцы і нашага дома. Ні адзін мясцовы бюджэт, ні адзін генеральны план па развіцці рэгіёна, па будаўніцтве канкрэтнага аб’екта, азеляненні горада ці пасёлка не можа быць прыняты без голаса мясцовага дэпутата, які па доўгу службы павінен падтрымліваць інтарэсы кожнага грамадзяніна.

Мы часта спасылаемся на еўрапейскія краіны, іншы раз зайздройсцім іх жыццю, імкнёмся ў нечым браць з іх прыклад. А чаму тады мы не бяром прыклад з законапаслухмяных грамадзян замежных краін, якія лічаць сваёй жыццёвай неабходнасцю наведваць выбары. Асабліва мясцовыя, таму што выбраныя дэпутаты бліжэй да іх жыцця і будуць вырашаць менавіта іх праблемы. Калі мы хочам жыць не толькі ў добранадзейным, але і ў цывілізаваным грамадстве, мы павінна актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, быць часткай палітычнага жыцця нашай краіны і тым самым адчуць сваю значнасць і грамадскую годнасць.

Хачу звярнуцца да нашых педагогаў, якія маюць істотную вагу ў грамадстве, аўтарытэт сярод грамадзян і могуць паўплываць на грамадскую думку. Сёння нашы дзеці павінны выхоўвацца на трывалых асновах грамадзянскасці і патрыятызму, каб у далейшым вырасці ў дастойнага грамадзяніна з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, удзельнічаць у агульнадзяржаўных мерапрыемствах, у тым ліку і выбарчых кампаніях, і тым самым прымаць самы актыўны ўдзел у пабудове нашай дзяржавы. Школьнікаў, студэнцкую моладзь можна далучаць да выбарчай кампаніі ў ролі валанцёраў. Яны могуць распаўсюджваць сярод выбаршчыкаў надрукаваныя запрашэнні на выбары (не пазней як за 10 дзён да выбараў), інфармацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў у дэпутаты. Асабліва такія паслугі прыйшліся б даспадобы людзям сталага ўзросту, нямоглым, інвалідам. Так па крупінках мы ўзросцім у свядомасці нашага маладога пакалення парасткі трывалай жыццёвай пазіцыі сапраўднага грамадзяніна.

Ала КЛЮЙКО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *