Аддаць голас за мір і стабільнасць у краіне – абавязак кожнага грамадзяніна, лічыць Таццяна Якубовіч

- 10:36Моя гражданская позиция

Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі актыўна ўдзельнічае ў бягучай электаральнай кампаніі. Пра асаблівасці работы ў гэты важны для ўсёй краіны перыяд карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч.

— Падрыхтоўку да адзінага дня галасавання Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і ў прыватнасці Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі пачалі задоўга да ўказа кіраўніка дзяржавы, дзе былі аб’яўлены выбары, — расказвае Таццяна Раманаўна. — Мы вельмі актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пасля гэтага ФПБ цэлы год праводзіла маладзёжныя курсы прафсаюзнага актыву. Там разглядаліся не толькі пытанні ўнутрыпрафсаюзнай дысцыпліны, аховы працы, калектыўна-дагаварной работы, але і пытанні электаральнай кампаніі. Шмат нашых маладых актывістаў прайшлі праз гэтыя курсы, за год — больш за 150 прафсаюзных лідараў. На курсах выступалі вельмі сур’ёзныя лектары — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі Савета Бяспекі, журналісты, а таксама старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Васільевіч Карпенка, які тлумачыў самым падрабязным чынам, чаму неабходна праводзіць адзіны дзень галасавання.

— А чаму неабходна право­дзіць адзіны дзень галасавання?

— Каб прыйсці да такога важнага рашэння, была праведзена вялізная работа збоку ЦВК, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыя­нальнага сходу, і гэты працэс быў запушчаны даўно. Я сама была дэпутатам парламента 6-га склікання, і мы ўжо тады гаварылі пра тое, што наступіў час уносіць змяненні ў выбарчы кодэкс. Мы дакладна бачылі, што ў Беларусі практычна кожны год праходзілі выбары: у мясцовыя Саветы дэпутатаў, у парламент, прэзідэнцкія выбары. Мы разумелі, якія вялізныя бюджэтныя сродкі выдаткоўваюцца на кожную выбарчую кампанію. А гэтыя сродкі мы маглі б накіраваць на зарплату медыкам і педагогам.

29 лістапада 2023 года на прэзідыуме ФПБ мы — 15 галіновых прафсаюзаў — прынялі рашэнне аб сваім самым актыўным удзеле ў выбарчай кампаніі, быў створаны штаб. Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі ў снежні прыняў рашэнне, і мы сур’ёзна падрыхтаваліся да вылучэння членаў участковых, тэрытарыяльных і акружных выбарчых камісій. ЦВК падвяла вынікі, хто ўвайшоў у склад выбарчых камісій: з 9804 чалавек ад ФПБ, якія ўвайшлі ва ўчастковыя камісіі, 3845 — гэта члены праф­саюза работнікаў адукацыі і навукі, што складае 39,7%. 444 чалавекі з’яўляюцца старшынямі выбарчых камісій, 388 чалавек — намеснікамі старшыні, сакратарамі — 515. Такім чынам, нашы члены прафсаюза ўвайшлі ў кіраўніцкія органы выбарчых камісій. І гэта вельмі адказна. Безумоўна, мы займаем актыўную пазіцыю, бо разумеем, што ад таго, як пройдзе выбарчая кампанія, будзе залежаць, якія законы будуць прымацца і як мы будзем па іх працаваць.

Я сама з’яўляюся назіральнікам у ЦВК. Хачу адзначыць, што пасля першага пасяджэння Цэнтральнай выбарчай камісіі ўсёй краіне стала зразумела, што мы адкрытыя, мы хочам правесці гэтыя выбары спакойна, упэўнена, і для гэтага ЦВК зрабіла вельмі многае. У тым ліку распрацаваны метадычныя рэкамендацыі для членаў выбарчых камісій і назіральнікаў. Праводзяцца трэнінгі для членаў участковых выбарчых камісій.

— Таццяна Раманаўна, раскажыце, калі ласка, пра работу галіновага прафсаюза з маладымі выбаршчыкамі.

— Часопіс “Адукацыя і выхаванне” сумесна з ЦВК для выбаршчыкаў, якія будуць галасаваць упершыню, выдалі брашуру “Выбары”, каб малады выбаршчык добра разумеў, для чаго ён павінен схадзіць на выбары і прагаласаваць. Мы актыўна распаўсюджвалі гэтую брашуру. ЦВК прыняла рашэнне стварыць навукова-экспертны савет, у які ўвайшлі палітолагі, сацыёлагі, юрысты — практыкі, якія могуць прааналізаваць гэтую электаральную кампанію па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў, каб пазней была магчымасць выправіць магчымыя памылкі. Яшчэ раз акцэнтую ўвагу на тым, што мы адкрытыя, мы гатовы і мы чуем кожнага.

Пры ЦВК створаны і працуе маладзёжны савет, які арганізуе дыялогавыя пляцоўкі для моладзі, каб тлумачыць ёй дзеючае заканадаўства. Упэўнена, што з моладдзю трэба працаваць і неабходна размаўляць. Таму што маладыя лю­дзі сёння іншыя, не падобныя на нас, яны гатовы да гэтай размовы і задаюць пытанні. Напрыклад, мо­ладзь цікавіць, чаму ўзнікла ідэя адзінага дня галасавання, і з ёй вельмі цікава гаварыць. Я сама праводжу дыялогавыя пляцоўкі (у прыватнасці, на мінулым тыдні адбыліся такія пляцоўкі ў БДУІР і БДУ) і лічу, што такая форма ўзаемадзеяння з моладдзю сябе апраўдвае. Можна вывешваць фотаздымкі кандыдатаў, але калі кандыдат у дэпутаты не прыйшоў на асабістую сустрэчу і не расказаў пра сваю праграму, то толку не будзе. Зыходжу ў гэтым пытанні з асабістага вопыту, бо сама калісьці была кандыдатам у дэпутаты і шмат сустракалася з выбаршчыкамі. Важна пачуць ад чалавека пра яго жыццёвы шлях, даведацца, як ён мысліць, ці гатовы вырашаць пэўныя пытанні. Толькі так можна адчуць чалавека, убачыць і пазнаць яго.

Моладзь, дарэчы, гатова да дыялогу. Я сустракаюся з ёй штогод і зараз бачу, што моладзь стала сур’ёзна цікавіцца палітыкай. Калі раней сярод маладых людзей былі адзін­кі, якія мэтанакіравана вывучалі палітыку, то зараз наша моладзь вырасла да таго, каб унікаць у палітычныя праблемы і ў тым ліку вылучацца ў дэпутаты. У ЦВК ёсць звесткі пра тое, што 10 чалавек з ліку моладзі да 31 года плануюць балатавацца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Гэта сур’ёзна, пагадзіцеся. Прычым яны ўспрымаюць сваю дзейнасць як вопыт — сустрэч, напісання праграмы і разумення таго, што адбываецца ў дзяржаве. Мы ў галіновым прафсаюзе даўно плённа працуем з моладдзю, тым больш што ў нас моладзь да 31 года складае 34,2%. У нас ёсць праграма праектнай дзейнасці, калі штогод мы арганізоўваем конкурс на лепшы сацыяльны праект з магчымасцю фінансавання для рэалізацыі. Моладзі важна паказаць, што ідэя не заканчваецца на ўзроўні ідэі, а мае працяг у канчатковым выніку.

Моладзь стала сур’ёзна цікавіцца палітыкай. Калі раней сярод маладых людзей былі адзін­кі, якія мэтанакіравана вывучалі палітыку, то зараз наша моладзь вырасла да таго, каб унікаць у палітычныя праблемы і ў тым ліку вылучацца ў дэпутаты.

— Як наладжана работа ў рэгіёнах у фармаце падрыхтоўкі да адзінага дня галасавання?

— У цяперашні час у прафсаюзе супалі дзве важныя кампаніі — электаральная і справаздачна-выбарная. На сёння ў нас у кожнай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі праходзяць справаздачы і выбары. Так, у студзені ўжо прайшлі 1409 сходаў, дзе прысутнічалі вышэйстаячыя прафсаюзныя арганізацыі.

Нядаўна перад намі выступаў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандр Аляксандравіч Рахманаў, які ў тым ліку папрасіў прафсаюз, каб і мы даносілі людзям інфармацыю аб праекце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, што зараз абмяркоўваецца на ўсіх узроўнях. Такім чынам, у нас атрымліваецца вельмі насычаны справаздачна-выбарны сход, які ахоплівае ўсе пытанні, актуальныя для насельніцтва. Да канца лютага адбудзецца яшчэ 2700 такіх сходаў, мы ахопім амаль усе пярвічкі. Па сутнасці, па сваёй галіне хачу ска­заць, што ніводзін працоўны калектыў не застанецца ў няведанні, што такое адзіны дзень галасавання, як ён будзе прахо­дзіць і чаму. Мы тлумачым выбаршчыкам, што з кандыдатамі ў дэпутаты варта пазнаёміцца яшчэ да адзінага дня галасавання, асаб­ліва ў сельскай мясцовасці, дзе ў выбаршчыка будзе аж 4 бюлетэні. Для гэта падрыхтаваны валанцёры і члены ўчастковых выбарчых камісій, якія дапамогуць арыентавацца выбаршчыкам на месцах. Сітуацыя ў рэгіёнах спакойная, лю­дзі гатовы ісці на галасаванне, і мы іх пераканаўча просім гэта зра­біць. Таму што гэта не права, а грама­дзянскі абавязак выбаршчыка — паўдзельнічаць у галасаванні і выка­заць свабоднае выяўленне ў выбары кандыдата.

Я заклікаю выбаршчыкаў вывучаць біяграфію кандыдатаў у дэпутаты, асабліва тых, хто балатуецца ў парламент. Таму што ў такога чалавека павінна быць вялізнае жаданне прыносіць карысць, высокі прафесіяналізм, уменне слухаць і чуць людзей і пачуццё неабыякавасці да ўсяго, што адбываецца ў краіне. Як падкрэслівае кіраўнік дзяржавы, і прафсаюзным лідарам, і дэпутатам трэба быць да ўсяго датычнымі, чужых праблем быць не павінна.

— Вы шмат сустракаецеся з моладдзю. Якія нечаканыя пытанні задаюць вам маладыя выбаршчыкі?

— Напрыклад, ці можа студэнт стаць дэпутатам парламента.

— Дык ці можа?..

— Зразумела, можа. Я тлумачу студэнтам, што ім можа пашанцаваць і іх выберуць. Але быць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу студэнту будзе надзвычай цяжка, бо ў яго яшчэ няма прафесійнага, дзяржаўнага вопыту, маштабнага бачання сітуа­цыі. А каб прымаць правільныя законы на карысць кожнага грамадзяніна, неабходна вало­даць адпаведнымі асабістымі якасцямі. Наогул, я лічу, што лідараў трэба расціць са школы і студэнцтва, выбіраючы іх у маладзёжны парламент, студэнцкі актыў, каб яны змаглі ў перспектыве стаць палітычнымі дзеячамі. Я заўсёды гавару, што палітык адбыўся толькі тады, калі прайшоў усе стадыі, пачынаючы з пасады дэпутата мясцовага Савета, далей абласнога Савета і пасля дэпутата парламента. Я заўсёды за тое, каб дзеці і маладыя людзі задавалі абсалютна ўсе пытанні, нават тыя, якія, магчыма, для нас не з’яўляюцца прыемнымі. Затое мы дакладна разумеем, што яны думаюць і што яны хочуць. Адно толькі я прашу маладых лю­дзей заўсёды аналізаваць сітуацыю і ўмець адрозніваць дакладную інфармацыю ад фэйкаў.

Карыстаючыся магчымасцю, заклікаю ўсіх беларусаў прыйсці на адзіны дзень галасавання на выбарчыя ўчасткі, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак. Калі мы хочам, каб наша краіна развівалася стабільна, для гэтага кожны з нас у Год якасці павінен сам для сябе вырашыць, што для яго сёння якасць. А якасць пачынаецца з малога. Напрыклад, маладыя выбаршчыкі — гэта студэнты, і для іх ­якасць — гэта выдатна вучыцца і разумець, што сёння адукацыя не на ўсё жыццё, а праз усё жыццё. І чым большымі кампетэнцыямі маладыя людзі будуць валодаць, тым больш якаснымі спецыялістамі яны будуць. Прыйшоўшы на работу ў арганізацыю ці ва ўстанову адукацыі, яны свае веды, уменні і навыкі будуць перадаваць маладому пакаленню.

Дарагія суайчыннікі! Прый­дзіце на выбарчы ўчастак у адзіны дзень галасавання і аддайце свой голас за мір, парадак і стабіль­насць у нашай краіне.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА